thumb|справа|Вергілій чытае «Энеіду» Аўгусту і Актавіі Публій Вергілій Марон (, 15 кастрычніка 70 да н.э., Андэс каля Мантуі — 21 верасня 19 да н.э., Брундузія (суч. Брындзізі, Італія)) — выдатны старажытнарымскі паэт.

Вергілій нарадзіўся каля сучаснай Мантуі, атрымаў выдатную адукацыю і пачаў пісаць першыя вершы, аднак скора ў Рыме пачаліся грамадзянскія войны і спынілі яго творчую дзейнасць. Вергілій выехаў у Рым, дзе пазнаёміўся з Актавіянам Аўгустам і Гаем Цыльніем Мецэнатам. Аўгуст заступаўся за таленавітага Вергілія, а Мецэнат дапамагаў яму грашыма і натхненнем.

Найбольш вядомымі творамі Вергілія з'яўляюцца розныя па тэматыцы «Буколікі», усхваляючыя працу земляроба і сельскае жыццё «Георгікі», а таксама вялікі, але незакончаны эпас «Энеіда», у якім ён паказаў шлях легендарнага героя Энея з Троі да ІталііVergilius (70 B.C.E. — 19 B.C.E.). Па прыкладу «Іліяды» Гамера «Энеіда» лічыцца нацыянальным эпасам рымлян. Ёсць меркаванне, што «Энеіда» магла быць палітычным заказам, таму што Аўгуст быў усыноўлены Цэзарам з рода Юліяў, а Юліі, у сваю чаргу, узводзілі свой род да Энея.

Пасля смерці Вергілія незакончаную «Энеіду» падрыхтавалі да выдання Луцый Варый Руф і Плотый Тука.

Біяграфія

Звестак аб Вяргілію амаль няма, а тыя, што ёсць, дайшлі да нас у выглядзе разрозненых цытат пазнейшых рымскіх аўтараў і ў складзе сямі кароткіх накідаў жыццяпісу знакамітых людзей з-пад пяра Светонія, якія часта прыпісваюцца Элію Данату, таму што тэкст захаваўся ў яго рукапісе. Некаторыя незалежныя біяграфічныя звесткі ўтрымліваюцца ў «Жыццяпісе» Бернскага рукапісу.

Сярод імён Вергілія, Публій цалкам звычайнае для рымляніна, іншыя два, відавочна, маюць этрускае паходжанне, хоць імя Вергілій мелі многія лаціны. Бацька паэта быў, верагодна, лацінам, чый род некалькімі пакаленнямі раней асеў у паўночнай Італіі, якая называлася тады Цызальпійскай Галіяй. Аб яго жыцці амаль нічога не вядома: паведамляецца толькі, што быў ён ці ганчаром, ці нават вястуном, і што ажаніўся ён з дачкой свайго гаспадара, а затым зарабляў развядзеннем пчол і продажам лесу. Імя маці Вергілія, Магія Полі, таксама гучыць на этрускі лад; у Вергілія яшчэ было мінімум два браты, аднак да яго паўналецця бацькі, напэўна, ужо памерлі.

Вергілій нарадзіўся 15 кастрычніка 70 годзе да н.э. у Мантуі, у пасёлку Анды, які часцяком атаясамляюць з сучасным П'етоле. Паводле падання Светонія, яго мацеры падчас цяжарнасці прыснілася, быццам яна нарадзіла лаўровыя галіны, якія, дакрануўшыся да зямлі, адразу пусцілі карані і з іх вырасла спелае дрэва з мноствам розных пладоў і кветак. Вергілій атрымаў добрую адукацыю: да 15-гадовага ўзросту ў Крэмоне, а затым у Медыялане (сучасны Мілан). У 19 гадоў Вергілій прыехаў у Рым, каб навучацца рыторыцы — у тыя часы абавязковай частцы вышэйшай адукацыі, неабходнай для палітычнай кар'еры. Прабыўшы ў Рыме каля года, ён далучыўся да заснаванага Філодэмам у Неапалі гуртка эпікурэйцай, які ўзначальваў Сірон. Але нягледзячы на цікавасць да эпікурызму і на глыбокую пашану да Лукрэцыя, Вергілій у выніку прымкнуў да вучэння стоікаў і Платона. К таму часу ён ужо пачаў пісаць невялікія вершы, і на маладога аўтара пачалі глядзець як на пераемніка Лукрэцыя, які сканаў незадоўга да таго. Вергілій рыхтаваўся да кар'еры адваката, але прыродная сарамлівасць вызначыла яго жыццё як паэта.

Светоній пісаў, што Вергілій быў высокага росту, крэпкага целаскладу, на твар смуглы, быў падобны на селяніна, але не адрозніваўся моцным здароўем: асабліва пакутаваў ён на жывот, горла, галаўны боль і часта пускаў сабе кроў. Умераны ў ежы і віне, ён любіў хлопчыкаў, — і асабліва любіў Цэбета і Аляксандра, якога яму падарыў Ізіній Палліён і які ў другой эклозе «Буколікаў» згаданы як Алексід. Хадзілі чуткі, што адна жанчына, якую звалі Плоцыя Гіерыя, прапаноўвала Вергілію жыць з ёй, але той рашуча адмовіўся. Па іншых сведчаннях ён усё жыццё быў настолькі чысты і ў выказваннях, і ў думках, што ў Неапалі яго звычайна называлі Парфеній, што з грэчаскай мовы перакладаецца як дзяўчына, з намёкам на яго цнатлівасць; а калі ён паказваўся на вуліцы, прыехаўшы зрэдку ў Рым, людзі пачыналі хадзіць за ім і паказваць на яго, — ён хаваўся ад іх у бліжэйшым доме.

У палітычным жыцці Вергілій не ўдзельнічаў, і дзякуючы шчодрасці сяброў, яго рахунак дасягнуў 10 млн. сестэрцыяў, і ён меў дом на пагорку Эсквілін, які стаяў побач з домам Гаем Мецэнатам. Каля 41 года да н. э, пасля забойства Цэзара, маёнтак быў адняты дзеля перадачы яго ветэранам-прыхільнікам трыумвіраў пасля бітвы пры Філіпах, але яго выратавала асабістае ўмяшанне Актавіяна Аўгуста, якому паэт праз нейкі час прысвяціў дзве хвалебныя эклогі.

У Неапалі ці недалёка ад яго, Вергілій пражыў амаль усё сваё жыццё. Але ў Рыме, куды Вергілій часта прыязджаў, ён сышоўся з Мецэнатам і яго паэтамі. У далейшым у гэтае кола ён прывёў і Гарацыя, і абодва паэты зрабілі разам са сваім заступнікам падарожжа ў Брундызію. У 37 годзе да н.э. Вергілій завяршыў працу над «Буколікамі», сваім першым вялікім творам, і па просьбе Мецэната ўзяўся за «Георгіку», якую закончыў у 30 годзе да н.э. у Неапалі. На наступны год паэт пачаў працу на «Энеідай» і, прабыўшы нейкі час у Італіі, выправіўся ў Грэцыю і Азію, каб на месцы дзеяння сваёй паэмы надаць твору большую рэалістычнасць. У Афінах ён сустрэўся з Аўгустам, які пераканаў Вергілія вярнуцца ў Італію, але па дарозе ў Італію паэт цяжка захварэў і памёр у Брундызіі ў 19 годзе да н.э.

Яго прах перанеслі ў Неапаль, дзе і пахавалі каля другога каменя на Путэаланскам шляху; для сваёй магілы ён склаў такое двухрадкоўе:

У Мантуі быў народжаны, памёр у Калабрыі, спачывае У Парфенапеі — апяваў пашы, вёскі, правадыроў.

Дзе пашы — намёк на твор «Буколікі», вёскі — на «Георгікі», правадыры — на «Энеіда».

Палавіну маёмасці ён адпісаў Валерыю Прокулу, свайму зводнаму брату, чвэрць — Актавіяну Аўгусту, дванаццатую частку — Мецэнату, іншае — Луцыю Варыю Руфу і Плотыю Туку. Паводле Светонія, яшчэ да ад'езду з Італіі Вергілій дагаворваўся з Варыем, што калі з ім што-небудзь здарыцца, то ён спаліць няскончаную «Энеіду»; але Варый адмовіўся. Ужо знаходзячыся пры смерці, Вергілій настойліва патрабаваў свой кніжны куфэрак, каб самому спаліць кнігу, але ніхто яму яго не прынёс. Вергілій больш не зрабіў ніякіх асаблівых распараджэнняў на гэты конт, але ён даручыў свае творы Варыю і Туку з умовай, каб яны не выдавалі нічога, што не было выдадзена ім самім. Але, на шчасце, па загадзе Актавіяна Аўгуста «Энеіда» была выдадзена з нязначнымі папраўкамі.

Творчасць

«Буколікі» У сваім творы «Буколікі», які складаецца з 10 эклог, Вергілій хацеў дадаць у лацінскую паэзію асаблівасць грэчаскай, з яе простасцю і натуральнасцю. Пры напісанні твора паэт шмат што пераняў у Тэакрыта, аднак сваёй мэты ён не дасягнуў. Нягледзячы на прамы пераклад у многіх месцах твораў сіцылійскага паэта. Менавіта гэтая простасць і натуральнасць адсутнічаюць у «Буколіках» Вергілія. У той час як пастухі Тэакрыта на самай справе жывуць сваім сціплым жыццём дзяцей прыроды, усялякая цікавасць якіх накіравана толькі на прыроду, пастухі Вергілія — паэтычная фікцыя, мастацкі вобраз, які прыкрывае бедаванне рымлян на нягоды грамадзянскіх войнаў. У некаторых месцах аўтар прадстаўляе выдатных дзеячаў тае эпохі. Самая знакамітая і яркая — эклога IV, дзе Вергілій вешчуе аб будучым залатым веку, дзякуючы нараджэнню дзіцяці, які поўнасцю зменіць жыццё на зямлі. Паэт апісвае вобраз будучага шчаслівага жыцця, калі ўсялякая праца стане лішняй, і чалавек будзе знаходзіць усё, што яму трэба. Заканчваецца эклога ўхваленнем будучага людскога дабрадзея.

Пазней хрысціянскія пісьменнікі бачылі ў гэтай эклозе прароцтва аб нараджэнні Хрыста, і на ёй была заснавана вера ў Вергілія як чараўніка. Аднак, верагодна, што Вергілій меў на ўвазе ў гэтай паэме Марцэллу, сына Аўгуста, раннюю смерць якога пазней ён апеў у эпізодзе VI песні «Энеіды». У Х эклозе Вергілій адлюстраваў імкненне рымскага народа на мірнасць, якая ахапіла грамадства на фоне грамадзянскай вайны. Літаратурная значнасць «Буколік» заключаецца галоўным чынам у складнасці вершавання.

«Георгікі» «Георгікі», другая паэма Вергілія, якая была напісана з мэтай выклікаць любоў да земляробства ў душы ветэранаў, якіх ўзнагародзілі землямі. Узяўшы за аснову творы Гесіёда, Вергілій, аднак, не ўдакладняе ўсе асаблівасці гаспадарчай дзейнасці, бо яго мэта паказаць усе прывабнасці сельскага жыцця, а не стварыць дапаможнік для земляроба; таму дэталі гаспадарчага жыцця выкарыстоўваюцца толькі ў паэтычных формах. Лепшая частка паэмы — адступленне натурфіласофскага характару, большай часткай запазычаная ў Лукрэцыя.

«Георгікі» лічацца самым дасканалым творам Вергілія па чысціні і паэтычнай скончанасці верша. У іх, разам з тым, глыбей за ўсё адбіўся характар паэта, яго погляд на жыццё і рэлігійныя перакананні; гэта — паэтычныя эцюды аб годнасці працы. Земляробства ў яго вачах — святая вайна людзей супраць зямлі, і ён часта параўноўвае падрабязнасці земляробчага побыту з ваенным жыццём. «Георгікі» з'яўляюцца таксама пратэстам супраць распаўсюджвання ў тыя часы ў рэспубліцы атэізму. Паэт дапамагае Аўгусту ўзбуджаць у рымлянах згаслую веру ў багоў і сам шчыра прасякнуты ўпэўненасцю ў існаванні найвышэйшага промыслу, кіраўніка людзьмі.

Адным з пераймальнікаў Вергілія з'яўляецца Луіджы Аламанні.

«Энеіда»

«Энеіда» — незакончаны патрыятычны эпас Вергілія, складаецца з 12 кніг, напісаных паміж 29—19 гадах да н.э. Пасля смерці Вергілія «Энеіда» была выдадзена яго сябрамі Варыем і Плоціем без усялякіх змен, але з некаторымі скарачэннямі. Верагодна, «Энеіда» была разлічана, як і «Іліяда», на 24 песні; 12-я заканчваецца толькі перамогай над Турнам, між тым як паэт хацеў расказаць аб самім селішчы героя ў Лацыі і яго смерці.

Вергілій заняўся гэтым сюжэтам па заказу Аўгуста, каб узбудзіць у рымлянах нацыянальны гонар паданнямі пра вялікія лёсы іх прабацькоў і, з другога боку, дзеля абароны дынастычных інтарэсаў Аўгуста, быццам бы нашчадка Энея праз яго сына Юла, або Асканія. Вергілій ў «Энеідзе» цесна прымыкае да Гамера; у «Іліядзе» Эней з'яўляецца героем будучыні. Паэма пачынаецца апошняй часткай бадзянняў Энея, яго знаходжаннем у Карфагене, і затым ужо расказвае эпізадычна ранейшыя падзеі, разбурэнне Іліёна (II п.), тулянні Энея пасля гэтага (III п.), прыбыццё ў Карфаген (I і IV п.), падарожжа праз Сіцылію (V п.) у Італію (VI п.), дзе пачынаюцца новыя прыгоды раманічнага і ваяўнічага характару. Само выкананне сюжэта пакутуе агульным недахопам твораў Вергілія — адсутнасцю арыгінальнай творчасці і моцных характараў. Асабліва няўдалы герой, «набожны Эней» (pius Aeneas), пазбаўлены ўсякай ініцыятывы, падпарадкаваны лёсу і рашэнням багоў, якія заступаюцца за яго як заснавальніка шляхетнага роду і выканаўца чароўнай місіі перанясення Лар на новую радзіму. Акрамя таго, на «Энеідзе» ляжыць адбітак штучнасці; у супрацлегласць гамераўскаму эпасу, які выйшаў з народа, «Энеіда» створана ў розуме паэта, без сувязей з народным жыццём і вераваннямі; грэчаскія элементы пераблытаныя з італійскімі, міфічныя паданні — з гісторыяй, і чытач заўсёды адчувае, што міфічны свет служыць толькі паэтычным выразам нацыянальнай ідэі. Затое Вергілій ужыў усю сілу свайго верша на аздабленне псіхалагічных і чыста паэтычных эпізодаў, якія і складаюць бессмяротную славу эпапеі. Вергілій непараўнальны ў апісаннях тонкіх адценняў пачуццяў. Варта толькі ўспомніць патэтычнае, нягледзячы на сваю прастату, апісанне сяброўства Нізуса і Эрыяла, каханне і пакуты Дыдоны, сустрэчу Энея з Дыдонай у пекле, каб дараваць паэту яго няўдалую спробу ўзвялічыць славу Аўгуста на лік паданняў даўніны. З 12 песень «Энеіды» шостая, дзе апісваецца спасланне Энея ў пекла, каб пабачыцца з бацькам (Анхізам), лічыцца самай выдатнай па філасофскай глыбіні і патрыятычнаму пачуццю. У ёй паэт выкладае піфагарэйскія і платанічныя вучэнні аб «душы светабудовы» і ўспамінае ўсіх вялікіх людзей Рыма. Знешняя будова гэтай песні ўзята з XI п. «Адысеі». У астатніх песнях запазычанні з Гамера таксама вельмі шматлікія.