Міхаі́л Андрэ́евіч Саві́цкі (18 лютага 1922, в. Звянячы, Аршанскі павет, Віцебская губерня — 8 лістапада 2010, Мінск) — беларускі мастак-жывапісец. Прадстаўнік «суровага стылю». Народны мастак БССР (1972).

Біяграфія Нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў в. Звянячы Аршанскага павета Віцебскай губерні (цяпер — Талачынскі раён Віцебскай вобласці).

У 20-гадовым узросце, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны у Чырвоную Армію, як шараговы браў удзел у баях за Севастопаль, трапіў у палон. Быў зняволеным канцлагераў Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахау, дзе браў актыўны ўдзел у супраціўленні. Шчаслівым выпадкам не загінуў, саюзнікі вызвалілі лагер, калі Савіцкі паміраў у тыфозным бараку пасля 17-дзённага карцара за арганізацыю ўцёкаў.

Пасля вайны вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, затым у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. І. Сурыкава (скончыў у 1957).

Жыў і працаваў у Мінску. Правадзейны член АМ Расіі, акадэмік Нацыянальнай АН Беларусі. Быў кіраўніком дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры».

Памёр 8 лістапада 2010 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Творчасць Працаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць нямецкіх акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці Савіцкага займаюць партрэты. Галоўнае месца ў творчасці 1990—2001 гадоў займае хрысціянская тэматыка.

Для мастака характэрна публіцыстычнае, эмацыйна-экспрэсіўнае расчыненне гістарычных і сучасных тэм («Песня», 1957; цыклы «Гераічная Беларусь», 1967, «Лічбы на сэрца» (у аснову якога пакладзены ўспаміны і ўражанні пра нялюдскую жорсткасць у нямецкіх канцлагерах), 1976; карціны «Партызанская мадонна», «Легенда пра бацьку Міная», «Дзеці вайны» і інш.). Гэтыя палотны — паніхіда загінулым героям і гімн патрыятызму савецкіх людзей.

Погляды Гучны скандал здарыўся пасля першай дэманстрацыі цыклу карцін «Лічбы на сэрца», прысвечаных жахам канцэнтрацыйных лагераў. На палатне «Летні тэатр», дзе бульдозер звальвае ў канаву трупы забітых, побач з нямецкім карнікам, які смяецца і, відаць, толькі што здзейсніў гэтыя забойствы, дагодліва хіхікае і чалавек у лагернай вопратцы з характэрнымі яўрэйскімі рысамі і зоркай Давіда на грудзях. Ад мастака патрабавалі прыбраць зорку, ён адмаўляўся, але ўрэшце па асабістай просьбе Машэрава саступіў.

«Ад мяне патрабавалі замаляваць, прыбраць гэтую зорку, але я стаяў на сваім. Гэта ж быў не проста нейкі мастацкі вобраз, але і гістарычны факт. Я ж прайшоў не адзін канцлагер і бачыў, што ўся ўнутрылагерная эліта так, пачынаючы з блокавага або капо і канчаючы апошнім санітарам у якім-небудзь канціне, дзе зняволеныя паміралі з тыфу, дызентэрыі, сухотаў, звычайна, у асноўным складалася з яўрэяў. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, здаўна ж вядома, што гэты народ найбольш прыстасаваны і жывучы. І калі ад многіх іншых народаў і цывілізацый не засталося ўжо ні следу, ні ўспамінаў, то гэты народ не толькі выжыў, але і трыумфуе па ўсім свеце. Толькі ці мусім мы ва ўсім зайздросціць іх жывучасці і ісці іх шляхам? Вось пра што я думаў, працуючы над гэтай карцінай… Нават у той, апошняй вайне, яны паказваюць сябе толькі ахвярамі. А ўсе іншыя народы быццам перад імі вінаватыя. У Мітэльбаў-Доры, дзе я знаходзіўся, пакуль мог трымацца на нагах, большасць капо былі польскімі яўрэямі. І яны былі больш жорсткія за эсэсаўцаў. Так, я згодзен, у сям’і не без вырадка. Але нельга прыкідвацца, што нічога гэтага не было, і трывала гаварыць пра сябе, пра сваё».

Ростиков Е. Умей сказать: «Нет!» (К 80-летию Михаила Савицкого) // Завтра (газета), № 9(432) от 26.02.2002.

Узнагароды і званні

Народны мастак БССР (1972)

Дзяржаўная прэмія СССР (1973); Народны мастак СССР (1983); Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996) — за выдатны ўнёсак у выяўленчае мастацтва Беларусі і працы апошніх год; Ордэн Францыска Скарыны; Герой БеларусіУказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 135 ад 1 сакавіка 2006 года «Аб прысваенні М. С. Высоцкаму, П. П. Пракаповічу, В. А. Рэвяку і М. А. Савіцкаму звання „Герой Беларусі“» (2006)

Ушанаванне памяці У 2020 годзе ў гонар мастака назвалі вуліцу ў Мінску.

Літаратура Быков, В. Подвиг Савицкого // Известия. — 1979. — № . — 21 января. — С. Міхаіл Савіцкі = Михаил Савицкий = Mikhail Savitsky: [альбом] / [аўтар тэксту і склад. Б. А. Крэпак]. — Мн.: Беларусь, 2013. — 78, с.: іл., партр. — (Славутыя мастакі з Беларусі = Знаменитые художники из Беларуси = Famous artists from Belarus). — ISBN 978-985-01-1002-2 Рубінчык, В. Не кідайце лішніх камянёў у Міхаіла Савіцкага / Вольф Рубінчык // ARCHE. — 2010. — № 7 — 8 (94 — 95). — С. 7 — 19. — ISSN 1392-9682.

Спасылкі

Пра М. А. Савіцкага і яго творчасць Да 80-годдзя Міхаіла Савіцкага (Газета «Завтра») Міхаіл Андрэевіч Савіцкі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Героі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Талачынскім раёне Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 10-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Мінска Катэгорыя:Правадзейныя члены Акадэміі мастацтваў СССР