Чырвоны Бор — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах Віцебскай вобласці. Заснаваны ў 1997 для аховы ўнікальных прыродных ландшафтаў і экасістэм. Плошча заказніка складае 34 231 га.
Ландшафт мае рысы апошняга Паазерскага зледзянення. Рэльеф моцна расчлянёны, шмат азёр, забалочаных нізін і западзін, вярховых балот, марэнных узгоркаў і град.
У расліннасці дамінуюць хвойнікі імшыстыя і верасова-бруснічныя, ельнікі і вытворныя бярэзнікі, асіннікі кісліцавыя; бязлесныя, вярховыя сфагнавыя балоты і інш. У Чырвонай кнізе 13 відаў раслін, у т.л. палушнік азёрны, лабелія Дортмана, нітэлопсіс прытуплены, бяроза карлікавая, шпажнік чарапіцавы, лінея паўночная, марошка прысадзістая і інш. Найбольш поўны комплекс дэндрафільных і водна-балотных відаў жывёл. У Чырвонай кнізе — буры мядзведзь, рысь звычайная, беркут, арлан-белахвост, скапа, курапатка белая, чорны бусел, даўгахвостая кугакаўка, касманогі сыч, сярэдні кулон, залацісты сявец, чорнаваллёвая гагара, крахаль вялікі і інш.
Нягледзячы на вялізную плошчу, тэрыторыя заказніка амаль не мае населеных пунктаў. Сярод выключэнняў: вёскі Валясы (на поўначы), Роўнае Поле (на поўдні) і Галяшы (на ўсходе), а таксама хутар Красны Бор.
Літаратура
Спасылкі Заказнік «Чырвоны Бор» на сайце ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Козорез А. И. Подошвелев Д. А. Климец Д. А. Бурштын В. Н. Кормовая ёмкость и возможность восстановления мегафауны в природном комплексе «Красный Бор»
Катэгорыя:Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:Расонскі раён Катэгорыя:Верхнядзвінскі раён Катэгорыя:З’явіліся ў 1997 годзе