«Роджаныя пад Сатурнам» — раман Віктара Вальтара, напісаны ў 1920-х і ўпершыню апублікаваны ў 1991—1992 у газеце «Голас Радзімы», які апісвае жыццё беларускай дыяспары ў Празе 1920-х.

Гісторыя публікацыі Адзін рукапісны асобнік патрапіў у Цэнтральную навуковую бібліятэку Акадэміі навук Літвы, адкуль Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны замовіў мікрафільм рукапісу (цяпер захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы НАН Беларусі)Вальтар, В. Выбраныя творы / Віктар Вальтар; уклад. М. Казлоўскага, С. Панізніка; прадм. Л. Савік. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — С. 265—266. — 280 с — (Бібліятэчка альманаха «Куфэрак Вілейшчыны». № 13).. У пачатку 1930-х раман «Роджаныя пад Сатурнам» быў перапісаны некалькімі вучнямі Дзвінскай беларускай гімназіі. Яшчэ ў 1932 годзе часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» ў пятым нумары паведамляў аб падрыхтоўцы да выдання рамана, і запрашаў яго падтрымаць, але сродкаў не знайшлося. Толькі ў 1991—1992 гг. сем з паловай месяцаў з нумара ў нумар рэдакцыя «Голаса Радзімы» знаёміла сваіх чытачоў з раманам Віктара Вальтара.

Аўтабіяграфічнасць Раман «Роджаныя пад Сатурнам» у многім гісторыка-аўтабіяграфічны. У сюжэце паўстаюць буйныя тагачасныя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія знайшлі сталы прытулак у Чэхаславакіі — П. Крачэўскі, Т. Грыб, Я. Станкевіч і П. Вяршынін. У асобе галоўнага героя твора Пятра Тугоўскага аўтар увасобіў некаторыя аўтабіяграфічныя рысы.

Праблематыка На думку А. Пашкевіча, В. Вальтар, узнімаючы праблемы, характэрныя для рускай класічнай літаратуры (Ф. Дастаеўскі, І. Тургенеў), з ідэйным пафасам дапісваў мастацкія старонкі беларускай прозы 1920-х гг. — на агульнафіласофскае накладваў нацыянальную праблематыку. Як адзначае даследчык, у эпізодах рамана бачыцца ўплыў гістарычнай аповесці «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага: скіраванасць на вывучэнне эзатэрычных, астральных праяваў жыцця. Галоўная думка да якой прыводзіць аўтар чытача: карысным грамадству можа быць толькі шчаслівы чалавек.

Пераклады У 2022 годзе выдавецтва Pavel Mervart выдала пераклад рамана на чэшскую мову, зроблены Максам Шчурам.

Спасылкі Віктар Вальтар. Выбраныя творы на Kamunikat.org

Катэгорыя:Творы Віктара Вальтара Катэгорыя:Раманы на беларускай мове Катэгорыя:Гістарычныя раманы Катэгорыя:Аўтабіяграфічныя раманы Катэгорыя:Раманы XX стагоддзя Катэгорыя:1920-я ў Празе