Святы Аўгусцін (Блажэнны) (, поўн. Аўрэлій Аўгусцін; — ) — філосаф, прапаведнік, хрысціянскі багаслоў і палітык. Святы каталіцкай царквы, лічыцца блажэнным у праваслаўі. Адзін з Айцоў Царквы, аказаў велізарны ўплыў на заходнюю філасофію і каталіцкую тэалогію. Частка звестак пра Аўгусціна атрыманая з яго аўтабіяграфічнай «Споведзі» («Confessiones»).
Праз маніхейства, скептыцызм і неаплатанізм прыйшоў да рымскага хрысціянства, вучэнне якога аб грэхападзенні і памілаванні зрабілі на яго моцнае ўражанне. У прыватнасці, ён бароніць (супраць Пелагія) вучэнне аб перадвызначэнні: чалавеку загадзя перадвызначана Богам блажэнства ці пракляцце. Чалавечая гісторыя, якую Аўгусцін выкладае ў кнізе «Аб горадзе Божым», «першай сусветнай гісторыі», паводле яго ёсць барацьба двух варожых царстваў — царства прыхільнікаў усяго зямнога, ворагаў Божых, г. зн. свецкага царства (civitas terrena ці diaboli), і царства Божага (civitas dei). Пры тым ён атаясамлівае Царства Божае, у адпаведнасці з яго зямной формай існавання, з рымскай царквой. Аўгусцін вучыць, што пры стварэнні свету Бог заклаў у матэрыяльны свет у зародку формы ўсіх рэчаў, з якіх яны пасля самастойна развіваюцца. Аўгусцін стаў пачынальнікам напрамку неаплатанізму ў хрысціянскай філасофіі (аўгусцінізму), які панаваў у Заходняй Еўропе да XIII ст., калі яго змяніў хрысціянскі арыстоцелізм Альберта Вялікага і Тамаша Аквінскага.
Яго памяць адзначаецца Каталіцкай царквой 28 жніўня, Рускай праваслаўнай царквой — 15 чэрвеня паводле старога стылю.
Біяграфія Аўгусцін нарадзіўся 13 лістапада 354 г. у афрыканскай рымскай правінцыі Нумідыя, у Тагасце (зараз Сук-Арас у Алжыры). Першую адукацыю атрымаў ад хрысціянкі-маці, аднак яго бацька быў паганцам. У маладосці Аўгусцін быў цалкам свецкім чалавекам, шукаў асалодаў, захапляўся лацінскай літаратурай. Скончыўшы школу ў Тагасце, накіраваўся ў бліжэйшы культурны цэнтр — Мадаўру. Увосень 370 г. накіраваўся на трохгадовае навучанне рыторыцы ў Карфаген.
Прага да чагосьці вышэйшага абудзілася ў ім толькі пасля чытання «Hortensius» Цыцэрона. Ён зацікавіўся філасофіяй, пачаў чытаць Біблію, далучыўся да папулярнай тады секты маніхеяў, з якімі заставаўся разам каля 10 гадоў, але, не знайшоўшы нідзе задавальнення, амаль зняверыўся, і толькі знаёмства з платанічнай і неаплатанічнай філасофіяй дапамагло яму знайсці выйсце для сябе. У той самы час выкладаў рыторыку спачатку ў Тагасце, а пасля ў Карфагене. У «Споведзі» Аўгусцін падрабязна спыніўся на 9 гадах, змарнаваных ім на «шалупінне» маніхейства. У 383 г. нават духоўны маніхейскі лідар Фаўст не даў рады адказаць на яго пытанні.
Тады ж, у 383, ён выправіўся з Афрыкі ў Рым, каб знайсці там настаўніцкую працу, але ўжо ў 384 атрымаў працу настаўнікам красамоўства ў Медыялане (Мілане). Тут, дзякуючы мясцоваму біскупу Амвросію, бліжэй пазнаёміўся з хрысціянствам, і гэтая акалічнасць, разам з чытаннем пасланняў апостала Паўла, зрабілі радыкальную перамену ў яго ладзе думак і жыцця. Гэтай падзеі Каталіцкая царква прысвяціла нават асобная свята (3 мая).
Прачытаўшы некаторыя трактаты Плаціна на лаціне, Аўгусцін азнаёміўся з неаплатанізмам, які прадстаўляў Бога як нематэрыяльнае трансцэндэнтнае Быццё. Наведаўшы прапаведзі Амвросія Медыяланскага, Аўгусцін зразумеў рацыянальную перакананасць ранняга хрысціянства. Паводле падання, аднойчы ў садзе Аўгусцін пачуў голас дзіцяці, які казаў яму наўгад адкрыць пасланні апостала Паўла, дзе яму патрапілася Пасланне да рымлянаў. Пасля таго ён, разам з маці, братам, абодвума стрыечнымі братамі, сябрам Аліпіем і двума вучнямі, аддаліўся на колькі месяцаў у Касыцыяк, на вілу аднаго з сяброў. На ўзор цыцэронавых «Тускуланскіх гутарак» Аўгусцін склаў некалькі філасофскіх дыялогаў.
На Вялікдзень 387 г. Аўгусцін разам са сваім сынам прыняў хрышчэнне ад Амвросія. Пасля вярнуўся ў Афрыку, папярэдне прадаўшы ўсю сваю маёмасць і амаль цалкам раздаўшы ўсё бедным. Пэўны час прабавіў у строгай самоце кіраўніком духовай грамады і ў 391 г., уступіўшы ў духовае званне з санам прэсвітэра, заняўся дзейнасцю прапаведніка. У 395 г. быў пасвечаны ў біскупы ў Гіпоне.
Аўгусцін памёр 28 жніўня 430 г., падчас першай асады Гіпона вандаламі.
Пасля некалькіх перапахаванняў рэшткі Аўгусціна ў 1842 г. зноў вернутыя ў Алжыр і захоўваюцца ля помніка Аўгусціна на развалінах Гіпона.
Палітычныя погляды Аўгусцін даводзіў перавагу духовай улады над свецкай. Дзяржава патрэбная з-за сілы грэхападзення чалавека і няздольнасці самастойна выйсці на шлях веры. Успрыняўшы вучэнне Аўгусціна, царква абвясціла сябе зямной часткай Божага горада і пазіцыянавала сябе як вярхоўнага арбітра ў зямных справах.
Аўгусцін рэзка супрацьпастаўляў царкву і дзяржаву. Сваім меркаваннем пра тое, што «горад зямны», гэта значыць дзяржаўнасць, звязаны з царствам д’ябла, ён паклаў пачатак многім сярэдневечным ерасям. Але адначасова ён абмяркоўваў ідэю абнаўлення «горада зямнога» ў рэчышчы хрысціянскай цноты: усе формы кіравання павінны паважаць Бога і чалавека.
Творы Самыя вядомыя творы: De civitate Dei (Пра горад Божы) Confessiones (Споведзь), духовая біяграфія De Trinitate (Пра Троіцу) De libero arbitrio (Аб свабоднай волі) Retractationes (Перагляды)
Крыніцы
Літаратура Troeltsch Е. Augustin, die Christliche Antike und das Mittelalter. Münch.—В., 1915 Cayré F. Initiation à la philosophie de S. Augustin. P., 1947 Gilson É. Introduction à l'étude de Saint Augustin. P., 1949 Jaspers К. Platon. Augustin. Kant. Drei Gründer des Philosophierens. Münch., 1967 Flasch K. Augustin: Einführung in sein Denken. Stuttg., 1980 Kloth F.A.G. Der heilige Kirchenlehrer Augustin. 2 Bd. Aachen, 1840 Bindemann C. Der heilige Augustinus. Berlin, 1844 Poujoulat J.-J.-F. Histoire de St. Augustin. 2ème éd., 2 t. Paris, 1852 Dorner A. Augustinus, sein theologisches System und seine religionsphilosophische Anschauung. Berlin, 1873
Спасылкі
Збор сачыненняў А. Аўгусціна Лацінскія тэксты найважнейшых сачыненняў S. Aurelii Augustini opera omnia: Patrologiae Latinae elenchus Аўгусцін Аўрэлій // Каталіцкая энцыклапедыя
Катэгорыя:Айцы Царквы Катэгорыя:Дактары Касцёла Катэгорыя:Царкоўныя палітыкі Катэгорыя:Філосафы V стагоддзя Катэгорыя:Лацінскія філосафы Катэгорыя:Хрысціянскія філосафы Старажытнага Рыма Катэгорыя:Эстэтыкі Катэгорыя:Прапаведнікі Катэгорыя:Каталіцкія і праваслаўныя святыя Катэгорыя:Святыя Афрыкі Катэгорыя:Хрысціянскія святыя V стагоддзя Катэгорыя:Персанажы «Боскай камедыі» Катэгорыя:Патрыстыка Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы