Дзень Волі, Дзень Незалежнасці — беларускае свята, гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года прынята Трэцяя Устаўная грамата). У Рэспубліцы Беларусь святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Назва

Першая афіцыйная назва свята — Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе.

Гісторыя

25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда) прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 года) С. 315. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоўСідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // С. 386..

Святкаванне

Упершыню ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Гродне. Другое адзначэнне прыпала на польскую акупацыю. У Менску ў будынках беларускіх арганізацый прайшлі культурныя мерапрыемствы, вучні беларускіх школ і прытулкаў наведалі каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы. У Юбілейным доме ў Менску адбыўся Урачысты Сход Нацыянальнага Камітэта. Таксама святкаванне прайшло ў Гродне ў будынку Беларускай хаткі.

З 1921 года цэнтрам святкавання Дня Незалежнасці становіцца Вільня ў падуладнай Польшчы Заходняй Беларусі, арганізацыяй займаўся Беларускі нацыянальны камітэт. 29 сакавіка 1921 года ў віленскім Браніфратэрскім касцёле Адам Станкевіч правёў урачыстую імшу, якую завяршыў казаннем на беларускай мове. Святая імша стала трывалай традыцыяй святкавання 25 сакавіка ў Вільні, пазней набажэнства праводзілася ў касцёле Святога Мікалая. Апошняе агульнае святкаванне віленскіх беларусаў прайшло ў 1925 годзе, якое таксама было сумешчана з юбілеем выдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны. У святкаванні заўсёды актыўна ўдзельнічалі вучні Віленскай беларускай гімназіі і беларускія студэнты ўніверсітэта Стэфана Баторыя.

У кастрычніку 1925 года на Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне частка міністраў БНР перадала свае мандаты ўраду БССР. Сярод беларускага руху Заходняй Беларусі пашырылася думка, што ідэя БНР вычарпаная, а Заходняя Беларусь мусіць стаць часткай Савецкай Беларусі. Найбольш да гэтага схіляліся дзеячы Беларускай сялянска-работніцкай грамады. На пасяджэнні віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта ў пачатку сакавіка 1926 года было вырашана адмовіцца ад шырокага святкавання гадавіны незалежнасці. Адгэтуль арганізацыяй святкаванняў Дня Незалежнасці сталі займацца прадстаўнікі БХД, якія не пагадзіліся з беларускімі сацыялістамі. 25 сакавіка 1926 года прайшлі святочныя набажэнствы ў касцёле Святога Мікалая і ў Пятніцкай царкве. У сярэдзіне 1930-х геаграфія святкаванняў выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Святкаванні праходзілі ў Ашмянах, Жодзішках, Смаргоні, вёсцы Шутавічы і іншых месцах. Урачыстасці ў Вільні адбываліся да Другой сусветнай вайны, але апошнія гады яны праходзілі з моцнымі перашкодамі з боку польскіх уладаў.

У часы Другой сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй працягнулася традыцыя святкавання гадавінаў 25 сакавіка. У 1942 годзе генеральны сакратар акругі Беларусь Вільгельм Кубэ даў дазвол на правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне абвяшчэння БНР. У 1944 годзе святкаванні прайшлі па ўсёй Беларусі, адбылася ўрачыстая прысяга жаўнераў Беларускай краёвай абароны. У выніку пасляваеннай эміграцыі ў ЗША сфармаваліся вялікія беларускія асяродкі, якія працягнулі традыцыю святкавання Дня Незалежнасці. Намаганнямі беларускіх арганізацый i грамадзян у ЗША пасля Другой сусветнай вайны сенатары, губернатары і мэры адпаведных адміністрацыйных адзінак неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў шэрагу штатаў і гарадоў. Неаднаразова праца Сената і Кангрэса ЗША пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім святаромКіпель, С.242—245. У 1957 годзе мэр Нью-Ёрка абвясціў 25 сакавіка Днём Незалежнасці Беларусі ў Нью-Ёрку і запрасіў жыхароў горада «далучыцца да грамадзян беларускага паходжання ў малітвах за мір, свабоду і справядлівасць у свеце». У 1966 годзе распараджэннем мэра Чыкага 25 сакавіка адзначалася як Дзень Незалежнасці Беларусі. Афіцыйна віншаванні беларусам з нагоды Дня Незалежнасці выказвалі прэзідэнты ЗША: Дуайт Эйзенхаўэр, Рональд Рэйган, Джордж Буш (старэйшы), Біл Клінтан. У 1995 годзе мэр Нью-Ёрка Рудольф Джуліяні абвясціў нядзелю 26 сакавіка Днём Беларускай Незалежнасці.

У некаторых гарадах з актыўнымі беларускімі асяродкамі 25 сакавіка на адміністрацыйных будынках вывешваліся бела-чырвона-белыя сцягі. Рэгулярна ўздымаўся бела-чырвона-белы сцяг на будынку гарадской ратушы ў Брэдфардзе (Англія, Вялікабрытанія), на будынку ратушы горада Ошава (Канада). Да сёння ў Дзень Волі вывешваецца бела-чырвона-белы сцяг на будынку гістарычнага музея ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША).

Публічныя святкаванні ў Беларусі аднавіліся ў 1989 годзе, з перформанса мастака Алеся Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу ў Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка. У 1990 годзе на мітынгу ў Мінску сабралася некалькі соцень чалавек. У 1993 годзе святкаванні праходзілі па ўсёй краіне, у будынку дзяржаўнай філармоніі ва ўрачыстасцях удзельнічаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і тагачасны старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.

У 1996 годзе святкаванні супалі з падзеямі Мінскай вясны. Тады на мітынг, які праходзіў на Траецкай Гары, прыйшло каля 50 тыс. чалавек, гэта была самая масавая акцыя на Дзень Волі. Адбыліся сутычкі са спецназам і масавыя затрыманні. З 1999 года пачаліся затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні ўдзельнікаў за бела-чырвона-белыя сцягі як «незарэгістраваную сімволіку». Адгэтуль затрыманні і разгоны на Дзень Волі ў Беларусі сталі рэгулярнымі. У 2000 годзе на акцыю ў Мінску прыйшло каля 10 тыс. чалавек, беларускія ўлады выставілі ў горадзе вялікую колькасць вайсковай тэхнікі, каля 200 чалавек былі затрыманыя. 25 сакавіка 2005 года да Дня Волі была прымеркаваная акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, арганізаваная Андрэем Клімавым. Акцыя была разагнаная, дзясяткі людзей затрыманыя, Андрэй Клімаў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі». У 2006 годзе на Дзень Волі ў Мінску адбылася акцыя пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у выніку супрацьстаяння з міліцыяй былі затрыманыя дзясяткі чалавек, Аляксандр Казулін як арганізатар акцыі асуджаны да турэмнага зняволення. У 2017 годзе Дзень Волі супаў з пратэстамі супраць Дэкрэта № 3, акцыі прайшлі ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне. У Мінску на вуліцы была выведзеная вайсковая тэхніка, адбыліся масавыя затрыманні і збіццё мірных удзельнікаў.

У 2018 годзе ў рамках 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкаванні прайшлі па ўсёй краіне. Святочныя вулічныя канцэрты і мітынгі прайшлі ў Баранавічах (Малады парк), Брэсце (Плошча Свабоды), Гродне (Каложскі парк). Канцэрты прайшлі ў Гомелі (арт-прастора Каўчэг), Слуцку (Гарадскі Дом культуры), Лідзе (Лідскі гісторыка-мастацкі музей), Пружанах (Палац культуры). Пікет і мітынг адбыліся ў Кобрыне (плошча перад Палацам культуры) і Салігорску (стадыён Будаўнік). Беларускім цэнтрам святкавання стала Траецкая Гара ў Мінску перад Оперным тэатрам, на якой прайшлі канцэрт і мітынг. У Беластоку ў царкве Святога Яна Тэолага прайшла святая літургія і малебен за беларускі народ, святочны канцэрт у Падляшскай оперы і філармоніі. Святочныя шэсці прайшлі ў Варшаве (Польшча), Вільнюсе (Літва), Кіеве (Украіна), Любліне (Польшча), Філадэльфіі (Пенсільванія, ЗША).

У 2019 годзе дазволеныя вулічныя канцэрты ў Беларусі прайшлі ў Гродне (субота 23 сакавіка, Каложскі парк) і Мінску (нядзеля 24 сакавіка, Кіеўскі сквер). Адразу пасля выступу на сцэне ў Мінску быў затрыманы міліцыяй Зміцер Дашкевіч, а праз некаторы час затрыманы арганізатар святкавання Віталь Рымашэўскі. Змітру Дашкевічу быў прысуджаны штраф 1147,5 беларускіх рублёў за заклік паставіць свечкі ў Курапатах. 25 сакавіка ў Мінску планавалася некалькі несанкцыянаваных акцый. На Кастрычніцкай плошчы была затрыманая актывістка Алена Талстая, якая прыкавала сябе да слупа, таксама затрыманыя некалькі магчымых удзельнікаў і мінакоў. На пешаходнай Камсамольскай вуліцы былі затрыманыя музыкі Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі, якія планавалі зайграць у гонар свята. А 21-й гадзіне 25 сакавіка ў розных гарадах Беларусі адбыўся флэшмоб па запуску феерверкаў.

У 2022 ў Дзень Волі годзе байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу.

16 мая 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь абвясціў, што супраць удзельнікаў святкавання на эміграцыі Дня Волі 2024 года ўзбуджаныя крымінальныя справы па артыкулах аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзеле ў ім і аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. СК заявіў, што мае звесткі аб 104 асобах, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі ў розных гарадах замежжа, а таксама анансаваў ператрусы, арышты маёмасці і спецыяльную (завочную) вытворчасць у дачыненні да падазраваных.

У культуры У 1920 годзе Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»:

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвечаныя вершы «На 25 сакавіка» (1932)Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 592 с. — с. 20 і «На дзень 25.III.1933»Беларуская крыніца — 1933. — № 13 (1933) Язэпа Германовіча (Вінцук Адважны), «25 сакавіка» (1935) Міхася МашарыШлях моладзі. - 1935. - №3 (76). - с.1, вершы «Паслухай, што кажа курган» (1944), «25 сакавік» (1946) і «Былі героі» (1962) Алеся ЗмагараАлесь Змагар. Да згоды. Кліўлянд, Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962., «25 сакавік» (1950 г.) Наталлі Арсенневай, «Да дня 25 сакавіка» (1994) Вольгі Іпатавай. Даце 25 сакавіка прысвяцілі свае вершы Народныя паэты Беларусі Рыгор Барадулін («25 сакавіка») і Ніл Гілевіч.

Гл. таксама 25 сакавіка (1936) — часопіс студэнцкай моладзі Універсітэта Стэфана Баторыя. Выдаваўся ў 1936—1939 гг. у Вільні на беларускай мове.

Зноскі

Літаратура

Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Мн.: Беларусь, 1993. — 352 с., л. укл. ISBN 5-338-00884-X Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //

Спасылкі

Катэгорыя:Святы Беларусі Катэгорыя:25 сакавіка