Асе́ць, восець, лакальная назва асетка — старадаўняя гаспадарчая пабудова для сушкі збажыны, канапель, ільну; тып сушні. Была пашырана ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст.
Апісанне Канструкцыйна больш складаная, чым ёўня. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі з імшанымі сценамі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. У глінабітнай падлозе асеці выкопвалася яма глыбінёй да 2 метраў, у якой знаходзілася печ, абкладзеная каменнем. Печ мела некалькі люхтаў і чарэннем выходзіла ў 1-ы ярус. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе на цапніках сушылі снапы. Упоравень з падлогай рабілася квадратная адтуліна, праз якую выграбалася зерне. Замест дзвярэй на ўзроўні 7—8-га вянкоў рабілася вялікая адтуліна, праз якую падавалі снапы і залазілі ў асець. У час сушкі абедзве адтуліны шчыльна зачыняліся.
У сялянскіх гаспадарках XIX — пачатку XX ст. асець будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Найчасцей асець ставілі ўнутры гумна ля тарцовай сцяны, процілеглай варотам, зрэдку — за гумном. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа.
У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.
Літаратура
Катэгорыя:Драўляная архітэктура Катэгорыя:Гаспадарчыя пабудовы Катэгорыя:Беларускае народнае дойлідства