Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага — узнагарода, заснаваная гродзенскім Гістарычным таварыствам і Таварыствам беларускай школы. Названа ў гонар даследчыка гісторыі Гродна, заснавальніка Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юзафа Ядкоўскага. Заснавальнікі прэміі ўшаноўваюць ёй аўтараў-навукоўцаў, краязнаўцаў, актывістаў, чые працы спрыяюць развіццю гісторыі і культуры Гродна, захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасці горада і рэгіёна, робяць вялікі ўнёсак у вывучэнне і папулярызацыю гісторыі Гродна.

Прэмія складаецца з медаля з выявай Юзафа Ядкоўскага, дыплома і грашовай часткі. Намінантаў, а потым лаўрэатаў вызначае рада прэміі, куды ўваходзяць прафесійныя гісторыкі і пераможцы прэміі мінулых гадоў. Яны ж фармуюць са сваіх унёскаў прызавы фонд. Сябар рады ўзнагароды прафесар Алесь Смалянчук тлумачыў, што ўзнагарода ўручаецца людзям, якія «ўвесь свой час прысвячаюць гісторыі нашага горада, дзякуючы якім расце культурны ўзровень ведання мінулага і захоўваецца памяць пра Гродна».

Традыцыйна ўручалася ў пачатку лістапада, калі ў Гродне адзначаліся Дні святога Губерта і праводзіліся навуковыя канферэнцыі. Апошнія гады ўручалася ў Цэнтры гарадскога жыцця. Апошні раз была прызнаная ў 2021 годзе.

Гісторыя Уручаецца з 2012 года. Першым лаўрэатам прэміі павінен быў стаць гродзенскі гісторык, адзін з суаўтараў кнігі «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч, які адмовіўся ад яе.

І-й узнагародай у 2012 годзе былі ўганараваны гродзенскі краязнавец і педагог, адзін з аўтараў кніг «Кронан», «Гродназнаўства» ды шматлікіх публікацый па гісторыі Гродзеншчыны, стваральнік музея «Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны» Алесь Госцеў і гісторык, краязнаўца, грамадскі дзеяч, арганізатар маладзевай ініцыятывы «Варштат ідэй» Таццяна Касатая.

Лаўрэатам ІІ-й узнагароды ў 2013 годзе стаў Віктар Саяпін — аўтар дзясятка кніг і сотні артыкулаў па гісторыі горада ды цыкла дакументальных фільмаў пра гісторыка-культурную спадчыну Гродна.

Лаўрэатам ІІІ-й узнагароды ў 2014 годзе стаў гісторык медыцыны, кандыдат медыцынскіх навук, краязнаўца, аўтар каля 300 навуковых прац і адзін са стваральнікаў музея-аптэкі ў Гродна Фёдар Ігнатовіч.

Лаўрэатам ІV-й узнагароды ў 2015 годзе стаў Андрэй Вашкевіч, гісторык, які на працягу дзесяці год з’яўляўся адным з найбольш актыўных дзеячаў у галіне папулярызацыі гісторыка-архітэктурнай спадчыны Гродна, ініцыятарам шэрагу грамадскіх ініцыятыў па абароне і захаванню спадчыны горада, актыўна займаўся асветніцтвам і выхаваннем новага пакалення даследчыкаў мінулага Гродна.

Лаўрэатам V-й узнагароды ў 2016 годзе стала Таццяна Еўдакімава за краязнаўчую гульню для школьнікаў «Я гэтым горадам апекаваны».

У 2017 годзе лаўрэатам прэміі пасмяротна ў выключных абставінах была прызнананая краязнаўца і педагог Наталля Канюк. Замест уручэння прэміі за сабраныя грошы была выдадзеная адзіная кніга Наталлі Канюк «Хранитель Жилибертии».

У 2018 годзе пераможцам прэміі стаў гродзенскі краязнаўца і экскурсавод Ігар Лапеха, які 12 гадоў ствараў макет горада, што спалучае мясцовае дойлідства розных эпох, і ў выніку адкрыў музей «Grodno Mini».

У 2019 годзе вызначылі трох кандыдатаў на прэмію — бібліёграфка Любоў Турмасава, гісторык Мечыслаў Супрон і журналіст Руслан Кулевіч. Вырашаць, хто менавіта стане лаўрэатам, будзе рада прэміі. Па выніках галасавання лаўрэатам прэміі стаў Мечыслаў Супрон, які змагаўся за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна і навукова абгрунтаваныя падыходы да рэканструкцыі старой архітэктуры, ствараў 3D-мадэлі страчаных будынкаў і звяртаўся ў пракуратуру па іншых пытаннях захавання спадчыны.

У 2020 годзе прэмію атрымаў журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч за серыю кніг з запісамі ўспамінаў пра даваенны Гродна і актыўную грамадзянскую пазіцыю ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

У 2021 годзе лаўрэатам прэміі стаў гісторык Дзмітрый Люцік за свае даследаванні ў сферы вайсковай гісторыі Гродзеншчыны, даследаванні фартоў Гродзенскай крэпасці.

У 2022 і 2023 гадах прэмія не прызнавалася.

Спасылкі

Вызначылі намінантаў на прэмію Ядкоўскага — 2019.

Катэгорыя:Прэміі Беларусі Катэгорыя:Культура Гродна Катэгорыя:З’явіліся ў 2012 годзе Катэгорыя:2012 год у Гродне