Уладзі́мір Мікала́евіч Вішне́ўскі (нар. , Балотчыцы, Слуцкі раён) — беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, скульптар, педагог.
Біяграфія 1966—1973 — вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. 1976 — пачаў браць удзел у мастацкіх выстаўках. 1979 — скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Настаўнікамі яго былі Пётр Свентахоўскі і Васіль Шаранговіч. З’яўляецца выдатным майстрам станковай і кніжнай графікі, працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы. 1988 — уступіў у Беларускі саюз мастакоў. 1995 — атрымаў званне акадэміка графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. 1996 — стаў загадчыкам кафедры графікі факультэта выяўленчага мастацтва БДАМ
Творы Мастацтвазнавец Ігар Ціткоўскі так характарызуе творчасць мастака:
Адна з галоўных тэм, што прасочваецца ў творчасці Уладзіміра Вішнеўскага — барацьба дабра і зла. Менавіта раскрыццё гэтай тэмы надае яго кампазіцыям пачуццё дынамікі, унутранай напружанасці і драматызму.
Сюжэты іх звычайна патрабуюць філасофскага, неадназначнага прачытання. Мастак карыстаецца мовай сімвалаў і алегорый, спалучае рэалістычную манеру з гратэскам. Кампазіцыі будуюцца на кантрастных супрацьпастаўленнях светлага і цёмнага, блізкага і дальняга планаў, ракурсаў. Абраная мастаком тэма звычайна раскрываецца ў серыях графічных лістоў. Сярод іх — серыі «Птушкаловы» (каляровы афорт, 1983), «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека» (1987), «Туга страчанага сусвету» (тэмпера, 1983).
Уладзімір Вішнеўскі з’яўляецца аўтарам ілюстрацый да кніг Уладзіміра Ягоўдзіка «Янка і ружа» (1992) і «Ці вернецца князь Кук?» (1993).
Аформіў кніжныя выданні Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Алеся Разанава, Максіма Лужаніна, Фёдара Дастаеўскага, Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
За ілюстрацыі кніг «Вянок беларускіх народных песень» (Мн. 1988) і «Палата кнігапісная» Міколы Нікалаева (Мн. 1993) атрымаў дыпломы беларускіх рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у прыватных зборах Беларусі і замежжа.
Выстаўкі 1990 — 1-я біенале графікі ў Калінінградзе, Расія 1991 — «Bieł Art. Панарама беларускага мастацтва», Варшава, Польшча 1996 — «Эстамп 96», Мінск «Сучасная беларуская графіка» (Цюрых, Швейцарыя) 2015 — «Будаўніцтва чалавека», Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, МінскМузей сучаснага выяўленчага мастацтва
Крыніцы
Спасылкі Вішнеўскі Уладзімір Мікалаевіч Алеся Белявец. «Мяжа паміж святлом і небыццём. Мастак Уладзімір Вішнеўскі аб прамоўленым і ўвасобленым».
Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускага саюза мастакоў Катэгорыя:Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Мастакі XX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі XXI стагоддзя