Кавалеры́йскі эскадро́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Дру́я» (польск.: Szwadron Kawalerii KOP «Druja») — васямнаццаты кавалерыйскі эскадрон Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які знаходзіўся ў Друі ў 1925—1939 гадах.
Гісторыя На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння ў 1925 годзе быў сфармаваны 18-ы кавалерыйскі эскадрон, які ў сакавіку наступнага года стаў падпарадкоўвацца камандаванню шостай памежнай брыгады. У склад падраздзялення ўвайшлі чатыры лінейныя ўзводы і дружына камандзіра. Склад эскадрона фармаваўся на ўзор кавалерыйскіх злучэнняў 1924 г. Адзінкай для фармавання быў 21-ы полк уланаў.
Эскадрон быў тактычнай адзінкай кавалерыі Корпуса аховы памежжа. Яго задачай з’яўляліся правядзенне пераследаў, патруляванне памежных тэрыторыяў удзень і ўначы, а таксама падтрымліванне сувязі паміж ротамі і стражніцамі і арганізацыя суправаджэння паштовых перадачаў. Гэтыя задачы падраздзяленне ажыццяўляла як у непасрэднай памежнай зоне, так і на іншых тэрыторыях, аддаленых ад мяжы не больш за 30 км. Да таго ж, эскадрон выконваў ролю арганізацыйнай і навучальнай адзінкі і гаспадарчага падраздзялення.
У сакавіку 1926 года эскадрон «Друя» быў перагрупаваны на польска-латвійскай мяжы і прыступіў да непасрэднага выканання сваіх абавязкаў.
У ліпені 1929 года кавалерыя Корпуса аховы памежжа падверглася рэарганізацыі: былі створаны дзве пяхотныя часткі. Падзел на часткі быў абумоўлены патрэбамі навучання і задачамі эскадрона паводле плана «Усход». Таксама, у ходзе рэалізацыі правіла, паводле якога адзінкі Корпуса называліся ў згоднасці з мясцовасцямі іх размяшчэння, эскадрон атрымаў назву «Друя», хаця нумарацыя часткі працягвала захоўвацца і была канчаткова скасавана ў 1931 г.
У 1932 ці 1934 годзе быў праведзены яшчэ адзін падзел эскадронаў, у выніку якога яны былі разбіты на тры інспекцыйныя групоўкі. У выніку гэтага падраздзяленне «Друя» увайшло ў склад паўночнага згуртавання эскадронаў Корпуса аховы памежжа. Адміністрацыйнай адзінкай для эскадрона стаў батальён «Слабодка».
У 1938 годзе была здзейснена рэарганізацыя падпарадкавання і структураў кавалерыі Корпуса аховы памежжа. Памежныя адзінкі былі кваліфікаваны паводле адпаведных тыпаў адзінак у залежнасці ад месца іх дыслакацыі. Эскадрон «Друя» быў кваліфікаваны першай катэгорыяй. Па звестках аб стане эскадрона 20 лістапада 1938 г., у ім служылі 2 афіцэры, 1 прапаршчык, 8 кваліфікаваных унтэр-афіцэраў, 2 звыштэрміновыя афіцэры і 72 уланы. Рыштунак складаўся з 2 цяжкіх (станкавых) і 2 ручных кулямётаў, 73 карабінаў і 76 шабляў. У стайні ўтрымліваліся 83 верхавыя коні. Паводле адміністрацыйнага падпарадкавання, эскадрон уваходзіў у склад палка «Глыбокае».
Падчас частковай вайсковай мабілізацыі, праведзенай 23 сакавіка 1939 г., падраздзяленне было перагрупавана ў раён Велюня, дзе быў арганізаваны падрыхтоўчы полк кавалерыі Корпуса аховы памежжа, падпарадкаваны камандаванню чацвёртай акругі КАП. Пасля таго, як падрыхтоўчы полк быў перафармаваны ў 1-ы кавалерыйскі полк Корпуса аховы памежжа, у маі 1939 года кавалерыйскі эскадрон «Друя» быў ліквідаваны, а яго капітан, ротмістр Гвідон Саломан, стаў начальнікам гаспадарчага эскадрона пры гэтым палку.
Арганізацыя
Камандаванне эскадронам Кулямётная дружына Гаспадарчая дружына
Тэлефонны патруль 2 лінейныя ўзводы
Камандзіры 1925 — ротмістр Юзаф Душынскі кастрычнік 1931 — 31 мая 1935 — ротмістр Тадэвуш Зялінскі 14 снежня 1935 — 1937 — ротмістр Браніслаў Кулік 1937 — ротмістр Юзаф Скрыпкоўскі 1937 — верасень 1939 — ротмістр Гвідон Саломан
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Корпус аховы памежжа Катэгорыя:Друя