Коста-Рыка, Рэспубліка Коста-Рыка () — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, мяжуе з Нікарагуа на поўначы і з Панамай на паўднёвым усходзе, на захадзе і поўдні абмываецца Ціхім акіянам, а на ўсходзе — Карыбскім морам. Дзяржаўная мова — іспанская. Сталіца — горад Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (15 верасня).
Нягледзячы на супольныя рысы прыроды, гісторыі і насельніцтва, Коста-Рыка вельмі моцна вылучаецца з усіх дзяржаў Цэнтральнай Амерыкі: тут амаль не засталося індзейскай спадчыны і пераважае белае насельніцва; вялікія выдаткі на адкукацыю і ахаву здароўя; нізкі ўзровень злачыннасці; эканоміка разнастайная, экалагічная і не залежыць ад экспарту сыравіны ці афшорнай дзейнасці. Коста-Рыка не спазнала ні спусташальных грамадзянскіх войнаў, ані жорсткіх дыктатарскіх рэжымаў, ані бясконцых дзяржаўных пераваротаў. Коста-Рыка з’яўляецца адзінай ва ўсёй Амерыцы нейтральнай дзяржавай, якая яшчэ ў 1948 годзе цалкам адмовілася ад выкарыстання войска. Коста-Рыка вядомая як «краіна-запаведнік» — 27 % плошчы адведзена пад прыродаахоўныя тэрыторыі.
Тым не менш, за акіянам Коста-Рыка застаецца вядомай у першую чаргу як экспарцёр бананаў. Футбольная зборная Коста-Рыкі сваімі поспехамі ў 2010-х таксама дае нагоду ўзгадаць гэтую краіну.
Этымалогія У перакладзе з іспанскай — «багаты бераг».
Геаграфічнае становішча Мяжуе з Нікарагуа на поўначы і з Панамай на паўднёвым усходзе, на захадзе і поўдні абмываецца Ціхім акіянам, а на ўсходзе — Карыбскім морам. Карыбскае ўзбярэжжа роўнае, Ціхаакіянскае — зрэзанае, са шматлікімі паўастравамі, буйным залівам Каранада і трыма дробнымі залівамі. У Ціхім акіяне дзяржаве належыць бязлюдны востраў Какос (24 км²).
Прырода
Большую частку краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтральнае плато (Цэнтральная Месета) вышынёй 900—1200 метраў з урадлівымі глебамі. Знакаміты сваёй ідэальнай канічнай формай вулкан Арэнал (1670 м). На паўднёвым захадзе плато абмежавана хрыбтом Кардыльера-дэ-Таламанка з найвышэйшым пунктам краіны — гарой Чырыпа (3820 м). На поўначы і ўзбярэжжах — нізіна. Нярэдка здараюцца разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невялікія радовішчы жалезнай, меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, срэбра і золата.
Клімат субэкватарыяльны, ападкі прыносяць пасаты, што дзьмуць з Карыбскага мора. На нізінах сярэднямесячныя тэмпературы 23-25 °C, на плато 19-20 °C. Ападкаў на ўсходзе, на наветраных схілах, да 3000 мм за год; на захадзе 1000—1500 мм. Сухі сезон доўжыцца з лістапада па красавік.
Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найбуйнейшы водны аб’ект — штучнае возера Арэналь.
На ўсходніх узбярэжжах — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на заходнім — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых раслін. Коста-Рыка вядомая як «краіна-запаведнік» — 27 % краіны адведзена пад прыродаахоўныя тэрыторыі. Нацыянальныя паркі Каркавада, Брауліа-Карыльё, Чырыпа. Нацыянальны парк Ла-Амістад каля Панамскай мяжы быў заснаваны ў 1950-х мужам і жонкай Весберг са Швецыі.
У склад краіны ўваходзіць бязлюдны вулканічны востраў Какос, у 2002 годзе ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя
Са старажытнасці гэтую тэрыторыю насялялі уэтары — індзейскі народ, што цалкам знік у выніку Канкісты. У 1502 годзе ўсходні бераг быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам, ад яго ж краіна атрымала назву; з 1513 года пачалося заваяванне краіны іспанцамі. Цэнтрам калоніі стаў горад Картаго (1563 год заснавання). У 1560 годзе ўключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Вільготны трапічны клімат і бедная на золата, насуперак назве, зямля не зрабілі «багаты бераг» прывабным для каланізатараў. У Коста-Рыцы не сфармавалася плантацыйнай гаспадаркі, таму і ў чарнаскурых рабах не было патрэбы.
Да незалежнасці костарыканцы не імкнуліся зусім і даведаліся пра яе праз два месяцы пасля дэкрэта 15 верасня 1821 года, калі з Гватэмалы да Коста-Рыкі даскакаў ганец з актам аб незалежнасці калоній. У 1822 годзе Коста-Рыка далучылася да мексіканскай імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 годзе ўвайшла ў федэрацыю Злучаных Правінцый Цэнтральнай Амерыкі; сталіцай Коста-Рыкі стаў горад Сан-Хасэ. У 1825 годзе была прынята першая канстытуцыя. У 1838 годзе федэрацыя распалася, і Коста-Рыка вылучылася ў самастойную дзяржаву. У 1850-я гады пачалася вытворчасць кавы і бананаў на экспарт. У 1868—1870 гадах пабудавана чыгунка, якая злучыла два акіяны. У пачатку XX стагоддзя амерыканская кампанія «Юнайтэд Фрут» пачала экспансію ў Коста-Рыку, ператварыўшы краіну ў «бананавую рэспубліку». У другой палове XX стагоддзя Коста-Рыка — адзін з верных «авіяносцаў» ЗША ў рэгіёне. Тым больш засмучальным для ЗША стала аднаўленне адносін Коста-Рыкі з Кубай.
Дзяржаўны лад
Коста-Рыка — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949 года. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады.
Вышэйшы заканадаўчы орган — Заканадаўчая асамблея Коста-Рыкі (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы. якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясцовага кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд, якому належыць і права канстытуцыйнага нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясцовыя суды.
Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў чэрвені 1992 года.
Адміністрацыйны падзел
Коста-Рыка падзяляецца на 7 правінцый: Алахуэла Картага Гуанакастэ Эрэдыя Лімон Пунтарэнас Сан-Хасэ
Правінцыі падзеленыя на кантоны і раёны. Кантонаў — 81, раёнаў — 470.Афіцыйны спіс Міністэрства Інфраструктуры
Насельніцтва Прырост насельніцтва — 1,2 % (2017). Краіна з’яўляецца рэгіянальным цэнтрам прыцягнення мігрантаў.
Насельніцтва пераважна белае (65 %). Метысы складаюць 13,6 %. Мулаты і негры (разам каля 8 %) пражываюць на ўсходнім узбярэжжы і ў гарадах, часткова гавораць па-ангельску. Дастаткова нерэлігійнае насельніцтва: каталікі складаюць 45 %, пратэстанты — 15 %; пры гэтым Коста-Рыка — адзіная несекулярызаваная амерыканская дзяржава (канстытуцыя 1949 года зацвердзіла каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі).
Большая частка насельніцтва пражывае на цэнтральным плато. Найбуйнейшыя гарады — Сан-Хасэ (333 тысячы ў 2015), Лімон, Алахуэла.
Высокі ўзровень Індэкса чалавечага развіцця (0,776). Расходы на адукацыю — 7 % ВУП (адны з самых высокіх у свеце).
Эканоміка
Грашовая адзінка — калон. ВУП на душу насельніцтва — каля 18 000 долараў (2018). Эканоміка Коста-Рыкі базуецца на турызме, сельскай гаспадарцы і вытворчасці і экспарце электронікі (мікрапрацэсараў і медыцынскіх прыбораў). Замежным інвестыцыям спрыяюць палітычная стабільнасць, кваліфікацыя працоўнай сілы, а таксама падатковыя ільготы.
Апрацоўчая прамысловасць (25 % ВУП, 22 % працуючых) — вытворчасць мікрапрацэсараў, харчовая прамысловасць, медыцынскае абсталяванне, тэкстыль і адзенне, будаўнічыя матэрыялы, угнаенні. Асноўны тып электрастанцый — гідраўлічныя. У 2016 годзе на адкрыцці новай ГЭС прэзідэнт Саліс заявіў, што Коста-Рыка першай у свеце цалкам перайшла на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі.
Сельская гаспадарка (6 % ВУП, 14 % працуючых) — бананы, ананасы, кава, дыні, дэкаратыўныя расліны, цукар, кукуруза, рыс, бабовыя, бульба; ялавічына, птушка, малочныя прадукты; лесанарыхтоўкі.
Сфера абслугоўвання — 69 % ВУП, 64 % працуючых.
Экспарт у 2016 — 13,3 млрд долараў: бананы (11 %), іншыя фрукты (10 %), медыцынскія інструменты (17 %), электроніка. Асноўны пакупнік — ЗША (32,14 %). Ад 4 да 5 % экспарту прыходзіцца на такія краіны, як Нідэрланды, Гватэмала, Панама, Германія, Бельгія.http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=52&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
Імпарт у 2016 — 15,4 млрд долараў: сыравіна, спажывецкія тавары, прамысловае абсталяванне, нафтапрадукты, аўтамабілі, прадукты харчавання. Асноўныя пастаўшчыкі — ЗША (37,3 %), Кітай (12,8 %), Мексіка (6,5 %).http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=52&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
Адукацыя У г. Санта-Ана (правінцыя Сан-Хасэ) дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасці.
Некаторыя цікавінкі У 1856 годзе амерыканскі авантурыст Уільям Уокер, які захапіў уладу ў Нікарагуа і абвясціў сябе прэзідэнтам, адважыўся напасці на Коста-Рыку. Супраць яго выступіў спехам сабраны ваенны атрад добраахвотнікаў. Костарыканцы выгналі Уокера са сваёй тэрыторыі і пераследавалі яго да нікарагуанскага горада Рывас, дзе і адбылася знакамітая бітва, у якой адзначыўся нацыянальны герой Хуан Сантамарыя. Уначы вулкан Арэнал, які мае ідэальную канічную форму, падсвечваецца. Да 1968 года ён спаў. У 1968—2010 адбылася серыя яго вывяржэнняў. На востраў Какос Роберт Луіс Стывенсан пасяліў легендарнага капітана Флінта, а Жак-Іў Кусто назваў востраў «самым прыгожым у свеце». Гэты востраў таксама з’яўляецца цэнтрам дайвінгу. Самі костарыканцы называюць сябе «ціка», паводле асаблівасцей мясцовай іспанскай гаворкі. Коста-рыканская кава лічыцца адной з найлепшых у свеце, таму і спажываюць яе тут у велізарных колькасцях. На стол кава падаецца ў маленькіх гарлачыках і разліваецца ў маленечкія кубачкі. Коста-Рыка займала першае месца ў Міжнародным індэксе шчасця 2009, 2012 і 2016 гадоў — усе тры разы, калі праводзілася даследаванне.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Коста-Рыка — турыстычны сайт Коста-Рыка Коста-Рыка
Катэгорыя:Унітарныя дзяржавы