Рамуа́льд Андрэ́евіч Падбярэ́скі або Падбярэзскі (; , Вільня — , Архангельская губерня) — беларускі выдавец, літаратуразнавец, публіцыст і фалькларыст. Адзін з пачынальнікаў беларускага літаратуразнаўства.
Паходжанне і сям’я Паходзіў з са збяднелага шляхецкага роду Падбярэзскіх з Троцкага павета Віленскай губерні. Часта Падбярэзскіх, у тым ліку Рамуальда, называюць Друцкімі-Падбярэзскімі або Падбярэзскімі-Друцкімі, аднак сапраўдны род князёў Друцкіх-Падбярэзскіх згас яшчэ ў XIV стагоддзі. Пазней Падбярэззем валодалі князі Ямантавічы, якія зваліся Ямантавічамі-Падбярэзскімі. Пасля згасання Ямантавічаў-Падбярэзскіх іх маёнткі перайшлі па кудзелі да полацкіх баяр Яцковічаў, адна з галін іх роду стала звацца Падбярэзскімі, з яе і паходзіў Рамуальд.
Сям’я Рамуальда Падбярэскага зведала рэпрэсіі расійскіх улад. Яго бацька, Андрэй Падбярэскі, быў сасланы ў Сібір пасля паўстання 1830—1831 гадоў, дзе і памёр. Маці ад весткі пра арышт мужа была спаралізавана, а сямейная маёмасць канфіскавана ўрадам. Браты Рамуальда таксама пацярпелі: Людвік цярпеў на страту розуму, а малодшы Казімір аслеп у вязніцы.
Біяграфія
Адукацыя і маскоўскі перыяд Пачатковую адукацыю атрымаў у Ковенскай гімназіі, а ў 1830 годзе скончыў Віленскую гімназію. Рыхтаваўся да паступлення ў Віленскі ўніверсітэт, аднак пасля паўстання ён быў закрыты. Пэўны час жыў у Вільні, зарабляючы на жыццё выпадковымі працамі і дапамагаючы сям’і. У 1835 годзе пакінуў радзіму і выехаў у Арол, дзе працаваў гувернёрам у сям’і палкоўніка Целешава.
У 1836 годзе залічаны на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Нягледзячы на абраную спецыяльнасць, сапраўдным яго захапленнем была філалогія і літаратура. У Маскве Падбярэскі падтрымліваў сувязі з расійскімі славянафіламі (братамі П. Кірэеўскім і І. Кірэеўскім, Ю. Самарыным), а таксама з украінскім і расійскім філолагам В. Бадзянскім. У 1837 годзе ён здзейсніў паездку ў Слуцкі павет, каб сабраць матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомага этнографа Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, вынікам чаго стаў адмысловы артыкул. Апрача навукі і літаратуры, у маскоўскі перыяд Падбярэскі кіраваў літоўскай гандлёвай суполкай і тройчы наведваў Макар’еўскія кірмашы ў Ніжнім Ноўгарадзе. Першыя яго публікацыі з’явіліся ў 1839 годзе ў газеце «Tygodnik Petersburski».
Пецярбургскі перыяд і выдавецкая дзейнасць У маі 1841 года Рамуальд Падбярэскі пераехаў у Санкт-Пецярбург, маючы на мэце заняцца шырокай выдавецкай дзейнасцю і паслужыць роднаму краю. У тым жа годзе паліцыя пачала следства супраць братоў Падбярэскіх: Людвік быў высланы ў Маскву, а Рамуальд апраўданы, але ўзяты пад сакрэтны нагляд. У сталіцы імперыі ён увайшоў у кола беларускай інтэлігенцыі, згуртаванай вакол альманаха «Niezabudka» Яна Баршчэўскага, а таксама блізка пазнаёміўся з украінскім пісьменнікам Тарасам Шаўчэнкам і рэкламаваў яго мастацкія творы. Падбярэскі актыўна ліставаўся з польскім пісьменнікам Юзафам Ігнацы Крашэўскім, у часопісе якога «Athenaeum» друкаваў свае пераклады расійскіх народных казак. Пры гэтым казкі ён перакладаў на спецыфічную польскую мову, стылізаваную пад гаворку беларускай і літоўскай шляхты.
У 1843—1846 гадах Падбярэскі ўласным коштам выдаў у Пецярбургу тры тамы літаратурна-навуковага альманаха «Rocznik Literacki», у які ўклаў значныя сродкі. Альманах вылучаўся багатым афармленнем і ілюстрацыямі. На яго старонках публікаваліся творы Я. Баршчэўскага, Т. Лады-Заблоцкага, Л. Штырмера, а таксама музычная паэма Антона Абрамовіча «Беларускае вяселле». У сваіх публіцыстычных артыкулах, напрыклад, у палеміцы з расійскім часопісам «Москвитянин», Падбярэскі горача і паслядоўна абараняў беларусаў ад шавіністычных нападкаў, адстойваючы прыгажосць беларускай зямлі і шляхетнасць яе жыхароў.
Выдаў зборнік Т. Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845) і «Дыярыуш» С. Бельскага. Пераклаў на польскую мову паэму Аляксандра Пушкіна «Каўказскі палоннік».
Віленскі перыяд і высылка Позняй восенню 1847 года Падбярэскі пераехаў у Вільню да брата Людвіка. Ён задумаў рэфармаваць свой альманах і пачаў выдаваць часопіс «Pamiętnik naukowo-literacki» (т. 1—2, Вільня, 1849—1850). Пад уплывам ідэй «натуральнай школы» Вісарыёна Бялінскага Падбярэскі заклікаў літаратараў звярнуцца да рэальнага грамадскага жыцця, што выклікала рэзкі канфлікт з кансерватыўнымі пісьменнікамі, у тым ліку з Ю. І. Крашэўскім і Уладзіславам Сыракомлем. З-за рознагалоссяў з віленскім друкаром А. Завадскім Падбярэскі ў 1850 годзе пераехаў у Варшаву, каб працягнуць выданне часопіса.
У канцы 1850 года ў выніку паказанняў арыштаванага эмісара Польскага дэмакратычнага таварыства Вялічкі пра існаванне таемнай літаратурнай суполкі, Падбярэскі быў арыштаваны. Па асабістым загадзе імператара Мікалая I ў пачатку 1851 года ён быў сасланы ў Архангельскую губерню, спачатку ў Архангельск, пасля ў Пінегу. Неаднаразовыя спробы дамагчыся вызвалення не далі выніку. З-за цяжкіх умоў высылкі і маральнага ціску Рамуальд Падбярэскі псіхічна захварэў і памёр 10 кастрычніка 1856 года ў псіхіятрычным шпіталі ў Архангельскай губерні.
Погляды на беларускую літаратуру Рамуальда Падбярэскага справядліва лічаць адным з першых беларускіх літаратуразнаўцаў. У 1844 годзе ён напісаў прадмову да кнігі Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» пад назвай «Беларусь і Ян Баршчэўскі». Гэты тэкст стаў фактычна першым літаратурна-гістарычным нарысам новай беларускай літаратуры.
У сваім нарысе Падбярэскі ўпершыню вызначыў крытэрыі беларускай нацыянальнай літаратуры. «Чыста народнай» ён лічыў літаратуру, створаную непасрэдна на беларускай мове, а «нацыянальнай» — тую, якая закранае мясцовыя праблемы і жыццё, а не апявае чужыя пачуцці на замежны лад. Ён негатыўна ацэньваў спадчыну мясцовых класіцыстаў за адрыў ад народных каранёў, але высока ставіў творчасць сентыменталіста Я. Аношкі і сатырыка Фелікса Рысінскага. Аднак сапраўднымі народнымі пісьменнікамі ён называў аўтара беларускамоўнай «Энеіды», якога ён лічыў І. Манькоўскім, і Яна Баршчэўскага. Падбярэскі глыбока разумеў алегарычны і сімвалічны падтэкст «Шляхціца Завальні», бачачы ў ім не проста зборнік фальклору, а мастацкае адлюстраванне духу і гісторыі беларускага народа.
Крыніцы
Літаратура
Варановіч С. (Александровіч С.). Р. Друцкі-Падбярэскі // Беларусь. 1958, № 11; Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976, 6 жн.; Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40; Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.
Спасылкі
М. Хаўстовіч Жыццё і творчасць Рамуальда Падбярэскага
Рамуальд Андрэевіч Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі