Сеўрскі мірны дагавор, Сеўрскі мір () — адзін з дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, стварэнне якой азнаменавала завяршэнне Першай сусветнай вайны. Падпісаны 10 жніўня 1920 года ў горадзе Сеўр (Францыя) краінамі Антанты і дзяржавамі, якія далучыліся да іх (Італіяй, Японіяй, Бельгіяй, Грэцыяй, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў, Хіджазам, Чэхаславакіяй і Арменіяй), з аднаго боку, і ўрадам Асманскай імперыі — з другога. Да часу падпісання дагавора значная частка Турцыі ўжо была акупаваная войскамі дзяржаў Антанты.
Умовы дагавора У аснову Сеўрскага мірнага дагавора былі пакладзены ўмовы англа-французскага пагаднення Сайкса-Піко (1916) і рашэнні канферэнцыі дзяржаў у Сан-Рэма (1920).
Па Сеўрскаму міру колькасць турэцкай арміі не магла перавышаць 50000 байцоў. Над фінансамі Турцыі ўсталёўваўся міжнародны кантроль. Далей, Турцыя страчвала шэраг перш захопленых сельджукамі і асманамі тэрыторый: Турэцкія кантынентальныя ўладанні ў Еўропе (Усходняя Фракія, Адрыянопаль і Галіпалійскі паўвостраў) і астравы Эгейскага мора (за выключэннем астравоў Дадэканес) перадаваліся Грэцыі; Грэцыя таксама атрымлівала шэраг анклаваў у Малой Азіі; У малаазійскай Смірне (з наваколлем) уводзілася грэчаская адміністрацыя. Праз 5 гадоў плебісцыт у гэтым анклаве павінен быў канчаткова вырашыць яго прыналежнасць; Паўночны Эпір далучаўся да Албаніі, над якой усталёўваўся пратэктарат Італіі; Канстанцінопаль і Зона чарнаморскіх праліваў абвяшчаліся дэмілітарызаванай зонай і перадаваліся пад міжнароднае кіраванне; Тэрыторыя сучасных Сірыі і Лівана перадавалася пад мандат Францыі; Тэрыторыі Палесціны і Заіардання, Месапатаміі перадаваліся як падмандатныя тэрыторыі Вялікабрытаніі; Астравы Дадэканес перадаваліся Італіі; Турцыя адмаўлялася ад прэтэнзій на Аравійскі паўвостраў (Хіджаз) і краіны Паўночнай Афрыкі, прызнавала брытанскі пратэктарат над Егіптам і брытанскую анексію Кіпра (1878), французскі пратэктарат над Тунісам і Марока; Меркавалася таксама стварэнне незалежнага Хіджаза;
Турцыя прызнавала Арменію як «свабодную і незалежную дзяржаву». Турцыя і Арменія згаджаліся падпарадкавацца прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану па арбітражу граніц у межах вілаетаў Ван, Бітліс, Эрзурум і Трапезунд і прыняць яго ўмовы адносна доступу Арменіі да Чорнага мора (праз Батумі). Праз тэрыторыю Грузіі планавалася пабудаваць чыгунку да Батумі, акрамя таго, Арменіі прадастаўлялася гарантыя транзітных прывілеяў і арэнда часткі батумскага порта. Арменія, Грузія і Азербайджан павінны былі ўсталяваць свае ўзаемныя мяжы шляхам прамых перамоў паміж гэтымі дзяржавамі, а пры немагчымасці дасягнуць згоды шляхам пасярэдніцтва саюзных дзяржаў. Меркавалася таксама стварэнне незалежнага Курдыстана, межы якога павінны былі вызначыць сумесна Англія, Францыя і Турцыя. Тым самым Сеўрскі дагавор афіцыйна афармляў падзел арабскіх і еўрапейскіх уладанняў Асманскай імперыі. Сеўрскі дагавор быў успрыняты ў Турцыі як несправядлівы і «каланіяльны», як відавочная праява няздольнасці султана Мехмета VI абараняць нацыянальныя інтарэсы. Вялікі нацыянальны сход Турцыі (створаны ў красавіку 1920 года ў Ангоры, цяпер Анкара) адмовіўся ратыфікаваць дагавор.
22 лістапада 1920 года прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан уносіць на разгляд саюзнікаў арбітражную прапанову, па якой Турцыя павінна перадаць Арменіі тэрыторыю плошчай 103 599 км²: дзве траціны вілаетаў Ван і Бітліс, амаль увесь вілает Эрзурум, большую частку вілаета Трапезунд, у тым ліку і порт. Аб’яднаўшыся з існуючай у Закаўказзі Рэспублікай Арменіяй, незалежная аб’яднаная Армянская дзяржава валодала б тэрыторыяй з плошчай у сукупнасці звыш 150 тыс. км², з выхадам да Чорнага мора. Аднак гэта рашэнне ўжо не мела значэння, паколькі ў верасні 1920 года Турцыя пачынае буйнамаштабнае ўварванне ў Арменію, войскі Мустафы Кемаля (будучага Атацюрка), захапіўшы Карс, Александропаль, у канцы лістапада 1920 года пагражалі самому існаванню Арменіі. На працягу двух наступных гадоў кемалісты (актыўна падтрыманыя бальшавікамі) умацоўвалі свае ваенныя сілы. У якасці першага кроку было зроблена новае наступленне на Арменію. Адначасова турэцкая армія здолела выбіць з Малай АзііДроговоз И. Г. Турецкий марш: Турция в огне сражений / Под ред. А. Е. Тараса. — Мн.: Харвест, 2007. грэчаскія войскі і падавіць супраціўленне курдаў; таксама французы былі выбітыя з Кілікіі; італьянцы, якія сталі да таго часу саюзнікамі кемалістаў, сышлі з паўднёва-заходняга ўзбярэжжа краіны, прычым урад у Канстанцінопалі заставаўся ў становішчы бяздзейнага назіральніка. 11 кастрычніка 1922 года ў партовым горадзе Муданья на Мармуровым моры было заключана новае перамір’е паміж Турцыяй і Антантай; да падпісання гэтага пагаднення султанскі ўрад не быў нават запрошаны.
1 лістапада султанат наогул быў скасаваны, султан Мехмет VI застаўся толькі ў званні халіфа (духоўнага кіраўніка мусульман), а неўзабаве (17 лістапада) пакінуў краіну на борце англійскага карабля «Малая». На наступны дзень яго пазбавілі і звання халіфа.
Сеўрскі дагавор, які фактычна так і не ўступіў у сілу, дэ-юрэ цалкам перастаў дзейнічаць пасля перагляду яго ўмоў на Лазанскай канферэнцыі 1923 года (Лазанскі мірны дагавор).
Тэрыторыі, адабраныя ад Асманскай імперыі па Сеўрскаму дагавору Дзяржавы-набытчыкіПлошчаНасельніцтва Вялікабрытанія 915 000 км² 3 900 000 Францыя 160 000 км² 3 000 000 Арменія 95 000 км² 1 400 000 Грэцыя 29 000 км² 950 000 Смірна 20 000 км² 1 000 000 Усяго 1 219 000 км² 10 250 000
Гл. таксама
Распад Асманскай імперыі Другая грэка-турэцкая вайна 1919—1922 Дэкларацыя Бальфура 1917 года Вільсанаўская Арменія
Літаратура
F. Schevill. The history of the Balkan Peninsula from the earliest times to the present. — New York: Harcourt, Brace and Company, 1922. [Существуют репринты, некоторые с измененным названием: ISBN 0-405-02774-5, ISBN 0-8369-5908-6, ISBN 0-88029-697-6, ISBN 1-125-56548-9 и др.] S. Kostova (сост.). Rulers of the Ottoman Empire. The sultans of the Osman Gazi dynasty. — Sophia: KIBEA publishing co., 2003. ISBN 954-474-329-4. Дополненіе къ энциклопедическому словарю // Ф. Павленковъ. Энциклопедическій словарь. — Нью-Йорк, 1956 (перепечатка с изменениями и дополнениями 5-го издания, СПб., 1913). Энциклопедический словарь. Т. 3. — М.: Гос. науч. изд-во «Большая советская энциклопедия», 1955.
Спасылкі
Тэкст Сеўрскага дагавора
Катэгорыя:Дагаворы Францыі перыяду Трэцяй рэспублікі Катэгорыя:Дагаворы паводле алфавіта Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Бельгіі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Вялікабрытаніі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Грэцыі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Італіі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Асманскай імперыі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Польшчы Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Партугаліі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Румыніі Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Японіі Катэгорыя:Мірныя дагаворы XX стагоддзя Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Першай сусветнай вайны