Нарка́маўка (першапачаткова нарко́маўка) — неафіцыйная назва афіцыйна кадыфікаванай разнавіднасці беларускай літаратурнай мовы, гістарычна звязанай з нормамі, уведзенымі пасля рэформы беларускага правапісу 1933 года, і звычайна супрацьпастаўленай тарашкевіцы, або класічнаму правапісу.Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне? // Rozprawy Komisji Językowej. — 2018. — Т. 66. — С. 409—432. — DOI: 10.26485/RKJ/2018/66/24. Спачатку назва адносілася пераважна да двух розных арфаграфічных рэжымаў, але з часам стала ўжывацца шырэй — адносна комплексу правапісных, граматычных, арфаэпічных і часткова лексічных норм.
Назва не з’яўляецца афіцыйным тэрмінам кадыфікацыі беларускай мовы. У навуковай літаратуры яна можа ўжывацца як умоўнае найменне пры супастаўленні дзвюх нарматыўных традыцый, часта з пазнакай яе неафіцыйнага або ацэначнага характару.Півавар К. Беларуская мова як нацыянальна-культурны феномен: рэпрэзентацыя ў лінгвакультуралагічным слоўніку // Беларуская мова як замежная. — 2021. — № 5. — С. 30—35. — DOI: 10.32612/uw.bmz.2021.5.pp.30-35. У публіцыстыцы слова часта мае адмоўную канатацыю, звязаную з савецкім перыядам, палітызацыяй моўнай нормы і яе збліжэннем з рускай мовай.
Паходжанне назвы
Паводле Сяргея Запрудскага, назва наркомаўка была ўтворана ад скарачэнняў нарком або Саўнарком і адсылала да Савета Народных Камісараў БССР, пастановай якога 26 жніўня 1933 года былі зацверджаны «Змены і спрашчэнні беларускага правапісу».Запрудскі С. Варыянтнасць у беларускай літаратурнай мове // IV летні семінар беларускай мовы, літаратуры і культуры (5—19 ліпеня 1999 г.): Лекцыі. — Мінск, 1999. — С. 20—26.Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса: Пастанова Савета Народных Камісараў БССР. — Мінск, 1933. Такім чынам, непасрэдная этымалагічная сувязь слова — з савецкім найменнем дзяржаўных органаў і пасад, а не толькі з Народным камісарыятам асветы.
Запрудскі называў стваральнікам слова Вінцука Вячорку і адзначаў, што ацэначнасць наймення ўсведамлялася самім яго аўтарам. У друку Вячорка ўжываў форму наркомаўка не пазней за 1991 год: яна некалькі разоў сустракаецца ў яго артыкуле «Пішам тарашкевіцаю. 10 памятак беларускага правапісу», надрукаваным у першым нумары адноўленай газеты «Наша Ніва».Вячорка В. Пішам тарашкевіцаю. 10 памятак беларускага правапісу // Наша Ніва. — 1991. — № 1; перадрук: 1998. — № 18.
У пазнейшай афіцыйнай правапіснай традыцыі замацавалася форма нарка́маўка, тады як першапачатковы варыянт нарко́маўка працягвае сустракацца пры цытаванні тэкстаў пачатку 1990-х гадоў і ў працах пра гісторыю тэрміна.
Гістарычны кантэкст
Сам тэрмін наркамаўка не належыць да тэрміналогіі 1933 года і ўзнік праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля правапіснай рэформы. У 1930-я гады гаворка ішла пра «змены і спрашчэнні беларускага правапісу», «новы беларускі правапіс», а з 1934 года — пра кадыфікаваны Правапіс беларускай мовы.Правапіс беларускай мовы. — Мінск, 1934. — 43 с.
Рэформа 1933 года замацавала шэраг норм, распрацаваных беларускімі мовазнаўцамі ў 1920-я гады, але адначасова істотна адрознівалася ад акадэмічнага праекта 1930 года і была праведзена ва ўмовах радыкальнай змены дзяржаўнай нацыянальнай і культурнай палітыкі. У сучаснай беларускай мовазнаўчай літаратуры яе ацэньваюць як неадназначную з’яву: частка норм была вынікам папярэдняй навуковай распрацоўкі, але многія рашэнні былі абумоўлены пазалінгвістычнымі, палітычнымі і ідэалагічнымі меркаваннямі.Чахоўская Т. Л., Чахоўскі Г. К. Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія: тэарэтычны курс. — Мінск: БДУ, 2013. — 172 с. — ISBN 978-985-518-881-1.Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — ISBN 5-85700-126-9.
У Заходняй Беларусі і ў значнай частцы беларускага замежнага друку рэформа 1933 года не была прынята; там працягвалі ўжываць дарэформенную правапісную традыцыю і яе пазнейшыя мадыфікацыі. У выніку фактычна сфарміраваліся дзве нарматыўныя традыцыі беларускай літаратурнай мовы, адрозненні паміж якімі датычыліся не толькі арфаграфіі, але і асобных граматычных, арфаэпічных і лексічных норм.
Афіцыйная норма ў БССР пры гэтым не заставалася нязменным наборам правіл 1933 года. Пасля дыскусій 1930—1950-х гадоў частка норм была перагледжана пастановай Савета Міністраў БССР 1957 года; на яе аснове ў 1959 годзе былі выдадзены новыя Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Наступны этап кадыфікацыі звязаны з Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года і ўведзенымі ў дзеянне ў 2010 годзе.Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 420-З «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Таму прымяненне назвы наркамаўка да ўсіх этапаў афіцыйнай нормы пасля 1933 года мае ўмоўны характар.
Распаўсюджанне тэрміна
Актыўнае пашырэнне пары найменняў тарашкевіца — наркамаўка было звязана з аднаўленнем грамадскай дыскусіі пра беларускую моўную норму ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. У гэты час у беларускім незалежным друку зноў стала шырока выкарыстоўвацца дарэформенная правапісная традыцыя, а яе прыхільнікі пачалі супрацьпастаўляць яе афіцыйнай кадыфікацыі.Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. — Dissertation. — München: Ludwig-Maximilians-Universität München, 2020. — С. 59—60.
Артыкул Вінцука Вячоркі 1991 года стаў адным з ранніх шырока даступных публіцыстычных тэкстаў, у якім наркомаўка паслядоўна супрацьпастаўлялася тарашкевіцы. Ужо ў 1992 годзе абедзве назвы былі выкарыстаны Германам Бідэрам у нямецкамоўнай славістычнай літаратуры, хоць яшчэ толькі як найменні двух правапісных варыянтаў.
У незалежным беларускім друку 1990-х гадоў назва стала рэгулярна ўжывацца ў дыскусіях пра моўную норму, у тым ліку ў газетах «Наша Ніва», «Свабода», «Наша слова» і іншых выданнях.Шупа С. Да пытання рэформы беларускай літаратурнай нормы // Наша Ніва. — 1994. — № 4; Шупа С. Схізафрэнія // Наша Ніва. — 1999. — № 7; Дубавец С. Герой нашего времени // Свабода. — 1997. — № 36. У 1999 годзе Сяргей Запрудскі даў, відаць, першае разгорнутае мовазнаўчае тлумачэнне функцыянавання абедзвюх назваў.
Паводле Таццяны Рамзы, першапачаткова тарашкевіца і наркамаўка абазначалі перадусім розныя арфаграфічныя рэжымы, але з цягам часу іх значэнне пашырылася на ўсю нарматыўную сістэму мовы. У канцы 1990-х — 2000-я гады ў частцы даследаванняў пачалі гаварыць ужо пра два стандарты або два варыянты беларускай літаратурнай мовы, хоць межы паміж імі заставаліся рухомымі.
У XXI стагоддзі назва наркамаўка стала вядомым элементам беларускага моўнага дыскурсу і сустракаецца як у СМІ і інтэрнэт-камунікацыі, так і ў навуковых працах, прысвечаных беларускаму правапісу, моўнай палітыцы і варыянтнасці. У навуковым ужыванні, аднак, яна звычайна разглядаецца менавіта як ненейтральнае і неафіцыйнае найменне або як аб’ект аналізу моўнага дыскурсу, а не як нейтральны тэрмін мовазнаўства.
Ацэначнасць і крытыка тэрміна
Ацэначны характар
У супрацьпастаўленні тарашкевіца — наркамаўка назвы маюць розную словаўтваральную матывацыю: першая адсылае да прозвішча мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча, другая — да савецкага дзяржаўнага апарату. Гэта робіць другое найменне семантычна і ацэначна асіметрычным першаму. Паводле Запрудскага, слову наркомаўка ўласціва выразная ацэначнасць, прычым яе ўсведамляў сам Вінцук Вячорка.
У публіцыстыцы прыхільнікаў класічнага правапісу назва часта выкарыстоўвалася для падкрэслівання палітычнага характару рэформы 1933 года і яе арыентацыі на збліжэнне беларускай моўнай нормы з рускай. Кацярына Півавар адзначае, што слова можа мець адмоўныя асацыяцыі са «зрусіфікаванасцю» і «ідэалагізаванасцю», хоць адначасова яно зручнае як кароткае найменне пры размежаванні дзвюх правапісных традыцый.
У дыскурсалагічным даследаванні Алена Бажуткіна звярнула ўвагу, што ўвядзенне парных назваў тарашкевіца і наркамаўка не толькі найменавала ўжо існыя адрозненні, але і спрыяла ўспрыманню дзвюх традыцый як двух выразна аддзеленых аб’ектаў, паміж якімі карыстальніку мовы прапануецца выбар. Такім чынам, самі тэрміны сталі часткай сімвалічнага і ідэалагічнага супрацьпастаўлення моўных варыянтаў.
Крытыка назвы мовазнаўцамі і пісьменнікамі
Сяргей Запрудскі, адзначаючы ацэначнасць наркомаўкі, прапанаваў у якасці больш нейтральнай альтэрнатывы назву чарнушэвіца, утвораную ад прозвішча тагачаснага народнага камісара асветы БССР Аляксандра Чарнушэвіча, які ўдзельнічаў у правядзенні рэформы 1933 года.Фалей Я. Чарнушэвіч Аляксандр Анікеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск: БелЭн, 2003. — Т. 6, кн. 2. Гэта назва, аднак, сустракаецца значна радзей за наркамаўку.
Алесь Разанаў крытыкаваў само наданне беларускай мове падобнай мянушкі, лічачы яго зневажальным, і іранічна прапаноўваў замест наркамаўкі форму нармаванка. Для Разанава праблематычным быў і сам падзел беларускай мовы на дзве супрацьпастаўленыя «мовы»: ён звяртаў увагу на тое, што з’ява, якая павінна аб’ядноўваць носьбітаў беларускай мовы, у выніку становіцца падставай для іх размежавання.
Беларускі мовазнавец Аляксандр Лукашанец, які ўзначальваў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, у інтэрв’ю 2006 года прама заявіў, што не прымае ні назвы наркамаўка, ні назвы тарашкевіца.Аляксандр Лукашанец: «Не ведаю, ці забароняць „тарашкевіцу“…» // Наша Ніва. — 2006. У афіцыйных нарматыўных выданнях выкарыстоўваюцца назвы беларускі правапіс, правілы беларускай арфаграфіі, сучасная беларуская літаратурная мова і падобныя, без тэрміна наркамаўка.
Крытыка жорсткага проціпастаўлення двух стандартаў
Таццяна Рамза на матэрыяле беларускіх акадэмічных граматык 1957—2007 гадоў паказала, што шэраг граматычных форм, якія ў публіцыстычным або прэскрыптыўным апісанні замацоўваюцца выключна за тарашкевіцай, фактычна фіксаваліся ў акадэмічных выданнях як паралельныя або стылістычна маркіраваныя варыянты. Таму строгае проціпастаўленне дзвюх сістэм на граматычным узроўні не заўсёды адпавядае рэальнай гісторыі беларускай літаратурнай нормы.
Рамза адзначае, што калі пад тарашкевіцай разумець непасрэдна нормы граматык самога Тарашкевіча, то сістэмнае граматычнае процістаянне з акадэмічнай нормай значна меншае, чым гэта часам падаецца ў схемах двух стандартаў. У рэальным маўленні і пісьме нормы абедзвюх традыцый таксама могуць узаемадзейнічаць; у даследаваннях XXI стагоддзя беларуская літаратурная практыка часам апісваецца не як дзве цалкам ізаляваныя сістэмы, а як кантынуум варыянтаў.
Іншыя найменні
У мовазнаўчай літаратуры для апісання двух варыянтаў беларускай літаратурнай мовы выкарыстоўваліся розныя пары тэрмінаў. Аркадзь Жураўскі ў 1970-я гады гаварыў пра ўсходнебеларускі і заходнебеларускі варыянты; пазней ужываліся таксама проціпастаўленні дарэформенны — парэформенны, неафіцыйны — афіцыйны, альтэрнатыўны — кадыфікаваны, класічны — афіцыйны і іншыя.
Для сучаснай нормы найбольш нейтральнымі ў энцыклапедычным або навуковым кантэксце з’яўляюцца апісальныя найменні афіцыйны правапіс, афіцыйная правапісная норма, кадыфікаваны правапіс або, калі гаворка ідзе пра пэўны гістарычны этап, парэформенны правапіс. Назва акадэмічная норма таксама сустракаецца ў літаратуры, асабліва ў дачыненні да граматык і слоўнікаў, падрыхтаваных установамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Крыніцы
Літаратура
Бажуткіна А. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. — München: Ludwig-Maximilians-Universität München, 2020. Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — ISBN 5-85700-126-9. Вячорка В. Пішам тарашкевіцаю. 10 памятак беларускага правапісу // Наша Ніва. — 1991. — № 1. Запрудскі С. Варыянтнасць у беларускай літаратурнай мове // IV летні семінар беларускай мовы, літаратуры і культуры (5—19 ліпеня 1999 г.): Лекцыі. — Мінск, 1999. — С. 20—26. Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы // Мова і соцыум. — Мінск, 2004. Лыч Л. Моўная рэформа 1933 года. Ідэалагічны аспект. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993.