Першая храналогія гісторыі Старажытнага Егіпта была прапанавана першым вядомым егіпецкім гісторыкам Манефонам у кан. IV — 1-ай пал. III стст. да н.э., яна ўключала ў сябе дзяленне старажытнаегіпецкай гісторыі паводле перыядаў і дынастый. Гэтая храналогія і перыядызацыя з сучаснымі ўдакладненнямі існуе і выкарыстоўваецца дасюль.
Дадынастычны перыяд
Галоўная характэрная рыса гэтага перыяду — адсутнасць адзінай дзяржавы і агульнай дынастыі ўладароў. На апошнім этапе гэтага перыяду існавалі дзве вялікіх дзяржавы — Ніжні Егіпет з цэнтрам у горадзе Бехдэд, дзе пакланяліся богу Гору, і Верхні Егіпет, з цэнтрам у горадзе Амбас, дзе пакланяліся богу Сету, якія дасягнулі высокага ўзроўню развіцця. Цар Верхняга Егіпта зрабіў знакам сваёй улады высокую белую карону, у той час як цар Ніжняга Егіпта — чырвоную карону, якая сваёй формай нагадвала коўш.
Паміж гэтымі дзяржавамі здараліся войны. Сталіцы абедзвюх дзяржаў былі перанесеныя на новае месца, Верхняга Егіпту ў Нехебт, дзе пакланяліся багіні-каршуну Нехбет, а сталіца Ніжняга Егіпта — у Бута, дзе пакланяліся багіні-кобры Уаджэт. Дакументальных сведчанняў аб перамозе таго або іншага боку няма, але захавалася паданне, якое апавядае аб поспеху, дасягнутым у адной з такіх войнаў царом Верхняга Егіпта Менесам. Лічыцца, што ён адолеў Ніжні Егіпет, аб’яднаў абедзве краіны і стаў першым царом Верхняга і Ніжняга Егіпта — фараонам. Кананічнае змяшчэнне ў тытуле Верхняга Егіпта перад Ніжнім таксама сведчыць, што Верхні заваяваў Ніжні. Менес зрабіў сімвалам сваёй улады падвоеную бела-чырвоную карону, якая без змен захоўвалася ў фараонаў Егіпта на працягу больш 3500 гадоў. З таго часу каранаванне кожнага новага егіпецкага фараона стала сімвалічным аднаўленнем адразу двух краін. Аб’яднаны Егіпет лічыўся падвойным царствам — у яго былі дзве кароны, два збожжасховішчы, дзве скарбніцы, часам нават дзве магільні для памерлага фараона — адна ў Верхнім Егіпце і пустая магільня — кенатаф у Ніжнім Егіпце, або наадварот. Пазней на помніках падвойнае імя фараона сталі ўключаць у два авалы.
Пасля перамогі Менес палічыў мэтазгодным заснаваць новую сталіцу ў Мемфісе, на мяжы двух царстваў, што дазваляла яму паспяховей кіраваць аб’яднанай дзяржавай. Тут для яго быў збудаваны палац, а ў заходняй пустыні было закладзена месца пахавання фараонаў. Паводле Манефона, Менес быў заснавальнікам I дынастыі, адпаведна адсюль пачаўся новы вялікі перыяд у гісторыі Старажытнага Егіпта — дынастычны. Дынастычны перыяд у сваю чаргу яшчэ Манефонам быў падзелены на больш дробныя перыяды, адпаведныя глабальным унутрыпалітычным падзеям краіны і зменам у стане Старажытнага Егіпта.
Дынастычны перыяд
Ранняе царства
3000—2778 да н.э. Час I—II дынастый. Звесткі аб Раннім царстве грунтуюцца на нешматлікіх помніках, якія змяшчаюць імёны фараонаў гэтага перыяду. Пасля Менеса ўладарыла 7 ці 8 фараонаў заснаванай ім I дынастыі, якую змяніла II дынастыя, але падрабязных звестак аб іх не захавалася, хутчэй усяго з-за таго, што пісьменнасць у той час мела вельмі прымітыўны характар. Магільні фараонаў гэта перыяду — мастабы ў Ціне і іншыя магільні ў Накадзе, Абідасе, Сакары і Хелуане ўзводзіліся пераважна з гліняных блокаў і дрэва з абмежаваным ужываннем каменя для будоўлі сцен і падлогі і для вырабу культавых таблічак. Камень выкарыстоўваўся для вырабу ўпрыгожванняў, прадметаў ужытку, посуду разнастайных тыпаў і нешматлікіх статуй.
Важнай рысай было ўмацаванне ў розумах адзінства ўсёй краіны, адмова ад разгляду Ніжняга Егіпта як заваяванай тэрыторыі. Актыўна вялася знешняя палітыка, асноўнымі партнёрамі Егіпта былі багатыя дрэвам Фінікія і Сірыя, краіны Сінайскага паўвострава, гандляваўшыя меднай рудой, таксама асвойваюцца шляхі Аравійскай і Лівійскай пустынь. У гэты перыяд склаліся прымітыўныя эканамічныя адносіны, якія звычайна класіфікуюцца як рабаўладальніцкія, хоць у дадзеную эпоху ўласна рабы практычна адсутнічаюць.
Фараоны I дынастыі вядуць войны з азіяцкімі суседзямі і здзяйсняюць першыя паходы ў Паўночную Нубію. Вялася барацьба з бедуінамі, якія кантралявалі медныя капальні паўвострава Сінай, што прывяла да часовай частковай ізаляцыі дзяржавы. Егіпцяне дасягаюць высокага ўзроўня ў геаметрыі (прыблізнае знаходжанне ліку Пі, плошчы фігур) і астраноміі (планеты, сузор’і). Пачатак знешняга марскога гандлю Старажытнага Егіпта — спачатку з Біблам у Ліване, затым з Пунтам, магчыма, на тэрыторыі сучаснага Самалі.
Каля сярэдзіны XXVIII ст. да н.э. нейкі Семхію, які лічыцца фараонам II дынастыі, але верагодней быў адным з намархаў, аддзяліў Ніжні Егіпет, змяніў свае імя на Перыбсен, атоесніўшы сябе з міфалагічным ворагам бога Гора і зрабіў сваёй сталіцай Абідас. Верхні Егіпет застаўся пад уладай II дынастыі, якая па-ранейшаму пакланялася Гору. Адзінства Егіпта было адноўлена апошнім фараонам з II дынастыі — Хасехемуі, які зноў заваяваў Ніжні Егіпет забіўшы там каля 50000 чалавек і столькі ж забраўшы ў рабства, такім чынам аб’яднаная дзяржава ўвайшла ў новы перыяд свайго развіцця — Старое царства.
Старое царства
2778—2263 да н.э. Час III—VI дынастый. Пачаткам эпохі Старога царства лічаць узыходжанне на прастол каля 2780 да н.э. першага фараона III дынастыі Джосера. Гэтая эпоха адзначаецца незвычайна хуткім развіццём архітэктуры. У гэту пару працаваў вядомы дойлід Імхатэп, з імем якога звязана будаўніцтва ў Сакары першай гіганцкай ступеньчатай піраміды — найстаражытнейшай збудаванай чалавекам каменнай пабудовы з тых, якія захаваліся да нашых дзён.
Паўтара стагоддзі падзяляюць піраміды Джосера і Хеопса. У гісторыі Старажытнага Егіпта гэта быў перыяд стабільнасці, дастатку і магутнасці. Наватарствы ў архітэктуры працягваліся, і іх кульмінацыяй стала Вялікая піраміда, пабудаваная ў Гізе каля 2560 да н.э. для пахавання Хеопса. Гэтая піраміда — найбуйнейшы будынак Старажытнага свету (вышыня 147 м, а ўвесь комплекс займае прастору ў 5,3 га; каласальныя вапняковыя і гранітныя блокі, з якіх пабудавана піраміда, часам дасягаюць у даўжыню 6 м, шчыльна падагнаныя адзін да аднаго). Саступаюць ёй піраміды пераемнікаў Хеопса: Хефрэна — 143 м і Мікерына — 66 м.
Члены царскай сям’і і вяльможы мелі ўласныя магільныя скляпы, размешчаныя радамі каля пірамід валадароў Старога царства. Ва ўпрыгожванні гэтых грабніц дасягнула росквіту рэльефная скульптура, якая ўпершыню з’явілася яшчэ ў дадынастычны перыяд.
У пачатку валадарання VI дынастыі пры будаўніцтве піраміды фараона Уніса на яе ўнутраных сценах былі выразаныя шматлікія іерагліфічныя надпісы, вядомыя пад назвай Тэкстаў пірамід. Надпісы ўтрымліваюць рытуальныя тэксты, звязаныя з пахаваннем фараона, а таксама з працягам яго валадарання і магутнасці на тым свеце. Такія надпісы маюцца ў пірамідах наступных кіраўнікоў VI дынастыі, а таксама — з даданнямі, растлумачэннямі, зменамі і скажэннямі — у магільнях прыватных асоб на працягу ўсяго дынастычнага перыяду. Гэтыя тэксты неацэнная крыніца звестак аб рэлігіі Старажытнага Егіпта.
З-за недахопу крыніц пэўныя звесткі пра сацыяльную структуру эпохі Старога царства нешматлікія. Магчыма, аж да IV дынастыі фараон быў галоўным, калі не адзіным землеўласнікам. Вышэйшыя прыдворныя пасады звычайна займалі члены сям’і фараона. Для кіравання патрабавалася мноства саноўнікаў і пісараў, што прывяло да фарміравання шматлікага і складана ўладкованага дзяржаўнага апарата. Найбольш важныя пасады сталі практычна спадчыннымі, але на працягу доўгага часу заставаліся пад цвёрдым кантролем фараона. Некаторыя службовыя асобы, якія не належалі да сваякоў фараона, насілі тытул «сын цара» выключна дзякуючы сваім дзяржаўным функцыям.
Фараоны VI дынастыі будавалі шматлікія храмы як у Верхнім, так і Ніжнім Егіпце. Акрамя таго, Пепі I (каля 2400—2375 да н.э.) распачаў ваенныя паходы на Сінайскі паўвостраў, у Палесціну і Нубію. Яго сын Пепі II (2287—2193 да н.э.) таксама арганізаваў паход у глыб Нубіі і накіраваў гандлёвыя місіі ў краіну Пунт (у раёне сучасн. Самалі). Празмерная цэнтралізацыя ўлады і падатковы прыгнёт земляробаў выклікалі мяцежныя настроі сярод знаці і ўсеагульную незадаволенасць насельніцтва. Кіраўнікі правінцый, спачатку быўшыя падданымі фараона, сталі праяўляць значную самастойнасць. Яны перасталі будаваць свае грабніцы па суседстве з пірамідамі фараонаў і аддавалі перавагу знаходзіць спачынак у магільнях, высечаных у скалах каля ўласных рэзідэнцый.
Першы пераходны перыяд
2263—2070 да н.э. Час VII—X дынастый. Пасля 500-гадовага перыяду велічы Старое царства распалася на 42 асобныя номы. Гэта час смут і анархіі — паўстанні, напады лівійцаў, крах грамадскага правапарадку, разрабаванні грабніц былых фараонаў.
Пры ўсім гэтым першы пераходны перыяд быў плённым для творчасці — найвышэйшага росквіту дасягнула класічная старажытнаегіпецкая літаратура. «Павучанне для фараона Мерыкары» — пасланне фараона Хеці III свайму сыну, якое змяшчае практычныя рэкамендацыі правіцелю па набліжэнні вяльможаў і адданых выхадцаў з народа — было створана ў гэты перыяд. Апісанні бедстваў таго часу можна знайсці ў «Прароцтве Неферці», у якім гаворыцца аб рэзкай змене клімату і паніжэнні ўраджаяў, а таксама аб разгубленасці людзей, якія не разумеюць, як створаная багамі дзяржава можа прыйсці да такога заняпаду. Таксама вядомыя «Скаргі красамоўнага селяніна», «Гутарка стомленага ад жыцця з душой».
Паводле Манефона, VII дынастыя складалася з 70 фараонаў, якія ўладарылі на працягу ўсяго 70 дзён — гэта вядома перабольшванне, але адлюстроўвае нестабільны стан старажытнаегіпецкай дзяржавы ў той час.
Частковае аднаўленне парадку ў Старажытным Егіпце адбылося падчас кіравання фараонаў IX дынастыі з Гераклеопаля. Першаму фараону гэтай дынастыі — Хеці I удалося часова аб’яднаць краіну, аднак неўзабаве пачынаецца падзенне егіпецкай культуры. Каля 2100 да н.э. ўзвысіліся Фівы, дзе кіраваў прадстаўнік Х дынастыі — Ініатэф II. Гераклеопальскія фараоны з падтрымкай намархаў з Гермопаля і Сіута былі заняты войнамі з іншымі правіцелямі Сярэдняга і Верхняга Егіпта. Фараон IX дынастыя Хеці IV — выгнаў азіяцкіх заваёўнікаў, якія захапілі значную частку дэльты Ніла, і аднавіў гандлёвыя адносіны з Сірыяй. Аднак яго ўлада на поўдні распаўсюджвалася толькі да Сярэдняга Егіпта. Хеці IV у сваіх спробах адолець фіванскіх уладароў заручыўся падтрымкай намарха з Сіута. Барацьба паміж Фівамі і Гераклеопалем за новае аб’яднанне краіны і гегемонію ў ёй абвастрылася пасля разрабавання гераклеопальскімі фараонамі святога горада Верхняга Егіпта Абідаса. Аднак фіванскім уладарам удалося ўзвысіцца, і яны заснавалі XI дынастыю, кіраванне якой было пачаткам эпохі Сярэдняга царства.
Сярэдняе царства
Перыяд гісторыі Старажытнага Егіпета ў 2040—1783 да н.э. Час XI—XII дынастый. Канчатковая цэнтралізацыя стражытнаегіпецкай дзяржавы. Пачатак Сярэдняга царства — 2040 да н.э., калі Ментухатеп I фараон з Фіваў перамог Мерыкару — фараона з Гераклеопаля. Фараонаў XI дынастыі, якія насілі імёны Інтэф і Ментухатэп, размясцілі сваю рэзідэнцыю паблізу Фіваў, а ля падножжа заходніх гор, насупраць Карнака, — царскія грабніцы.
Фараонаў XII дынастыі звалі Аменемхетамі і Сенусертамі. Заснавальнік XII дынастыі Аменемхет I быў узурпатарам. Займаючы пасаду візіра пры двары апошняга з Ментухатэпаў, ён захапіў уладу з-за адсутнасці законнага спадчынніка. Хоць ён правіў на працягу 30 гадоў, яго становішча на пасадзе было нетрывалым. На дваццатым годзе ўладарання ён прызначыў суправіцелем сына Сенусерта, што паказальна дэманструе жаданне гарантаваць пераемнасць улады. Калі Сенусерт адправіўся на вайну, фараон быў забіты, як і пазней Аменемхет II. Пры гэтай дынастыі галоўным бажаством Старажытнага Егіпта стаў Амон.