Расціслаў Усяславіч (пач. 1060-х — пасля 1130) — князь з роду полацкіх Ізяславічаў.

Біяграфія Сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, напэўна, пяты, хоць пытанне старшынства Усяславічаў застаецца дыскусійным.

Упершыню, і адзіны раз у ранніх крыніцах, Расціслаў згаданы ў пераліку полацкіх князёў сасланых у Візантыю. Іншых ранніх звестак пра Расціслава і яго ўдзел не захавалася.

Памёр, відаць, у Візантыі.

Расціслаў Рагвалодавіч Паводле «Рускай геральдыкі» Аляксандра Лакіера, Расціслаў Усяславіч меў сыноў Маўкольда і Давіла, якіх вільняне запрасілі з Візантыі на княжанне, і ад іх, быццам, паходзіць род вялікіх князёў літоўскіх. Паданне пра гэта змешчана ў Васкрасенскім летапісе (сярэдзіны XVI ст.), але там згадваецца Расціслаў Рагвалодавіч, невядомы з ранніх крыніц. Ёсць думка, што паданне пра Расціслава Рагвалодавіча і яго сыноў як продкаў Гедзімінавічаў створана ў Маскоўскай дзяржаве да часоў вялікага князя Івана Васілевіча, то-бок да 1530-х гадоў, для абгрунтавання спадчынай Рурыкавічаў тэрытарыяльных дамаганняў да ВКЛРасціслаў Рагвалодавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6 Кн.1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 112. «Въ лето 6637 (1129) прииде на Полоцкие Князи на Рогволодовичи Князь Великий Мстиславъ Володимировичь Мономашь и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи за бежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше Княземъ Полоцкимъ, а владома своими Гетманы, а городы Литовские тогда, иже суть ныне за Кролемъ, обладаны Князьями Киевскими, иные Черниговскими, иные Смоленскими, иные Полоцкими, и оттоле Вильня приложишася дань даяти Королю Угорскому за страхование Великаго Князя Мстислава Володимировича; и Вильняне взяша себе изъ Царяграда Князя Полоцку Ростислава Рогволодовича детей Давила Князя, да брата его Молковца Князя; и той на Вильне первой Князь Давилъ, братъ Молковцевъ большой. А дети ево Видъ, егожъ люди волкомъ звали; да Ердень Князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ Владыка во Твери, которой на Петра Чудотворца волнение учинилъ; звали его Андреемъ; писалъ на Чудотворца лживыя словеса. А у Молковца Князя сынъ Миндовгъ.» Няма адзінай думкі, чым у тэксце ёсць Рагвалодавіч — родавым празванне або імем па бацьку. Першае імаверней, бо на пачатку гадавога артыкула ў Васкрасенскім летапісе двойчы Рагвалодавічамі названы род полацкіх князёў агулам. Таму згаданага Расціслава Рагвалодавіча прапануюць атаясняць з Расціславам Усяславічам, адзіным вядомым з крыніц Расціславам у родзе полацкіх князёў на час іх высылкі ў Візантыю ў 1129 годзе. Калі Рагвалодавіч — імя па бацьку, паўстае пытанне хто яго бацька. Ёсць думка, што тоеснасць Расціслава Рагвалодавіча Васкрасенскага летапісу з Расціславам Усяславічам храналагічна немагчымая. Таму асобныя даследчыкі прапануюць лічыць за яго бацьку Рагвалода-Васіля Барысавіча, а некаторыя Рагвалода Усяславіча, хаця існаванне апошняга прызнаецца ўсё болей сумнеўным.

На аснове Васкрасенскага летапісу «Радство вялікіх князёў Літоўскіх» дае такую генеалогію: «У великого князя Володимера Святославича другои сынъ Изяславъ, у Изяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ, у Давила сынъ Видъ… у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиманъ…»ПСРЛ Т. 17, 1907. — С. 573..

Васкрасенскі летапіс, аднак, дае яскравыя прыклады «канструявання» генеалогій, прычым менавіта ў выпадку Рагвалода-Васіля. У раздзеле «Пра вялікіх князёў разанскіх», пад 1159 годам летапіс паведамляе, што друцкі князь Рагвалод-Васіль быў унукам Юрыя Даўгарукага і, адпаведна, сынам Барыса Юр’евіча. Вядома, крыніцай «канструявання» быў Іпацьеўскі летапіс, які пад 1159 годам паведамляе і пра смерць Барыса Юр’евіча, і пра княжанне Рагвалода-Васіля ў Друцку, але не пра іх роднасць. Такім чынам, калі верыць у гэтым пытанні Васкрасенскаму летапісу, Расціслаў Рагвалодавіч быў Ізяславічам Полацкім, а Рагвалод-Васіль — не, то-бок не мог быць бацькам першага.

Прыклад «канструявання» ёсць і ў паведамленні пра высылку полацкіх князёў у Візантыю, у тым ліку ў іх пераліку. Публікацыя Васкрасенскага летапісу дае гэтае месца з праўкамі Мікалая Карамзіна, а ў арыгінале было «пославъ по Кривския Князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодовича два, и по Ростислава и по Василия и по Ивана»Карамзин Т.II. Прим. 252., — то-бок названы прынамсі два Расціславы, мабыць, меўся на ўвазе і трэці — адзін з двух Рагвалодавічаў. У Іпацьеўскім летапісе пра высылку полацкіх князёў паведамляецца ў двух месцах, пад 1130 годам, дзе названы высланыя Давыд, Расціслаў і Святаслаў, і пад 1139 годам, дзе гаворыцца пра высылку ўсіх Рагвалодавічаў і вяртанне двух княжычаў Рагавалодавічаў. Такім чынам, гэта месца Васкрасенскага летапісу не ўнікальнае, а «сканструявана» з двух артыкулаў Іпацьеўскага летапісу з патраеннем іх інфармацыі. У Візантыю быў сасланы адзіны Расціслаў — Расціслаў Усяславіч; княжычамі, якія вярнуліся ў 1139 годзе, як вынікае з пазнейшых падзей, маглі быць Рагвалод-Васіль і, напэўна, яго брат Іван.

На думку яшчэ Васіля Данілевіча і многіх следам, у тым ліку Эдуарда Загарульскага, у 1128—1130 гадах Рагвалод-Васіль быў вельмі малады, бо палачане «поемъше» яго ішлі да вялікага князя Мсціслава, дарослы не выступаў бы аб’ектам іх дзеянняў. Пра тое ж сведчыць актыўная дзейнасць Рагвалода-Васіля ў 1150-1160-я гады і жыццё яшчэ ў 1170-я гады. Наўрад ці да высылкі ён быў жанаты і меў дзяцей, пра яго шлюб паведамляецца толькі пад 1144 годам, ужо па вяртанні. Нават дапусціўшы дзяцей у Рагвалода-Васіля да 1130 года, да 1139 года яны былі б малалетнія і вярнуліся б з Візантыі разам з бацькам. Такім чынам, ні дзеці, ні ўнукі Рагвалода-Васіля ў Візантыі не былі. Пагатоў неймавернай выглядае пасылка ў Візантыю па ўнукаў, калі іх дзед княжыў у Полацку або Друцку.

Расціслаў Усяславіч нарадзіўся ў 1060-1070-я гады, адпаведна, у 1130 годзе яму было каля 60 гадоў. Пэўна ён мог мець дзяцей і ўнукаў, сасланых разам з ім у Візантыю. Дзеці Расцілава Усяславіча на час ссылкі маглі быць як дарослымі, так і малымі. Старэйшы з братоў Усяславічаў — Барыс, меў у 1128 годзе вельмі маладога сына Рагвалода-Васіля і маладзейшую за яго дачку Звяніславу, якія жылі яшчэ ў 1170-я гады. Другі Усяславіч — Глеб, меў сына Валадара, які жыў яшчэ ў канцы 1170-х гадоў. Чацвёрты Усяславіч — Давыд, меў сына, які толькі ажаніўся перад 1128 годам, а астатнія сыны былі маладзейшыя. Дзеці наймаладзейшага Усяславіча — Святаслава, актыўна дзейнічалі ў канцы 1160-х гадоў і мелі тым часам малалетніх дзяцей. Адпаведна, дзеці Расціслава Усяславіча пры розных акалічнасцях маглі жыць яшчэ ў 1180-1190-х гадах і, тэарэтычна, па іх маглі паслаць у Візантыю.

Удзел У свой час, Адам Кіркор пісаў, што Расціслаў Рагвалодавіч з 1070-х гадоў быў князем у Вільні, то-бок атрымаў ад бацькі ва ўдзел Віленскае княстваKirkor… S. 4., але крыніцу звестак не пазначыў. Напэўна, Кіркор так асэнсаваў звесткі Васкрасенскага летапісу, а дату вызначыў самастойна, бо ў «Жывапіснай Расіі» ён выводзіць генеалогію Гедзімінавічаў ад Расціслава Рагвалодавіча, якога называе сынам Рагвалода-Васіля БарысавічаЖивописная Россия. Т. 3. — Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. — 1882.. Звесткі гэтыя неймаверныя, бо ў 1070-я гады Рагвалод-Васіль яшчэ не нарадзіўся. Таксама і Расціслаў Усяславіч, калі жыў ужо ў 1070-я гады, быў малалетнім. Са спасылкай на Кіркора, тое самае дае Мікола Ермаловіч у артыкуле «Віленская княства» Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.

На думку Лявонція Вайтовіча, князь Расціслаў атрымаў ад бацькі ва ўдзел ЛукомльВойтович, 2000, што яшчэ болей гіпатэтычна за Вільню, бо не згадваецца і познімі крыніцамі нават ускоснаНасевіч, 1994.

Нашчадкі Калі дзеці Расціслава Усяславіча, у тым ліку меркаваныя Давіл і Маўкольд, жылі яшчэ ў 1180—1190 гады, то жыццё яго маладзейшых унукаў у сярэдзіне XIII ст. тэарэтычна магчымае. У кожным разе, нельга выключаць, што познія летапісы прыпісваюць імёны праўнукаў і прапраўнукаў Усяслава Брачыславіча яго ўнукам, бо збіліся ў ліку пакаленняў. Надзейных жа звестак пра нашчадкаў Расціслава Усяславіча цяпер няма.

Ёсць думка, што нейкая генеалогія полацкіх Рагвалодавічаў была адной з крыніц пры стварэнні падання пра Палемона, як пачынальніка дынастыі літоўскіх князёў, толькі імёны князёў змянілі.Філіпович Марина. Полоцька земля у Білорусько-литовській літописній традиціі // Український історичний збірник / Головний редактор Т. Чухліб; заступник головного редактора А. Блануца. — К.: Інститут історії України НАН України. — Вип. 13. — Ч. 1. — 2010. — 252 с. — С. 44-56.

Крыніцы

Літаратура Kirkor A. Bazylika litewska. — 1886. — S. 4. Войтович Л. В. Рюриковичі. Ізяславичі полоцькі // Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1.

Лакиер А. Б. Русская геральдика. Ч. 1—2. — СПб., 1855. — 712 с.

Насевіч В. Лукомль і Лукомльская воласць // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 4. — Мн., 1994. — С. 161—186. Пазднякоў В. С. Расціслаў Рагвалодавіч // Памяць: Полацк: Гісторыка-дакументальные хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Склад. С. С. Чарняўская; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — 907, с. — С. 101. — ISBN 985-11-0233-4. Полное собрание русских летописей. — Т.7. VII. Летопись по Воскресенскому списку / Подгот. к изд. Я. И. Бередниковым и А. Ф. Бычковым под ред. А. С. Норова. — СПб: Типография Эдуарда Праца, 1856. — 345 с.

Катэгорыя:Князі Полацкай зямлі Катэгорыя:Ізяславічы Полацкія