Андрэй Уладзіміравіч Савіных (нар. , Мінск) — беларускі палітык, дыпламат.

Біяграфія У 1979—1984 гадах вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў, магістр лінгвістычных навук. У 1988—1990 гадах вучыўся ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, магістр бізнес-адміністравання. 2011 год — Брытанскі інстытут сертыфікаваных менеджараў, дыплом у сферы фінансавага менеджменту і фінансавага аналізу.

У 1984—1985 гадах працаваў перакладчыкам у Галоўным упраўленні геадэзіі і картаграфіі (Мінск). У 1985—1990 гадах працаваў у моладзевых грамадскіх арганізацыях. У 1990—1993 гадах — загадчык аддзела, Беларуская асацыяцыя міжнароднага супрацоўніцтва «Будучыня». У 1993—1997 гадах — спецыяліст II катэгорыі, трэці сакратар, другі сакратар, першы сакратар упраўлення навукова-тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Рэспублікі Беларусь. У 1997—2001 гадах — першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Нідэрландаў. У 2001—2005 гадах — намеснік начальніка, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Рэспублікі Беларусь. У 2005—2010 гадах — намеснік Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У 2010—2013 гадах — начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Рэспублікі Беларусь.

Са снежня 2013 года і да 12 верасня 2019 года — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы, а таксама ў Іраку па сумяшчальніцтве.

На парламенцкіх выбарах 2019 года абраны дэпутатам у Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 7-га склікання.

Погляды і выказванні У канцы кастрычніка 2021 года Андрэй Савіных у эфіры YouTube-канала «Главный. Тур» заявіў, што «На Захадзе насамрэч няма дэмакратыі, а ў Беларусі ў рэальным сваім сэнсе яна прысутнічае». Нягледзячы на гэта, яго дачка вучылася і жыве ў Вялікабрытаніі.

4 лістапада 2021 года заявіў: «І дэ-факта, і дэ-юрэ Крым даўно быў прызнаны расійскім беларускім бокам… <…> І для нас Крым, скажам так, і месяц таму быў неад’емнай часткай Расійскай Федэрацыі».

Міжнародныя санкцыі 24 верасня 2020 года Сейм Літвы ўключыў Андрэя Савіных у спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Літвы. Гэта рашэнне было прынята ў адказ на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў.

Катэгорыя:Дыпламаты Беларусі Катэгорыя:Паслы Беларусі ў Турцыі Катэгорыя:Паслы Беларусі ў Іраку Катэгорыя:Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання