Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў — каталіцкі храм у вёсцы Канічах Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размяшчаецца на ўсходняй ускраіне вёскі

Гісторыя Першая ўзгадка аб касцёле ў Канічах адносіцца да 1830-х гадоў (па іншых звестках — 1825 года), калі ўладальніца вёскі заснавала капліцу, якая служыла сямейнай пахавальняй гэтага роду. Каталіцкі прыход таксама ўзгадваецца ў адным з рэвізскіх дакументаў 1841 года.

Будаўніцтва цаглянага касцёла распачалося ў 1900 годзе над магільным склепам Цеханавецкіх. Спачатку храм меркавалася ўзвесці ў іншай частцы вёскі, аднак на месцы планаванага будаўніцтва загінуў чалавек, што палічылі дрэнным знакам. Паводле ўзгадак вяскоўцаў, дзеля таго, каб даставіць гліняныя цагліны будаўнікам, людзі выбудоўваліся ў доўгую чаргу і перадавалі іх з рук у рукі, а ў сам раствор для трываласці дадавалі курыныя яйкі, тварог і вапну. Узвядзенне храма скончылася ў 1910 годзе. Дакладнае імя святога, у гонар якога быў асвячоны касцёл невядома, аднак прыход меў філіяльны статус.

Падчас Другой сусветнай вайны ў купал касцёла трапіў снарад, а з самога храма ў Германію былі вывезены інтэр’ер і арган. У пасляваенны час храм спрабавалі зруйнаваць, вырываючы кавалкі сценаў з дапамогай трактароў, але цалкам знішчыць будынак не атрымалася — разбуранымі апынуліся толькі дзве калоны пры ўваходзе. У цяперашні час парафія адраджаецца пад найменнем Анёлаў-Ахоўнікаў.

Архітэктура

Касцёл — помнік архітэктуры неараманскага стылю, паводле іншых крыніц — неабарока. Двухвежавы прамавугольны ў плане будынак з вылучанай апсіднай часткай, звонку прамавугольнай, знутры паўкруглай, завершанай трохвугольным франтонам, раскрапаваным пілястрамі. Фасады неатынкаваны, апрацаваны пілястрамі і завершаны развітым антаблементам. Галоўны фасад трохчасткавы, фланкіраваны чатырохграннымі вежамі, расчлянёны паўкруглымі люкарнамі, арачнымі аконнымі праёмамі і падзелены антаблементам. Завяршэнне вежаў не захавалася. Высока размешчаны вокны з паўцыркульнымі імпастамі.

Дэкаратыўнае ўбранне інтэр’ера і большая частка перакрыццяў не захавалася. Унутры зала была перакрыта цыліндрычным скляпеннем, паўкруглая алтарная частка, накрытая двухсхільным дахам — паўсферычнай конхай. Атынкаваныя сцены крапаваны пілястрамі і апяразаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Пад апсідай захавалася скляпеністая крыпта.

Па ўспамінах старажылаў, касцёл славіўся сваім багатым інтэр’ерам на ўсё наваколле. Ён быў упрыгожаны фрэскамі і роспісамі, меў арган, які быў выраблены ў Германіі. Лаўкі для сядзення былі зроблены з моранага дубу. На вокнах меліся каляровыя вітражы. Прадметы інтэр’еру аздабляліся чырвоным аксамітам. У ходзе нямецкай акупацыі ўнутранае ўбранства было разрабавана.

Літаратура

 — С. 171

Спасылкі

Катэгорыя:Канічы Катэгорыя:Касцёлы Касцюковіцкага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неараманскім стылі Катэгорыя:З’явіліся ў 1910 годзе Катэгорыя:1910 год у Беларусі Катэгорыя:Цеханавецкія