Камуністы́чная па́ртыя Белару́сі (скар. КПБ) — камуністычная партыя на тэрыторыі Беларусі ў 1918—1991 гадах, складовая частка спачатку Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП(б)), потым Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). У 1918—1952 гадах называлася Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б). Фактычна спыніла існаванне ў жніўні 1991 года пасля прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь Пастановы «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Перадгісторыя Ідэя стварэння Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі зарадзілася на канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), якая праходзіла ў Маскве 21 — 23 снежня 1918 г.. На канферэнцыі прысутнічалі дэлегаты Маскоўскай, Петраградскай, Саратаўскай, Тамбоўскай, Мінскай і Невельскай секцый, якія прадстаўлялі амаль тысячу камуністаў-беларусаў. Канферэнцыя абрала выканаўчы орган — Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных секцый на чале са Зміцерам Жылуновічам.
Стварэнне партыі Арганізацыйна партыя аформілася на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) 30 — 31 снежня 1918 ў Смаленску, якая абвясціла сябе першым і ўстаноўчым з’ездам партыі. Гэтаму папярэднічалі палітычныя падзеі, якія стваралі прынцыпова новую геапалітычную сітуацыю для РКП(б) як кіруючай партыі Савецкай Расіі: абвяшчэнне незалежнасці Польшчы, Фінляндыі, БНР і іншых нацыянальных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, рэвалюцыя 1918 у Германіі, арыентацыя на сусветную пралетарскую рэвалюцыю і інш. Арганізатар і кіраўнік РКП(б) У. Ленін разумеў важнасць падтрымкі палітыкі бальшавікоў з боку тых палітычных сіл, якія выступалі за нацыянальнае адраджэнне.
Дырэктыва Наркамнаца РСФСР ад 27 снежня 1918 г. вызначыла асноўныя прынцыпы партыйна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі. Паводле яе старшыня Цэнтральнага Бюро КП(б)Б або ЦК КП(б)Б павінен быў адначасова з’яўляцца прадстаўніком ЦК РКП(б) і ўрада Расійскай Федэрацыі ў беларускіх органах улады. Правы і абавязкі ЦБ КП(б)Б і ўрада Беларусі заставаліся такімі ж, як і ў былога Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Гэта азначала поўную залежнасць ад ЦК РКП(б) і ўрада Савецкай Расіі. 29 снежня 1918 г. І.Сталін паведамляў старшыні Аблвыкамзаха А. Мяснікову, што «сёння выязджаюць у Смаленск беларусы (дэлегаты ад Беларускіх секцый РКП(б). Вязуць з сабой Маніфест. Просьба ЦК партыі і У. Леніна прыняць іх, як малодшых братоў, магчыма яшчэ нявопытных, але гатовых аддаць сваё жыццё партыйнай савецкай рабоце». Хоць кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) не падзяляла ідэю Белнацкома і Беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні Кампартыі Беларусі і абвяшчэнні Беларусі Сацыялістычнай Савецкай Рабоча-Сялянскай Рэспублікай, яно падпарадкавалася ўказанням цэнтра. 30 снежня 1918 г. у Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). 206 яе дэлегатаў прадстаўлялі 17771 камуніста ад партыйных арганізацый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Смаленскай, беларускіх партыйных арганізацый Віленскай і Чарнігаўскай губерняў. Па прапанове Мяснікова Канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі». У рашэннях I з’езда падкрэслівалася, што работу ўсіх партыйных арганізацый узначальвае ЦБ, якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». У «Палажэнні аб партыйных арганізацыях» вызначаліся агульныя палажэнні, схема арганізацый, палажэнні аб фракцыях, «Інструкцыя для работ раённага і падраённага камітэтаў», абавязкі камуніста. Яно ўяўляла сабой спалучэнне асноўных праграмных і статутных палажэнняў РКП(б). У «Інструкцыі» падкрэслівалася, што «ячэйкі не з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, не павінны непасрэдна ўмешвацца ў работу Саветаў і іх устаноў, а толькі ў сілу партыйнай дысцыпліны дзейнічаць цераз сваіх членаў, якія працуюць у савецкіх органах, і толькі такім чынам кіруюць іх работай». Аднак на справе прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму не заўсёды выконваліся і ўся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася ўказаннямі цэнтральных органаў і кіраўнікоў РКП(б).
На I з’ездзе КП(б)Б і пасля яго працягвалася барацьба за кіраўніцтва ў партыйных і дзяржаўных органах паміж дзеячамі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта і Беларускіх секцый РКП(б). Пры падтрымцы ЦК РКП(б) перамогу атрымалі кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта. 3 15 членаў ЦБ толькі З. Жылуновіч і І. Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі. Старшынёй ЦБ КП(б)Б быў выбраны В. Кнорын. Цэнтральным друкаваным органам партыі стала газета «Звязда».
Адным з галоўных на I з’ездзе было пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. У ЦК быў падрыхтаваны Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», абвешчаны на з’ездзе. У прынятай на з’ездзе рэзалюцыі «Аб граніцах Беларускай Рэспублікі» называліся населеныя беларусамі тэрыторыі, якія павінны былі ўвайсці ў склад рэспублікі. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах тэрыторыя Беларусі падзялялася на 7 раёнаў (Баранавіцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Мінскі, Смаленскі) і 53 падраёны (паветы). У адпаведнасці з такім падзелам будавалася і структура партыйных органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія партыйныя ячэйкі. Адначасова з КП(б)Б ствараўся і камсамол рэспублікі — арганізацыя, праз якую моладзь далучалася да сферы партыйна-палітычнага і ідэалагічнага ўплыву, набывала вопыт арганізацыйнай работы і потым папаўняла рады кампартыі. Галоўным у дзейнасці Кампартыі Беларусі заставаліся пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, умацавання і абароны савецкай улады. Рашэнні I з’езда КП(б)Б і асабліва абвяшчэнне 1 студзеня 1919 г. Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай рэспублікі выклікалі ў насельніцтва і беларускіх камуністаў пачуццё энтузіязму, надзеі на далейшае развіццё і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці.
Пачалася падрыхтоўка да І Усебеларускага з’езда Саветаў, які павінен быў надаць законнасць партыйным рашэнням. На мітынгах і сходах прымаліся рэзалюцыі аб даверы партыі бальшавікоў і падтрымцы савецкай улады. У студзені 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР заставаліся Віцебская і Магілёўская губерняў. Спробы членаў ЦБ КП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да У. Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. Гэта рашэнне ЦК РКП(б) зацвердзіў I Усебеларускі з’езд Саветаў (2-3 сакавіка 1919 г.). На з’ездзе была прынята Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, выбраны Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР).
Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі
Па прапанове старшыні УЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я. Свярдлова з’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні Літвы і Беларусі ў адзіную рэспубліку. 28 лютага 1919 г. у Вільні на першым пасяджэнні ЦБ КП(б)Б і ЦК Кампартыі Літвы была вызначана яе назва — «Сацыялістычная савецкая рэспубліка Літвы і Беларусі» (Літбел), назва і склад урада, сцяг, герб. На аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літвы і Беларусі (27 лютага 1919 г.) створаны ўрад Літбела на чале з В. Міцкевічам-Капсукасам. 4 — 6 сакавіка 1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі (ІІ з’езд КП(б)Б). Старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ) з’езд выбраў Міцкевіча-Капсукаса, сакратаром — Кнорына. Сярод 15 членаў Цэнтральнага Камітэта КП(б)ЛіБ (Прэзідыум: Вінцас Міцкявічус-Капсукас — старшыня, З. Ангарэціс, В. Багуцкі, Я. Далецкі, С. Іваноў, М. Калмановіч, В. Кнорыньш (сакратар), А. Мяснікоў, І. Уншліхт, К. Цыхоўскі, В. Яркін і інш.) не было ніводнага беларуса. Беларускіх камуністаў прадстаўлялі былыя кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б). Кіраўніцтва партыйнымі арганізацыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губернскі камітэт КП(б)ЛіБ.
Шмат увагі аддавалася пытанням ваеннага будаўніцтва. Неаднаразова праводзіліся партыйныя мабілізацыі на франты грамадзянскай вайны. Члены КП(б)Б, потым КП(б)ЛіБ разам з беларускімі эсэрамі, прадстаўнікамі іншых партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. 1 студзеня 1920 г. ініцыятыўная група арганізацыі «Маладая Беларусь» (У. Ігнатоўскі, А. Сташэўскі, У. Каранеўскі, М. Кудзелька (М. Чарот) і інш.) стварылі арганізацыйны цэнтр Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), якая заявіла аб прызнанні праграмы і тактыкі РКП(б). Хоць БКА актыўна ўключылася ў антыпольскую барацьбу, кіраўніцтва ЦК КП(б)ЛіБ адносілася да яе насцярожана. У жніўні 1920 г. БКА увайшла ў склад КП(б)ЛіБ.
Кампартыя Беларусі ў міжваенны перыяд (1920—1941) 3 абвяшчэннем незалежнасці Літвы (май 1920 г.) і заключэннем мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12 ліпеня 1920 г.) Літбел фактычна перастала існаваць. 31 ліпеня 1920 на пасяджэнні ЦК КП(б)ЛіБ, БКА, Бунда, членаў ЦК прафсаюзаў і Мінскага губернскага ВРК прынята новая Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЦК РКП(б), 5 верасня 1920 г. ЦК КП(б)ЛіБ прыняў пастанову аб стварэнні самастойных кампартый (бальшавікоў) Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясцовых партыйных органаў.
III з’езд КП(б)Б (22 — 26 лістапада 1920 г. і ўсе наступныя праходзілі ў Мінску) указаў на неабходнасць «шырока развіць лозунг „арабочвання“ і „асяляньвання“ ўсіх нашых арганізацый», умацавання дыктатуры пралетарыяту і самой партыі; адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». Цэнтральныя дзяржаўныя органы БССР падпарадкоўваліся адпаведным камісарыятам РСФСР. Дыскусія аб прафсаюзах, якая пачалася таксама і ў КП(б)Б восенню 1920, выклікала рознагалоссі ў многіх партыйных і савецкіх органах. Мінскія гарадскія і павятовыя партыйныя канферэнцыі (канец студзеня-люты 1921), IV з’езд КП(б)Б (25 лютага-2 сакавіка 1921) падтрымалі ленінскую платформу «дзесяці» па гэтым пытанні. З’езд прыняў шэраг рэзалюцый. У «Тэзісах аб Галоўпалітасвеце і агітацыйна-прапагандысцкай рабоце» падкрэслівалася неабходнасць стварыць сістэму «дзяржаўнай прапаганды камунізму», а органы, якія вядуць гэту работу, «павінны знаходзіцца пад больш блізкім і непасрэдным кіраўніцтвам партыі, па сутнасці, з’яўляецца чыста партыйнымі органамі…» На X з’ездзе РКП(б) (8-16 сакавіка 1921) У. Леніну і яго прыхільнікам удалося правесці рашэнне аб замене палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп), умацаваць давер да бальшавікоў, у т. л. на Беларусі.
24 сакавіка 1921 ЦБ КП(б)Б заслухала пытанне «Аб справаздачах аб рабоце X з’езда партыі», адзначыла неабходнасць барацьбы з вялікадзяржаўным шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам. Пачалася актыўная прапаганда матэрыялаў з’езда, перабудова работы партыйных і савецкіх органаў рэспублікі. У рашэнні ЦБ «Аб становішчы ў Ігуменскай і Мазырскай арганізацыі» ад 12 красавіка 1921 адзначалася недастатковая сувязь з рабочымі, указвалася на неабходнасць выбіраць іх у кіруючыя партыйныя, савецкія і прафсаюзныя органы. Ствараліся партыйныя ячэйкі на прадпрыемствах, транспарце, у вайсковых часцях, навучальных установах. Слабай заставалася партыйная работа сярод сялянства.