Вуліца Талбухіна — вуліца ў Першамайскім раёне Мінска. Названа ў гонар Фёдара Іванавіча Талбухіна (1894—1949), савецкага палкаводца, Маршала Савецкага Саюза, Героя Савецкага Саюза.
Вуліца Талбухіна знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы горада. Бярэ пачатак ад праспекта Незалежнасці і заканчваецца скрыжаваннем з вуліцай Кнорына, перасякаецца з вуліцамі Кузьмы Чорнага і Кедышкі. Працягласць 700 м ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Кнорына.
Забудова Па цэнтры вуліцы праходзіць шырокі бульвар, у пачатку якога знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў, закатаваных ці расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1944 гг. Як адзіны горадабудаўнічы комплекс узведзены жылыя дамы № 12, 14, 16 і кінатэатр «Партызан» (цяпер Дом кіно), рэстаран «Каменная кветка».
Жылыя дамы № 12, 14, 16 пабудаваны як жылы мікрараён у 1962—1966 гадах па праекце архітэктара Ю. Шпіта і інжынера Я. Саманчука. Прасторавая кампазіцыя ансамбля заснавана на кантрасце вертыкалей 9-павярховых жылых дамоў і падоўжанага 1—2-павярховага аб’ёму, у якім размешчаны прадпрыемствы культурна-бытавога абслугоўвання. У агульнай кампазіцыі выкарыстаны пакаты рэльеф мясцовасці. Дамы — комплекс першых па Беларусі 9-павярховых буйнананельных жылых дамоў. Кожны дом мае 70 кватэр: 37 аднапакаёвых, 29 двухпакаёвых і 4 трохпакаёвыя кватэры. На першых паверхах прадугледжаны вестыбюль, пакой для заняткаў дзяцей. У кожным доме на 2 лесвічна-ліфтавыя групы, аб’яднаныя калідорамі 1-га паверха. Ліфтавыя шахты вынесены за асноўныя аб’ёмы, балконы размешчаны ў шахматным парадку.
Літаратура
Спасылкі
Архітэктура вуліцы Талбухіна ў базе Photobuildings
Катэгорыя:Вуліцы Мінска Катэгорыя:Першамайскі раён (Мінск)
Катэгорыя:Бульвары Мінска