Дрывя́ты — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца ў басейне Друйкі (выцякае з возера), каля паўднёвай ускраіны Браслава. Найбуйнейшае ў Браслаўскай групе азёр і пятае па велічыні на тэрыторыі Беларусі. Належыць да групы Браслаўскіх азёр і знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».

Назва На думку Ю. Сташэўскага, назва Дрывяты паходзіць ад індаеўрапейскага кораня dru «цячы» (у прыватнасці, сустаракаецца ў рачных назвах на кельцкім абшары)J. Staszewski. Słownik geograficzny: pochodzenie i znaczenie nazw geograficznych. Gdynia, 1948. S. 81..

На думку даследчыка стараеўрапейскай гідраніміі Х. Краэ, да *Dru(u̯)ntos узыходзяць літ. * Druvintas > бел. Дрывяты і Truentus > Tronto (рака, Адрыятычнае мора). Часта ў жаночым родзе Druantia/Druentia (прыток Роны); Drouance (прыток Нуаро) і інш. Далей да індаеўрапейскага *dreu- / *dru- «бегчы, спяшацца» (ст.-інд. drávati «бяжыць, расцякаецца», drutáh «спяшаючыся»)H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55.. Далей да індаеўрапейскага *dreu- / *dru- «бегчы, імкнуцца; цячы», ад якога вытворнае і *droṷus «плынь»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1980. — С. 92.J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 204—205..

А. Шахматаў звязваў назвы Дрывяты, Дрыcвяты, Друя, Дрыса з кельцкім dru- «бегчы, цячы», ад якога, напрыклад, французскія гідронімы Drouvenne, Druna, DruonA. Schachmatov. Zu den ältesten slavisch-keltischen Beziehungen // Archiv für Slavische Philologie. Berlin, 1912. Т. 33. S. 79.. Буга быў не згодны з кельцкай тэорыяй ШахматаваK. Būga. Rinktiniai raštai. Т. 1. Vilnius, 1958. C. 85-86..

Некаторыя даследчыкі лічаць угра-фінскімі фарманты -ты, -ды (азёры Дрывяты, Дрысвяты, Снуды'')Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1994. С. 528..

Гідраграфія Плошча паверхні складае 36,1 км². Найбольшая глыбіня — 12 м. Даўжыня — 9,86 км. Найбольшая шырыня — 4,5 км. Даўжыня берагавой лініі — 37,6 км. Аб’ём вады — 223,5 млн м³. Плошча вадазбору — 459 км². Схілы катлавіны пераважна пад лесам, асіметрычныя: на поўначы вышынёй 30—37 м, месцамі разараныя, на поўдні да 5 м, забалочаныя. На поўдні і паўднёвым усходзе 3 вялікія залівы. Мелкаводная зона шырокая (150—300 м) і спадзістая, глыбакаводная ўзгорыстая: упадзіны глыбінёй 10—12 м чаргуюцца з падняццямі. 6 астравоў агульнай плошчай 0,92 км². Дно да глыбіні 3,5—5 м выслана пяскамі, ніжэй — іламі і сапрапелямі (агульная магутнасць адкладаў да 11 м).

У возера ўпадаюць рэкі Усвіца (злучае з воз. Іказнь), Золвіца, Акунёўка, Дружнянка, Рака (злучае з возерам Рака), 6 ручаёў.

Экалогія Сярэднемесячная тэмпература вады да глыбіні 7 м у чэрвені 17,2 °C, ліпені — 18,8 °C, жніўні — 17,8 °C. У зімовы перыяд паверхневыя тэмпературы складаюць 0,1—0,2 °C, прыдонныя — 3—3,8 °C. Возера замярзае ў канцы лістапада — пачатку снежня, лёд трымаецца да канца сакавіка, часам да сярэдзіны красавіка — пачатку мая.

Шырыня паласы расліннасці ўздоўж берагоў ад 35 да 200 м. Растуць рэдкія для флоры Беларусі віды: наяда гнуткая, наяда малая, гідрыла кальчаковая.

У возеры водзяцца каля 20 відаў рыб: лешч, судак, акунь, плотка, лінь, рапушка, мянтуз, верхаводка, карась, язь, шчупак і іншыя; ёсць вугор. Адзначана гнездаванне ахоўнай птушкі — лебедзя-шыпуна.

Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў, на паўночным беразе турбаза «Браслаўскія азёры».

На ўзровень возера значны ўплыў аказалі меліярацыйныя работы (паглыбленне рэчышча і будаўніцтва плаціны на Друйцы): у 1926 годзе пры ўзроўні 132 м плошча возера складала 38,2 км², было 3 астравы. Уздоўж берагоў утварылася шырокая пойменная паласа. У 1958 годзе пры ўзроўні 129 метраў плошча возера 32,6 км² — 11 астравоў.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»

Катэгорыя:Браслаўская група азёр Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Друйкі