Мікалай Васілевіч Бірыла (, в. Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці — ) — беларускі мовазнавец. Акадэмік НАН Беларусі (1977; член-карэспандэнт з 1972), доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Біяграфія У час 2-ой сусветнай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху ў Беларусі. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1947). У 1947—1953 малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, у 1953—1955 — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1956—1958 — прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1959 — загадчык сектараў тэрміналогіі, сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР. З 1977 адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара, у 1982—1992 — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі, з 1992 — саветнік пры Прэзідыуме АН Беларусі.
У 1982—92 быў галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук».
Навуковая дзейнасць
Асноўныя навуковыя працы па пытаннях беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы. Ім створаны цыкл работ, прысвечаных праблемам беларускай і славянскай анамастыкі..
У галіне дыялекталогіі яго ўвагу прыцягвала лінгвагеаграфія. Удзельнічаў у падрыхтоўцы комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). Адзін з сааўтараў і рэдактараў шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы» (т. 1, 1992).
3 1958 адзін з выканаўцаў і кіраўнікоў лінгвагеаграфічнай працы «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (АЛА), якая выконваецца міжнародным калектывам. Першыя выпускі АЛА апублікаваны ў 1988. Пры распрацоўцы дыялекталагічнай тэматыкі шмат увагі аддаў даследаванню фанетыкі беларускіх народных гаворак, у прыватнасці націскнога вакалізму, вынікаў пераходу е ў ё(о), рэфлексаў агульнаславянскіх о, ъ, е, ь, этымалагічна мяккіх губных, парных па цвёрдасці — мяккасці д — дэ(д'), т — ц(т') і інш. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964).
У «Курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (у сааўтарстве; 1961), манаграфіях «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986), «Беларуская граматыка» (у суаўтарстве; ч. 1—2, 1985—86), у радзе артыкулаў даследаваў пытанні фанетыкі, арфаэпіі, акцэнтуацыі.
Шмат увагі аддаў лексікаграфіі. Яго артыкул «Да пытання аб тыпе і прынцыпах укладання беларускіх абласных слоўнікаў» (Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР. 1958. Вып. 5) значна паўплываў на развіццё рэгіянальнай лексікаграфіі ў рэспубліцы. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (разам з А. Абрэмбскай-Яблонскай; Варшава, 1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (Мн., 1970), слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скоп’е, 1983), «Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (Мн., 1987).
М. В. Бірыла быў заснавальнікам новага ў беларускім мовазнаўстве кірунку — анамастыкі. Ён аўтар трохтомнай манаграфіі «Беларуская антрапанімія»: т. 1 — «Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы» (1966), т. 2 — «Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (1969), т. 3 — «Структура ўласных мужчынскіх імён» (1982). У апошнія гады жыцця даследчык працаваў над чацвёртым томам «Беларускай антрапаніміі» (уласныя асабовыя жаночыя імёны), «Слоўнікам беларускіх прозвішчаў», «Анамастыконам Вялікага княства Літоўскага XVI ст.». У гэтых і шэрагу іншых работ даследаваў лексічны склад, структуру і ўтваральную базу сучасных беларускіх прозвішчаў, эмацыянальна-ацэначныя формы як сучасных уласных асабовых імён, так і імён 16—18 ст., сучасную беларускую антрапанімічную сістэму і працэс яе фарміравання, тыпалогію славянскіх прозвішчаў, узаемасувязі беларускай антрапаніміі з антрапаніміяй рускай, украінскай, польскай і літоўскай моў. 3 дакладамі па анамастычнай праблематыцы выступаў на V—VII і IX Міжнародных з’ездах славістаў.
Апублікаваў больш як 110 навуковых прац, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў.
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1976), медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі.
Выбраная бібліяграфія
Бірыла М. В. Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай). Мінск, 1963. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мінск, 1966. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораные ад апелятыўнай лексікі. Мінск, 1969. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 3. Структура ўласных мужчынскіх імен. Мінск, 1982. Бірыла М. В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мінск, 1986. Бірыла М. В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў. Мінск, 1988. Бірыла М. В. Слоўнік націску ў беларускай мове. Мінск, 1992. Бірыла М. В., Ванагас А. П. Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы. Мінск, 1968. Бірыла М. В., Лемцюгова В. П. Анамастычныя словоўтваральныя элементы на ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. (Адантрапанімічныя айконімы). Мінск, 1973. Бирилло Н. В., Булахов М. Г., Судник М. Р. Белорусский язык // Языки народов СССР, т. 1. М., 1966.
Літаратура Падлужны А.I. Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння) // Известия НАН Беларуси. Серия гуманит. наук. 2003. № 3.
Спасылкі Мікалай Васілевіч Бірыла ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
Катэгорыя:Мовазнаўцы СССР Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі