Будынак Брэсцкага гарадскога суда — двухпавярховы будынак у Брэсце, размешчаны на рагу вуліц Будзённага (№ 31) і 17 Верасня.

Гісторыя Пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя ў псеўдарускім стылі. У 1920-х быў перабудаваны ў стылі канструктывізму. Будынак пазбавіўся цаглянай аздобы, вокны набылі строгі прамавугольны выгляд, будынак быў атынкаваны, ніжэй вакон першага і вышэй вакон другога паверхаў былі зроблены русты. Сам будынак працягваў выкарыстоўвацца як гарадскі суд. 10—17 студзеня 1927 г. у будынку адбыўся палітычны працэс над 31 членам КПЗБ — т.зв. «працэс 31-го». Пасля вайны ў будынку размяшчалася ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, пазней Суд Брэсцкага раёна. У 2007 годзе будынак быў унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2018 годзе быў праведзены рамонт паводле праекта таварыства Белрэстаўрацыяhttps://virtualbrest.by/news57278.php. Абноўлены будынак спалучыў першапачатковыя рысы і асноўны канструктывісцкі архітэктурны строй.

Архітэктура

Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Галоўны ўваход з вул. Будзённага вылучаны рызалітам, завершаным прамавугольным атыкам. Фасады раскрапаваны спаранымі лапаткамі і радамі гарызантальных паясоў. Фасад на вул. 17 Верасня сіметрычны, фланкіраваны рызалітамі. Унутраная планіроўка калідорная. У ёй вылучаецца прамавугольная зала пасяджэнняў. Дзве міжпаверхавыя лесвічныя клеткі размешчаны па вуглах дваровага фасада.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Брэста Катэгорыя:Вуліца 17 верасня (Брэст) Катэгорыя:Вуліца Будзённага (Брэст) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Брэста Катэгорыя:З’явіліся ў 1920-я гады