Панівойская гара — узгорак у г. Мсціславе Магілёўскай вобласці. Размешчана на ўсход ад Замкавай і Троіцкай гор, ад якіх аддзелена ярам ручая Здаравец. Плошча ўзгорка складае каля 2,5 га.

На схіле Троіцкай і Панівойскай гор знойдзена кераміка XII—XIII стст. Нейкае паселішча ў гэты час існавала і на самой гары. У час шурфоўкі быў выяўлены культурны слой магутнасцю 0,3 м, у якім была знойдзена кераміка гэтага часу і матэрыялы XVI—XVIII стст. Назва Згодна са звесткамі У. Г. Краснянскага сваю назву яна атрымала ад таго, што тут некалі жыла аўдавелая Ульяна, жонка мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча, гэта значыць у канцы XV ст. Аднак мяркуючы па назве, гара атрымала яе ў больш позні перыяд, ад нейкай «пані войскай» — жонкі мсціслаўскага войскага. Войскія з’явіліся ў Мсціславе толькі пасля арганізацыі Мсціслаўскага ваяводства ў 1565—1566 гадах, такім чынам, назва гары магла з’явіцца пасля гэтага часу.

Літаратура