XII Рэспубліка́нскі фестыва́ль нацыяна́льных культу́р — культурна-масавае мерапрыемства, якое адбывалася з 1 да 3 чэрвеня 2018 года ў беларускім Гродне. У ім узялі ўдзел каля двух тысяч чалавек, якія прадставілі 40 нацыянальнасцяў. Фестываль наведалі больш за 120 тысяч гасцей і гледачоў, таксама замежных, чаму паспрыяў бязвізавы рэжым з краінамі ЕС.

Адкрыццё і мерапрыемствы

Фестываль -- фінальная частка мерапрыемстваў; лаўрэаты-ўдзельнікі рэспубліканскага фестывалю вылучаліся цягам года на абласных аглядах.

Да афіцыйнага адкрыцця фестывалю адбылася ўрачыстая прэзентацыя помніка Давыду Гарадзенскаму каля Новага замку. Пачаўся фестываль шэсцем удзельнікаў увечары 1 чэрвеня ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай, дзе адбылася цырымонія адкрыцця. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі 35 нацыянальнасцей. Адкрыццё фестывалю прадугледжвала канцэрт зорак беларускай эстрады і нумары нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. Кульмінацыяй стала 3D-mapping-show і феерверк.

У рамках Фестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Падчас фестывалю адбыліся такія падзеі, як пасадка новых дрэў на Алеі сяброўства ў Каложскім парку, канцэрт арганнай музыкі ў Лютэранскай кірсе, паказ міжнацыянальных кінастужак на пляцоўцы кінатэатра «Красная зорка» пад адкрытым небам, футбольны матч паміж камандай старшыні Гродзенскага гарвыканкама і камандай прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародная літаратурная вечарына, выставы «Музей пад адкрытым небам» і «Вокны Фэсту».

У межах фестывалю адбыліся канцэрты ансамбляў «Песняры», «Белыя росы», «», кавер-гурта «TENИ», фальклорнага калектыву «Rozsutec» (Славацкая Рэспубліка), Ірыны Дарафеевай і іншых выканаўцаў. На працягу ўсяго фестывалю на тэрыторыі Старога горада працавалі народныя майстры і рамеснікі.

Прэзентацыя нацыянальных падворкаў

2 чэрвеня адбыліся культурныя мерапрыемствы на размешчаных уздоўж вуліц Замкавай, Савецкай, Ажэшка, плошчы Леніна і парку Жылібера 19 нацыянальных падворках дыяспар Беларусі: яўрэйскі падворак; кітайска-карэйскі падворак; літоўска-латышска-эстонскі падворак; малдаўскі падворак; армянскі падворак; шматнацыянальны падворак (арабы, афганцы, індзійцы, іранцы, палестынцы, тамілы, туркмены, узбекі, цыганы); украінскі падворак; рускі падворак; казахскі падворак; азербайджанскі падворак; дагестанскі падворак; падворак «Шматгалоссе»; шматнацыянальны падворак (амерыканцы, англічане, балгары, іспанцы, італьянцы, лацінаамерыканцы, немцы); чувашска-мардвінскі падворак; грэчаскі падворак; грузінскі падворак; беларускі падворак; татарска-башкірскі падворак; польскі падворак.

Аўгустоўскі канал

3 чэрвеня ўрачыстасці з нагоды фестывалю адбыліся на тэрыторыі Аўгустоўскага канала, каля шлюза Дамброўка. Мелі месца спаборніцтвы па скандынаўскай хадзьбе з перашкодамі, фестывальна-святочная прэзентацыя харэаграфічных гуртоў Гродзеншчыны і канцэрт мастацкіх калектываў аматарскай творчасці ўстаноў культуры Гродзенскага раёна. Працавалі выстаўкі майстроў-рамеснікаў, майстар-класы, гульнёвыя пляцоўкі, літаратурны падворак.

Спасылкі

Праграма мерапрыемстваў XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродна

Катэгорыя:Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур Катэгорыя:2018 год у Гродне Катэгорыя:Чэрвень 2018 года