Мікала́еўшчына (, ) — вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нёман. Уваходзіць у склад Мікалаеўшчынскага сельсавета. Месціцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Стоўбцаў.

Гісторыя Упершыню Мікалаеўшчына згадваецца ў сярэдзіне XVI стагоддзя як уладанне Осцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, відаць, ад імя Мікалая Осцікавіча. У 1555 годзе Мікалаеўшчыну набыў Л. Свірскі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.

У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданне М. К. Радзівіла «Сіроткі», які далучыў яе да Нясвіжскай ардынацыі. У гэты час вёска мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы XVI—XVII стагоддзяў паселішча атрымала статус мястэчка. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла ў Мікалаеўшчыне наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў. Станам на 1628 год у мястэчку было 5 вуліц (Сверынаўская або Уздзенская, Дворная, Мастовая, Мінская, Тыльная), 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1652 годзе маршалак вялікі Аляксандр Людвік Радзівіл заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. У часы Трынаццацігадовай вайны ў 1664 Мікалаеўшчыну знішчылі маскоўскія захопнікіВалерый Шаблюк. Мікалаеўшчына // С. 137.. Станам на 1669 год у мястэчку было толькі 20 двароў, на 1700 год — 63, на 1777 год — 62. У гэты час праз Нёман узвялі драўляны Калінавы мост даўжынёй у адну вярсту з чвэрцю.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі статус паселішча панізілі да сяла. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1867 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касцёл на праваслаўную царкву. У 1882 годзе каля Мікалаеўшчыны ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку быў 141 двор, царква, карчма, крама, у пачатку XX стагоддзя — 168 двароў. 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне адбыўся нелегальны з’езд настаўнікаў Мінскай губерні. З’езд быў разагнаны паліцыяй, за ўдзел у ім звольнілі 13 настаўнікаў, сярод іх К. Міцкевіча (Якуба Коласа), А. Сянкевіча, І. Фёдарава (Янку Маўра) і інш.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Стаўбцоўскім павеце Навагрудскага ваяводства. Станам на 1921 год у мястэчку было 164 двары.

У 1939 годзе Мікалаеўшчына ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года зрабілася цэнтрам сельсавета Стаўбцоўскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 1970 года тут працуе турыстычная база «Высокі Бераг», з 1972 года — Коласаўскі дзяржаўны заказнік. Станам на 1997 год у вёсцы было 360 двароў, на 1 студзеня 2004 года — 309 двароў.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1860 — 500 чал.; 1886 — 640 чал.; 1897 — 935 чал. XX стагоддзе: 1901 — 1204 чал.; 1921 — 929 чал.; 1939 — 1000 чал.; 1997 — 743 чал. XXI стагоддзе: 1 студзеня 2004 — 679 чал.

Інфраструктура У Мікалаеўшчыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, пошта.

Славутасці Помнік археалогіі — паселішча 3-га тыс. да н.э. Філіял музея Якуба Коласа. Помнік Якубу Коласу

Страчаная спадчына Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны ў 1652 годзе і разабраны дзеля пабудовы Свята-Мікалаеўскай царквы. Царква Святога Мікалая, узведзеная ў 1876 годзе на месцы былога касцёла і разбураная ў 1960 годзе.

Вядомыя ўраджэнцы Высокі Бераг, родны, мілы! Люблю я твой пяшчаны скат І хвоек нізкіх гурт пахілы, Капцоў гранічных цэлы рад.

…

Высокі Бераг, кут мой мілы! Люблю я жоўць тваіх пяскоў, разложных хвоек гурт пахілы І ціхі гоман лазьнякоў. Якуб Колас. «Высокі Бераг».Якуб Колас. «Высокі Бераг» Мікола Адам (нар. 1978) — беларускі паэт, празаік. Лявон Белы (1927) — публіцыст. Міхась Белы (1931—1970) — грамадскі дзеяч. Сымон Белы (1929—2005) — беларускі пісьменнік. Павел Пятровіч Дземідовіч (1871—1931) — беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, педагог. Алесь Камароўскі (нар. 1947) — беларускі пісьменнік. Якуб Колас (1882—1956) — класік беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч. Антон Лёсік (1872—1949) — настаўнік, мовазнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Язэп Лёсік (1883—1940) — беларускі нацыянальны і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог Алесь Міцкевіч (1919—2015) — беларускі грамадска-культурны, рэлігійны і свецкі дзеяч. Міхась Міцкевіч (1897—1991) — грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа Мікалай Іванавіч Міцкевіч (нар. 1945) — беларускі педагог, спецыяліст у галіне тэорыі і методыкі прафесійнай адукацыі. Мікола Прускі (1928—2014) — дзеяч беларускай эміграцыі, выдавец, рэдактар, грамадскі і культурны дзеяч. Аляксандр Сянкевіч (1884—1938) — дзяржаўны і партыйны дзеяч Беларусі, вучоны, пісьменнік, публіцыст

Літаратура

Спасылкі

Мікалаеўшчына на Radzima.org

Катэгорыя:Мікалаеўшчынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Стаўбцоўскага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства