«Варацішын крыж» — валун у вёсцы Камена Вілейскага раёна. Помнік эпіграфікі і геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Ляжыць у паўночнай частцы Камена, на правым беразе Віліі, за 100 метраў ад ракі. Мае звонападобную формуДучыц Л. У., Звяруга Я. Г. Варацішын камень // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. — Мінск, 1993. — С. 113—114. (нахіл бакоў каля 80°) і згладжаныя, амаль адпаліраваныя бакі. Вышыня каменя 1,9 м, акружнасць — 10,8 м. Вышыня выбітага на камені крыжа — 1,72 м, шырыня верхняй перакладзіны — 0,43 м, ніжняй — 0,61 м.
Паводле народнага падання, запісанага Канстанцінам Тышкевічам у 1857 годзе, гэта скамянелы шавец, пакараны Богам за працу на Вялікдзень. Цяпер такой легенды ў вёсцы не памятаюць, але да каменя ставяцца з павагай. Знаходзіцца камень за драўляным плотам на прыватным падворку.
У XIX стагоддзі валун называлі найстаражытнейшым помнікам хрысціянскай даўніны, тады на камені былі заўважны сляды надпісу блізкага да «[Господи помози] рабу св[о]е[м]у [Борису]», таму камень далучаюць да шэрагу Барысавых камянёў. На адны баку выбіты вялікі васьміканцовы крыж з надпісам «Воротишин Хрестъ» — адсюль назва валуна. Лічаць, што надпіс зроблены загадам полацкага князя Барыса Усяславіча майстрам Варацішам. На думку Міколы Ермаловіч, надпіс высечаны ў 1102—1106 гадах падчас паходу князя Барыса на яцвягаў.
Хутчэй за ўсё, некалі каля гэтага каменя было язычніцкае капішча, на карысць чаго сведчаць два несіметрычныя акруглыя паглыбленні на яго вяршыні. Апроч таго, за 30 метраў на захад ад апісанай камлыгі захаваўся другі валун, які, па словах гаспадара зямлі, па памерах большы за Варацішын крыж. Але на сёння надземная яго частка даволі сціплая: вышыня ўсяго 1,5 метра, а даўжыня 3. Пра гэты камень таксама захавалася легенда: «Кажуць, што каля валуна вельмі часта раптоўна з’яўляўся залаты конь, які скакаў вакол яго і так жа ж раптоўна знікаў. Людзі палічылі гэта знакам, маўляў, пад каменем схавана золата. Два браты вырашылі спраўдзіць. Але пакуль адзін спаў, другі хуценька пачаў падкопваць камень, спадзеючыся, што ўсё знойдзенае золата дастанецца яму аднаму. Золата дзяцюк не знайшоў, а камень ссунуўся ў яму і ад таго часу ледзь узвышаецца над зямлёй».
Крыніцы
Літаратура Дучыц Л., Клімковіч І. Таямніцы каменных валуноў // Полымя. № 10. 2007. Карабанаў А. К., Вінакураў В. Ф., Дучыц Л. У., Зайцаў А. П., Клімковіч І. Я. Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі. — 3-е выд. — Мінск, 2023. — С. 221.
Спасылкі
Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Мінскай вобласці Катэгорыя:Геалогія Вілейскага раёна Катэгорыя:Славутасці Вілейскага раёна Катэгорыя:Барысавы камяні Катэгорыя:Валуны Беларусі