Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай соляў ― прыродныя мінеральныя пераўтварэнні зямной кары у саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну.

Адкрыццё і абследаванне радовішча

Петрыкаўскае радовішча размешчана на захадзе цэнтральнай зоны Прыпяцкага прагіну, у Петрыкаўскім раёне і часткова ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Раённы цэнтр Петрыкаў знаходзіцца ў цэнтры радовішча. Адкрыццё радовішча адбылося ў траўні 1966 года ля вёскі Белка Петрыкаўскага раёна пры правядзенні планавых пошукавых работ. У 1966—1967 гг. былі праведзены пошукава-ацэначныя работы, у выніку якіх у верхнесаляноснай тоўшчы вызначаны 8 калійных гарызонтаў. Да сярэдзіны 1970-х гг. праведзена разведка радовішча: прасвідравана 150 свідравін з адборам керна, вылучэннем калійных гарызонтаў, ацэнкай зместу хлорыстага калію і магнію і тэрыгенных прымешак у верхнесаляноснай тоўшчы, выкананы геафізічныя даследаванні ў ствале свідравін: гама-кавернаметрыя (ГК), каратаж, электракаратаж (КС), нейтронны гама-каратаж (НГК). Былі вызначаны магчымыя запасы радовішча: каля 2,2 млрд тон, глыбіня залягання пароды дасягае 1,2 км.

Характарыстыка радовішча Фармацыя радовішча адрозніваецца высокай салёнапоўнасцю (80 %) і высокай каліяноскасцю. Калійныя гарызонты радовішча ― пераслаіванне калійнай і каменнай солей, галапеліта і карбанатна-антігідрытавых парод. Для калійных пластоў характэрна высокае ўтрыманне хларыду калію, якое ў другім слоі дасягае 50,6 %, а ў трэцім — 47,1 %, сярэдняе ўтрыманне радовішча — 22,18 %. Сярэдняе ўтрыманне нерастваральнага астатку ў другім і чацвёртым калійных пластах, адпаведна, 0,21 і 0,52 %. Калійныя солі чыстыя, з крупназярністай структурай.

Распрацоўка радовішча

У 2014 годзе «Беларуськалій» пачаў будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу для вытворчасці хлорыстага калію, праектная магутнасць ― 1,5 млн тон у год. Разліковы тэрмін працы комплексу з улікам мінеральных запасаў ― каля 90 гадоў. Мяркуецца пачаць вытворчасць у канцы 2019 года, у снежні 2021 года вывесці на праектную магутнасць. Да 2015 года ў радовішчы выяўлена 11 калійных гарызонтаў, з іх асноўнае прамысловае значэнне мае гарызонт IV-П. Практычную цікавасць таксама ўяўляюць гарызонты I-П і VI-П. У траўні 2016 года на пляцоўцы комплексу адбылося ўрачыстае адкрыццё работ па будаўніцтву шахты. Адзначалася, што новае прадпрыемства будзе значнай падзеяй на сусветным калійным рынку.

Гл. таксама Старобінскае радовішча

Крыніцы

Літаратура Митько И. А. Особенности структурно-тектонического строения Северного участка Петриковского месторождения калийных солей // Устойчивое развитие: региональные аспекты: сборник материалов VIII региональной научно-практической конференции молодых ученых, Брест, 18 ноября 2016 г. / Брестский гос. ун-т им. А. С. Пушкина. ― Брест, БрГУ, 2017.

Катэгорыя:Геалогія Мазырскага раёна Катэгорыя:Геалогія Петрыкаўскага раёна Катэгорыя:Радовішчы Беларусі Катэгорыя:Радовішчы солі