Рыгор Антонавіч Віткоўскі (, Мінск — , Мінск) — беларускі мастак-графік, ілюстратар, акварэліст, плакатыст.

Біяграфія Нарадзіўся года ў Мінску. З 10-га класа займаўся ў студыі ў Міхаіла Керзіна.

У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў акупацыі. Удзельнічаў ва Усходне-Прускай стратэгічнай аперацыі, у баях за ўзяцце Кёнігсберга, у Маньчжурскай наступальнай аперацыі ў складзе войскаў Забайкальскага фронту, вайне з Японіяй і інш. Яфрэйтар.

У 1947 годзе вярнуўся ў Мінск, паступіў у мастацкае вучылішча. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1953 годзе і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1959 годзе. Вучыўся ў П. Любамудрава і С. Геруса. Дыпломнай працай былі ілюстрацыі да кнігі В. Форш «Апранутыя ў камень», якія атрымалі вельмі высокую адзнаку ў Барыса Іагансона, які быў старшынёй дыпломнай камісіі.

З 1959 года — удзельнік мастацкіх выставак. З 1965 да 1985 года выкладаў на архітэктурным факультэце БПІ, дацэнт.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1965 года.

Памёр года ў Мінску.

Творчасць Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, а таксама ў акварэлі. Выкарыстоўваў афорт, літаграфію, аловак і сангвін.

Сярод асноўных твораў — графічныя серыі: «Вайна», «На радзіме Янкі Купалы», «Мінск зімой», «Мінск учора і сёння», «Налівайка ў Магілёве», «Героі Мінскага падполля»; пейзажы: «Браслаўшчына. Поўдзень», «Пасля навальніцы», «У тарах выпаў снег», «Нёманскія далі», «Улетку на Нёмане»; ілюстрацыі да кнігі В. Форш «Апранутыя ў камень» (дыпломная праца), партрэты Г. Цітовіча, У. Дзядзюшкі, Я. Купалы, П. Гур’ева. У суаўтарстве з Арленам Кашкурэвічам распрацаваў серыю плакатаў па правілам дарожнага руху.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, мастацкім музеі г. Веніс (Францыя), фондах БСМ.

Сям'я У шлюбе з Лідзіяй Аляксандраўнай, якая паходзіла з Расіі, меў дачку Вераніку Віткоўскую (нар. 1957) і сына Рамана Віткоўскага (1960–2012), таксама мастакоў. Унучка Таццяна Віткоўская, дачка Веранікі, стала піяністкай.

Па ўспамінах дачкі, уся творчасць Рыгора Віткоўскага была прысвечана Беларусі, якую ён вельмі любіў. Віткоўскі цудоўна валодаў беларускай мовай, але ў сям'і размаўлялі на рускай.

Узнагароды Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Японіяй», ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і іншымі памятнымі ўзнагародамі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мастакі Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Мастакі-ілюстратары Беларусі Катэгорыя:Акварэлісты Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Мастакі-плакатысты Беларусі