«Падво́йнае жыццё́ Верані́кі» (, ) — двухмоўны фільм польскага кінарэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага, зняты ў 1991 годзе пры ўдзеле Польшчы, Францыі і Нарвегіі. Гэты фільм з’яўляецца першай карцінай кінарэжысёра, якую ён часткова здымаў за мяжой Польшчы.

Фільм расказвае гісторыю дзвюх маладых жанчын: польскай харысткі Веранікі і як дзве кроплі вады падобнай на яе французскай настаўніцы музыкі Веранік. Жанчыны не ведаюць пра існаванне адна адной, але звязаны таямнічай эмацыйнай сувяззю, якую Кшыштаф Кеслёўскі падкрэслівае праз адлюстраванні, колеры, гукі і мноства іншых дэталяў, што ўтвараюць безліч тонкіх паралеляў паміж дзвюма гераінямі. У абрамленні мігатлівай аператарскай працы Славоміра Ідзяка і таямнічай музыкі Збігнева Прайснера кінастужка ўяўляе сабой «адну з найбольш чыста метафізічных карцін», «незабыўную сімфонію пачуццяў».

Прэм’ера фільма адбылася 15 мая 1991 года ў межах конкурснай праграмы 44-га Канскага кінафестывалю, дзе фільм быў адзначаны трыма ўзнагародамі, у тым ліку за найлепшую жаночую ролю . «Падвойнае жыццё Веранікі» было абрана кандыдатам на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове ад Польшчы, але не трапіла ў канчатковы спіс намінантаў.

Анатацыя Лёс спрыяе маладой польскай жанчыне Вераніцы. Пасля імправізаванага спеву на сяброўчынай рэпетыцыі ёй прапаноўваюць сольную партыю ў канцэрце. Вераніка, аднак, пакутуе ад праблем з сэрцам і памірае падчас канцэрта. Незадоўга да смерці, ідучы Кракаўскай плошчай, яна на імгненне заўважае жанчыну як дзве кроплі вады падобную на яе. Імя жанчыны Веранік, яна жыве ў Парыжы і працуе настаўніцай музыкі ў школе. Адразу ж пасля смерці Веранікі, аб чыім існаванні Веранік не падазрае, на яе накатвае хваля смутку і адзіноты. Па невядомых для яе самой прычынах яна кідае свае заняткі па вакале і звяртаецца да кардыёлага. Неўзабаве яна сустракае казачніка-лялькавода, які можа дапамагчы ёй разабрацца ў сабе і дакрануцца да таямніцы яе жыцця.

Сюжэт Польшча. Маці паказвае дзяўчынцы першую зорку ў вячэрнім небе. «Гэта зорка, якую мы чакалі, каб пачаць Вігілію» — кажа яна.Францыя. Маці паказвае дзяўчынцы першы лісточак. «Зараз вясна, і хутка на ўсіх дрэвах з’явяцца лісточкі» — тлумачыць яна.

Польшча. Маладая жанчына Вераніка (Ірэн Жакоб) спявае ў хоры на вольным паветры. Раптам пачынаецца залева і ўсе спевакі ўцякаюць. Вераніка адна працягвае цягнуць апошнюю ноту, усміхаючыся дажджу, што падае ёй на твар. Пасля канцэрту Вераніка сустракае свайго каханага, Антэка (), і яны кіруюцца да яго на кватэру, дзе займаюцца сексам. Вераніка гутарыць са сваім бацькам. Яна просіць яго паведаміць Антэку, што з’язджае да сваёй хворай цёткі ў Кракаў. Потым яна прызнаецца бацьку, што апошнім часам мае дзіўнае пачуццё, быццам яна не адна на свеце, але бацька не разумее яе слоў, а яна не можа патлумачыць.

Вераніка едзе ў Кракаў на цягніку. Дарогай яна разглядае пейзажы праз празрысты шарык: перакуленыя дамы, дрэвы, людзі. Прыехаўшы да цёткі (), Вераніка расказвае ёй пра свае адносіны з Антэкам. Пазней яна дамаўляецца аб сустрэчы з сяброўкай, якая жыве ў Кракаве. Тая прапануе сустрэцца падчас рэпетыцыі хору і Вераніка згаджаецца. Яна назірае за ходам рэпетыцыі і ў пэўны момант пачынае падпяваць. У яе прыгожае звонкае сапрана, і хормайстар, азірнуўшыся, не прыпыняе яе. Пасля рэпетыцыі хормайстар прапануе Вераніцы прайсці праслухоўванне. Усцешаная Вераніка ляціць дамоў з папкай нот. Мінаючы Рынкавую плошчу, Вераніка трапляе ў натоўп дэманстрантаў, якіх разганяюць сілавыя структуры. Адзін з уцекачоў на бягу сутыкаецца з Веранікай, і тая ўпускае папку і рассыпае ноты. Сабраўшы ноты, Вераніка заўважае маладую жанчыну, якая робіць здымкі пратэстуючых — жанчына выглядае дакладна як яна сама. Вераніка ў некаторай разгубленасці ўсміхаецца і назірае, як жанчына разам са сваёй турыстычнай групай сядае ў аўтобус і з’язджае.

На праслухоўванні Вераніка ўражвае сваімі вакальнымі здольнасцямі музычнага кіраўніка і дырыжора (Аляксандр Бардзіні). Аднак такое напружанне не праходзіць дарма. Па дарозе дамоў у Веранікі моцна прыхоплівае сэрца, аднак, перацярпеўшы, яна не звяртаецца да ўрачоў. Праз нейкі час Вераніцы паведамляюць, што яна выйграла конкурс і зацверджана салісткай. Калі цётка пытаецца, як у яе справы, Вераніка адказвае: «Добра. Я нават спужалася, што занадта добра».

Вераніка ў трамваі вучыць ноты і знянацку заўважае, што надварэ на матацыкле едзе Антэк. Выйшаўшы з трамвая, Вераніка спрабуе выбачыцца, што не адказвала на яго званкі. Антэк жа толькі кажа, што кахае яе, і што калі яна захоча яму нешта сказаць, то яна можа патэлефанаваць яму. Антэк з’язджае, але Вераніка кідаецца за ім і, дагнаўшы, просіць адвезці яе дамоў. Яна абяцае яму патэлефанаваць.

Вераніка прыбіраецца да канцэрта. Яна выглядвае ў акно і бачыць старэнькую бабульку, што, сагнуўшыся, цягне торбы. Вераніка прапануе ёй дапамогу, але бабулька не адзываецца. Гэтым вечарам Вераніка ўпершыню саліруе на вялікай сцэне. Яна неверагодна спявае, але напружанне замоцнае для яе сэрца. Вераніка падае мёртвай на сцэне, яе душа пралятае над галовамі слухачоў.

У той жа час у Парыжы маладая францужанка па імені Верані́к (Ірэн Жакоб) займаецца сексам з маладым чалавекам, але знянацку на яе накатвае хваля смутку. Яна просіць маладога чалавека пакінуць яе адну. Веранік адпраўляецца да свайго настаўніка музыкі, каб сказаць, што кідае заняткі. Той абвінавачвае Веранік у тым, што яна зарывае свой талент, але яна цвёрдая ў сваім рашэнні, хоць і не можа патлумачыць прычын.

Школу, дзе Веранік выкладае музыку, наведвае тэатр , і яна вядзе дзяцей на прадстаўленне. Спектакль расказвае гісторыю балерыны, якая, танцуючы, ламае сабе нагу і памірае. Аднак потым яна паўстае з мёртвых, пераўтвараючыся ў матыля. Пакуль дзеці ў захапленні назіраюць за прадстаўленнем, Веранік сочыць за лялькаводам (), якога бачыць у адлюстраванні. Ён таксама заўважае яе. Вярнуўшыся ў клас, Веранік прапануе дзецям развучыць мелодыю, якая гучала ў спектаклі — твор Ван дэн Будэнмаера, галандскага кампазітара XVIII ст. Гэта той самы твор, падчас выканання якога памерла польская дзяўчына Вераніка. Пасля заняткаў, калі Веранік выходзіць са школы, у яе прыхоплівае сэрца, і яна адпраўляецца ў лякарню. Вечарам, вяртаючыся на аўтамабілі дамоў, Веранік спыняецца на чырвоны сігнал святлафора і спрабуе закурыць. Побач стаіць фургон. Кіроўца сігналіць, прыцягваючы ўвагу Веранік, і паказвае ёй, што яна трымае цыгарэту не тым бокам. Веранік пазнае ў кіроўцы фургона лялькавода. Ноччу раздаецца тэлефонны званок, Веранік прачынаецца і бярэ трубку, але там маўчанне. Яна кажа, што павесіць трубку, але голас адказвае «Не». У трубцы чуецца музыка Ван дэн Будэнмаера.

Веранік едзе да свайго бацькі. Яна прызнаецца яму, што ў некага закахалася, але не ведае ў каго. Таксама яна кажа, што нядаўна адчула, што засталася адна, нібыта нехта знік з яе жыцця. Вярнуўшыся ў Парыж, Веранік атрымлівае дзіўны ліст: у канверце няма анічога апроч шнурка ад абутку. Яна выкідвае ліст у сметніцу. Веранік будзіць блік святла. Яна выглядвае ў акно і бачыць, што суседскі хлопчык пускае ёй у твар сонечнага зайчыка. Хлопчык усміхаецца ёй і знікае ў сваёй кватэры, але і пасля яго адыходу блік святла працягвае блукаць па пакоі Веранік. Веранік знаходзіць у сметніцы выкінуты раней ліст са шнурком. Разглядваючы сваю кардыяграму, яна кладзе на яе шнурок і расцягвае яго ў прамую лінію — шнурок нагадвае кардыяграму чалавека, у якога спынілася сэрца.

Веранік даведваецца, што лялькавод — аўтар дзіцячых кніг Аляксандр Фабры, а гісторыя пра балерыну заснавана на яго кнізе «Страказа і матылёк». Адна з іншых яго кніг прысвечана шнурку ад абутку. Наступныя дні Веранік праводзіць за чытаннем кніг Аляксандра. Калі паштальён прыносіць ёй чарговую пасылку, яна ўгадвае, што там будзе пустая каробка з пад сігар «Вірджынія». Веранік наведвае бацьку і той перадае адрасаваны ёй пакунак. Гэтым разам гэта аўдыёкасета. Застаўшыся адна, Веранік слухае таямнічы запіс, поўны розных гукаў: гукі скамечанай паперы, крокі, рыпенне дзвярэй, гукі чыгуначнай станцыі і абслугоўвання ў кафэ, фрагмент музыкі Ван дэн Будэнмаера і ў завяршэнне гукі аўтакатастрофы. Усе гэтыя гукі і паштовы штэмпель на лісце прыводзяць Веранік у кафэ ля вакзала Сен-Лазар, побач стаіць згарэлая машына. Менавіта тут магла быць запісана гэта касета. У кафэ Веранік бачыць Аляксандра, які сядзіць адзін за столікам, нібыта чакаючы яе. Аляксандр гаворыць Веранік, што чакае яе тут ужо два дні. Ён працуе над новай кнігай і гэта быў своеасаблівы эксперымент: ён хацеў даведацца, ці можа ў сапраўдным жыцці жанчына адклікнуцца на тыя знакі, што ён ёй пасылаў. Засмучаная і ўзлаваная тым, што яе проста выкарыстоўвалі, Веранік уцякае і хаваецца ад Аляксандра, той пускаецца ўдагонку, тады Веранік ловіць таксі.

Веранік здымае нумар у гатэлі. Аднак, збіраючыся падняцца ў нумар, сутыкаецца з Аляксандрам, які, відаць, бег за таксі. Ён просіць яе аб прабачэнні, і яна дазваляе яму падняцца ў нумар, дзе яны абодва засынаюць. Сярод ночы Аляксандр будзіць Веранік і гаворыць ёй, што кахае яе. Яны займаюцца сексам. Раніцай Аляксандр распытвае Веранік пра яе жыццё. У адказ Веранік высыпае на ложак усё са сваёй сумачкі. Аляксандр разглядвае памаду, акуляры, празрысты шарык. Сярод іншых рэчаў Аляксандра зацікаўлівае раскадроўка фотаздымкаў, якія Веранік зрабіла падчас экскурсіі ў Польшчы. На адным з іх ён знаходзіць саму Веранік, але Веранік упэўнівае яго, што гэта не можа быць яна. Яна ўважлівей прыглядваецца да здымка і знянацку пачынае плакаць. Аляксандр суцяшае яе, і яны зноў займаюцца сексам.

Веранік прачынаецца ў доме Аляксандра і знаходзіць яго за працай: ён майструе новую марыянетку. У марыянеткі твар Веранік. Побач ляжыць яшчэ адна марыянетка — такая ж. Веранік цікавіцца, навошта яму дзве аднолькавыя марыянеткі. «Для спектакля я раблю некалькі лялек. Яны лёгка ламаюцца», — тлумачыць Аляксандр. Ён паказвае Веранік, як кіраваць марыянеткай, іншая ж марыянетка ляжыць на стале — без жыцця. Аляксандр чытае Веранік сваё новае апавяданне: «23 лістапада 1966 года было самым важным днём у іх жыцці. Гэта быў той дзень, калі а трэцяй гадзіне раніцы яны абедзве з’явіліся на свет у двух розных гарадах, на двух розных кантынентах. У абедзвюх былі цёмныя валасы і зялёныя вочы. Ім было па два гады, і яны ўжо ўмелі хадзіць. Адна апяклася, дакрануўшыся да печы. А цераз некалькі дзён другая пацягнулася да печы, але своечасова адхапіла руку. Хаця яна не ведала, што можа апячыся». «Табе падабаецца?» — пытае Аляксандр. — «Гэта можна назваць „Падвойнае жыццё“… Я пакуль не ведаю, якія ім даць імёны».

Веранік едзе да бацькі. Яна спыняе аўтамабіль перад варотамі дома і, працягнуўшы руку праз адкрытае акно, кладзе далонь на дрэва. Яе бацька працуе ў доме, адчувае, што прыехала Веранік, хоць яшчэ не ўбачыў яе.

Акцёрскі склад

Польская частка фільма

Французская частка фільма

Вытворчасць

Падбор акцёраў міні|злева|x220пкс|alt=Ірэн Жакоб|Ірэн Жакоб на Канскім кінафестывалі 1991 года. «Падвойнае жыццё Веранікі» — першы фільм Кшыштафа Кеслёўскага, які ён здымаў за мяжой, не маючы досведу працы ў заходняй сістэме кастынгу. Першапачаткова рэжысёр меў намер аддаць галоўную ролю ў фільме амерыканцы , і тая пагадзілася здымацца ў фільме. Аднак прадзюсар адклаў падпісанне кантракту. У выніку актрыса прыняла прапанову ад іншай кінастудыі. Пасля гэтага Кеслёўскі прыступіў да пробаў сярод французскіх актрыс. У выніку ролю атрымала дваццацічатырохгадовая франка-швейцарка Ірэн Жакоб, якая да таго здымалася ў некалькіх малавядомых фільмах, а таксама сыграла невялікую ролю ў стужцы Луі Маля «Бывайце, дзеці». Аглядальнік Джонатан Ромні адзначае, што ўявіць некага іншага ў ролях Веранікі і Веранік даволі складана. З аднаго боку гэта звязана з тым, што актрыса не мела іншых яркіх роляў на момант здымкаў і стала асацыявацца з вобразам, створаным у фільме Кеслёўскага, з іншага ж боку — гераіні, якіх іграе Ірэн, практычна ўвесь фільм знаходзяцца ў кадры.