Тавары́ства Во́льных Літара́тараў — літаратурная суполка, заснаваная 8 мая 1993 года на ўстаноўчым сходзе ў Наваполацку. Была зарэгістравана, аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пазбаўлена рэгістрацыі. Кола ўдзельнікаў адмыслова абмежаванае.

Складалася пераважна з пісьменнікаў двух беларускіх рэгіёнаў — Полаччыны і Гродзеншчыны. Галоўны каардынатар — Алесь Аркуш. Сябры Рады — Юрый Гумянюк, Вінцэсь Мудроў, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа, Сяргей Шыдлоўскі.

Для сяброў таварыства характэрныя наступныя прынцыпы: схільнасць да мадэрнізму ў паэзіі; перавага прыватнага над дзяржаўным; рэгіяналізм. У 1993 годзе Таварыства вольных літаратараў заснавала прэмію «Гліняны Вялес». У 1996—1998 гадах некалькі тэвээлаўцаў пакінулі арганізацыю, каб уступіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. У 2003 годзе, калі адзначалася 10-годдзе арганізацыі, на валуне выбілі абрэвіятуру «ТВЛ». Акрамя паэзіі ўдзельнікі суполкі таксама звяртаюць увагу на прозу, эсэ і драматургію. Творы некаторых тэвээлаўцаў перакладзены на іншыя мовы (польская, украінская), частка літаратараў увайшла ў Беларускі ПЭН-цэнтр.

Арганізацыя выдавала часопіс «Калосьсе» (выйшла 11 нумароў) і альманах «Ксэракс Беларускі» (выйшла 6 нумароў). Заснавала выдавецкую суполку «Полацкае ляда». Наладзіла міжнародныя канферэнцыі «Альтэрнатыўная літаратура. Паасобныя намаганьні да агульнае мэты. Новыя імёны новай Усходняй Эўропы» (1994), «Літаратурны працэс: рэцыдывы посттаталітарнай маргінальнасьці» (1995), «Праблемы развіцьця і станаўленьня недзяржаўнага літаратурнага друку» (1996) (усяго суполка правяла 4 канферэнцыі).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Літаратурныя аб’яднанні Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1993 годзе Катэгорыя:1993 год у Беларусі