Міхаі́л Іва́навіч Баска́каў () — савецкі і беларускі дзяржаўны дзеяч, Міністр дзяржаўнай бяспекі БССР (1952—1953), Міністр унутраных спраў БССР (1953—1958).

Біяграфія Нарадзіўся 21 лістапада 1905 года ў Маскве. Рускі.

У 1933 годзе скончыў факультэт знешняга гандлю Маскоўскага інстытута ўсходазнаўства пры ЦВК СССР. Працоўную дзейнасць пачаў у 1918 годзе вучнем слесара, выбіраўся старшынёй сельсавета Увараўскага раёна, членам праўлення і загадчыкам сыравіннага аддзела Івакінскага сельскагаспадарчага таварыства Маскоўскай вобласці.

Праходзіў ваенную службу ў радах Чырвонай Арміі. З 1928 года на камсамольскай і партыйнай рабоце — інструктар і прадстаўнік МК УЛКСМ у Маскрэдытпрамсаюзе, сакратар ячэйкі ВКП(б) Масаблдруксаюза (Масква).

У органах дзяржбяспекі з 1933 года. Службу пачаў супрацоўнікам цэнтральнага апарату АДПУ пры СНК СССР (з 1934 года — НКУС). У 1938 годзе назначаны намеснікам Народнага камісара, затым - Народным камісарам унутраных спраў Карэла-Фінскай ССР, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў адным з кіраўнікоў Рэспубліканскага штаба партызанскага руху. У 1943 годзе — начальнік УНКДБ СССР па Горкаўскай вобласці, затым у 1946 годзе — міністр дзяржбяспекі Узбекскай ССР, а ў 1951 годзе — начальнік УМДБ СССР па Хабараўскім краі.

З лютага 1952 года па 16 сакавіка 1953 года — Міністр дзяржаўнай бяспекі БССР, а з 21 ліпеня 1953 года — Міністр унутраных спраў БССР. Выбіраўся членам Бюро ЦК КП(б) Карэла-Фінскай ССР Узбекістана і Беларусі, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, дэлегатам XX з’езда КП(б) Беларусі і XIX з’езда УКП(б).

Звольнены ў адстаўку з-за хваробы ў лютым 1958 года.

Памёр 18 кастрычніка 1968 года ў Маскве. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Узнагароды Узнагароджаны ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, «За абарону Савецкага Запаляр’я» і інш.

Літаратура Баскаков М. И. // Петров Н. В., Скоркин К. В. Кто руководил НКВД, 1934—1941 : справочник / Под ред. Н. Г. Охотина и А. Б. Рогинского. — М.: Звенья, 1999. — 502 с. — 3000 экз. — ISBN 5-7870-0032-3.

Катэгорыя:Ганаровыя супрацоўнікі дзяржбяспекі Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР 2-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР 3-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР 4-га склікання Катэгорыя:Дэлегаты XVIII з’езда УКП(б) Катэгорыя:Дэлегаты XIX з’езда КПСС Катэгорыя:Дэлегаты XX з’езда КПСС