Рэспубліканская мастацкая галерэя, да 1991 года Палац мастацтва — мастацкая галерэя Беларускага саюза мастакоў, размешчаная ва ўласным будынку ў Мінску па адрасе вул. Казлова, 3.

Будынак Палац мастацтва пабудаваны ў 1973 г. па праекце архітэктараў С. Мусінскага і Н. Краўковай. Прызначаны для правядзення перыядычных персанальных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак. Прапагандуе выяўленчае мастацтва, арганізоўвае экскурсіі, кансультацыі, лекцыі, сустрэчы з мастакамі.

Архітэктура Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Пілоны падтрымліваюць галоўны верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай, верхняя мае стужачнае зашкленне і завершана высунутым карнізам. Галоўны ўваход размешчаны асіметрычна, вылучаны казырком і тэрасай з лесвіцай. У аздобе інтэр'ера выкарыстаны натуральны камень, дрэва, дэкаратыўная тынкоўка.

Палац мае тры выставачныя залы — жывапісу (плошча 1450 м²), графікі (плошча 670 м²) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (плошча 500 м²); вестыбюль з антрэсолямі (плошча 745 м2), якія таксама выкарыстоўваюцца для экспазіцый, канферэнц-залу на 100 месцаў, кафэ-бар. Дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі ў летні час з’яўляецца невялікі ўнутраны дворык з дэкаратыўнымі вадаёмамі і малымі архітэктурнымі формамі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Вуліца Казлова (Мінск) Катэгорыя:Выставачныя залы Мінска Катэгорыя:1973 год у Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Сяргея Мусінскага