Любоў Абрамаўна Нардштэйн (нар. , г. Іркуцк) — беларускі архітэктар.

Біяграфія Бацька Абрам Нардштэйн паходзіў з мястэчка Усвяты. Ён хацеў скончыць УДІК або стаць архітэктарам, але праз хваробу вачэй змяніў планы, падаўшы дакументы ў інстытут чыгуначнага транспарту. У Маскве ён пазнаёміўся з Т. І. Несцеравай, маці Любові, якая прыехала з Падмаскоўя паступаць у педагагічны інстытут.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны бацькоў накіравалі спачатку ў г. Гродна, а затым у г. Баранавічы. У 1952 г. сям’я пераехала ў г. Мінск. Любоў Нардштэйн вучылася ў чыгуначнай школе № 26, дзе настаўнік малявання В. Вярсоцкі арганізаваў мастацкую студыю.

Скончыла ў 1960 годзе архітэктурнае аддзяленне БПІ. Студэнткай выязджала на практыку ў Маскву, Кіеў, Ленінград, ездзіла на эцюды паводле гарадоў «Залатога кольца», у Пскоў, Ноўгарад, дзе шмат малявалі. Працавала ў праектных інстытутах «Белкамунпраект», «БелНДІдзіпрасельбуд» пад кіраўніцтвам мэтраў архітэктуры Г. Заборскага, Г. Бяганскай, Ю. Патапава (з 1980 — галоўны архітэктар праектаў). З 1990 года — кіраўнік персанальнай творчай майстэрні.

Член Саюза архітэктараў з 1969 года.

Творчасць Асноўныя працы: адміністрацыйны будынак, гасцініца на 50 месцаў у пас. Крупіца Мінскага раёна (1973, у суаўтарстве), экалагічны цэнтр пас. Домжарыцы Лепельскага раёна (1974—1976, у суаўтарстве), эксперыментальныя жылыя дамы для Мінскага цяплічнага камбіната ў пас. Замасточча Мінскага раёна (1976—1977, у суаўтарстве), тыпавы праект школы на 320 месцаў (1982), навучальна-выхаваўчы цэнтр ВА «Нафтан» у пас. Міжрэчча (2002, у суаўтарстве), сацыяльна-бытавы цэнтр пас. Міжрэчча Полацкага раёна (2002, у суаўтарстве). Займалася тыпавым і эксперыментальным праектаваннем жылых і грамадскіх будынкаў, школ, дзіцячых садоў, малых архітэктурных формаў, у калгасах «Савецкая Беларусь», «Новы быт», жылыя дамы і клуб у калгасе «Прагрэс» і інш. (1966—1970), у Бярэзінскім біясферным запаведніку (1973—1986), генплан і жылая забудова паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» (1973—1978). Працуе ў вобласці ландшафтнай архітэктуры і добраўпарадкавання, у т.л. займалася праектаваннем комплексу паркаў у г. Віцебску, добраўпарадкаваннем пас. Каменюкі ў Белавежскай пушчы і інш.

Узнагароды Дыплом Усесаюзнага агляду-конкурсу творчых дасягненняў савецкай архітэктуры за жылы дом у саўгасе «Мінскі» (1973-74), сярэбраны медаль ВДНГ СССР (1980).

Сям’я Мае брата мастака Рыгора Абрамавіча Несцерава.

Літаратура

Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Архітэктары XX стагоддзя Катэгорыя:Архітэктары XXI стагоддзя