Альховыя лясы, але́шнікі — фармацыя драбналістых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха.

Чорнаальховыя лясы

Чорнаальховыя лясы, чорнаалешнікі — фармацыя карэнных лісцевых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха чорная. На Беларусі займаюць 646,7 тыс. га (8,2 % агульнай плошчы лясоў). Найбольш буйныя масівы на Палессі, у Бярэзінскім біясферным запаведніку, Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Растуць на нізінных балотах з глебамі ад перагнойна-глеевых да глыбокіх тарфяных. У падлеску пераважаюць крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя і каласковая, вярба попельная, ляшчына, маліна, каліна і інш. Вылучаюць асноўныя тыпы чорнаалешнікаў: вятроўнікавы, асаковы, крапіўны, папарацевы, кіслічны, сніткавы, балотна-папарацевы, вербняковы, касачовы. Большасць тыпаў вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю, даюць драўніну для фанернай і мэблевай вытворчасці, піламатэрыялы. Маюць водарэгулявальнае значэнне, умацоўваюць берагі рэк і азёр.

Шэраальховыя лясы

Шэраальховыя лясы, шэраалешнікі — фармацыя драбналістых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха шэрая. Утвараюцца на высечках яловых, шыракаліста-яловых лясоў, таксама ў выніку зарастання сельскагаспадарчых зямель. Займаюць пераважана ўрадлівыя дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзоліста-глеевыя і іншыя глебы. Пашыраны на поўначы Беларусі, займаюць каля 46 тыс. га. Вылучаюць 10 тыпаў шэраальховых лясоў, найбольш пашыраны кіслічнья, сніткавыя, злакавыя, арляковыя, вятроўнікавыя, папарацевыя і інш. Фітацэнозы шэраальховых лясоў маюць глебапаляпшальнае значэнне: узбагачаюць глебу азотам, які асвойваецца каранёвымі клубеньчыкавымі бактэрыямі.

Літаратура

Катэгорыя:Вольха Катэгорыя:Лясы