«Тры ко́леры: Чырво́ны» () — мастацкі фільм 1994 года польскага кінарэжысёра і сцэнарыста Кшыштафа Кеслёўскага, апошні фільм рэжысёра. Суаўтарам сцэнарыя выступіў Кшыштаф Пясевіч, галоўныя ролі выканалі Ірэн Жакоб і Жан-Луі Трэнціньян. Фільм з’яўляецца сумеснай вытворчасцю Францыі, Польшчы і Швейцарыі.
Студэнтка Жэнеўскага ўніверсітэта Валянціна, якая падпрацоўвае мадэллю, выпадкова збівае аўчарку. Жадаючы дапамагчы параненай жывёліне, жанчына трапляе ў дом пажылога суддзі, гаспадара сабакі. Цынічны мізантроп, які бавіць час праслухоўваннем суседскіх тэлефонаў, выклікае ў Валянціны толькі агіду. Аднак знаёмячыся з ім бліжэй, жанчына прыходзіць да ўсведамлення, што зламыснасць, абыякавасць і нелюдзімасць былога суддзі — вынік яго расчаравання ў людзях. Яна пачынае бачыць у ім глыбока няшчаснага самотнага чалавека, якому патрэбны любоў і падтрымка. Сама Валянціна таксама жыве досыць самотна: яе каханы трымаецца з ёй холадна, а іх адносіны ўяўляюць сабой рэдкія тэлефонныя размовы. Таму неўзабаве, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, паміж Валянцінай і суддзёй узнікае ўзаемная сімпатыя. Паралельна з гэтым разгортваецца гісторыя маладога чалавека па імені Агюст. Ён жыве па суседстве з Валянцінай і вучыцца на юрыдычным факультэце. Звычайная гісторыя кахання, рэўнасці і здрады неўзабаве пачынае моцна нагадваць мінулае пажылога суддзі…
«Чырвоны» з’яўляецца завяршальнай часткай трылогіі «Тры колеры». Паводле задумы аўтараў сцэнарыя Кшыштафа Кеслёўскага і Кшыштафа Пясевіча кожны фільм трылогіі тым ці іншым чынам павінен быў акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». Тэма фільма «Тры колеры: Чырвоны» — .
Прэм’ера фільма адбылася 16 мая 1994 года ў межах конкурснай праграмы 47-га Канскага кінафестывалю, дзе карціна лічылася фаварытам, аднак у выніку не атрымала ніводнай узнагароды. Фільм быў холадна прыняты крытыкамі ў Францыі і Польшчы, і ў той жа час атрымаў практычна ўсеагульнае прызнанне англамоўных крытыкаў, аб чым сведчаць максімальныя балы на агрэгатарах крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» і «Metacritic». Прэміяльны сезон прынёс карціне 19 кінаўзнагарод, сярод якіх прэміі «Сезар» і «Незалежны дух», а таксама шэраг намінацый, у тым ліку 3 намінацыі на «Оскар», 4 намінацыі на прэмію «BAFTA», намінацыі на «Залаты глобус» і «Еўрапейскую кінапрэмію».
Пасля прэм’еры на Канскім кінафестывалі Кшыштаф Кеслёўскі заявіў, што заканчвае сваю кар’еру ў кіно. Рэжысёр памёр праз няпоўныя два гады, увесну 1996 года.
Сюжэт Валянціна Дзюсо (Ірэн Жакоб) вучыцца ў Жэнеўскім універсітэце і падпрацоўвае мадэллю. У яе ёсць малады чалавек, Мішэль, які зараз знаходзіцца за мяжой у Англіі. Па тэлефоне ён раўніва выпытвае ў Валянціны, як яна бавіць час без яго, яна адказвае, што ноччу ёй было вельмі самотна, і яна спала ў абдымку з яго курткай. Валянціна заходзіць у кавярню, дзе традыцыйна закідвае манетку ў «аднарукага бандыта», затым яна адпраўляецца на фотасесію, а ўвечары ўдзельнічае ў дэфіле. Едучы дамоў, Валянціна мінае свайго суседа, з якім час ад часу сутыкаецца ў горадзе, але з якім не знаёма. Суседа клічуць Агюст (), ён вучыцца на юрыдычным і сустракаецца з дзяўчынай, якая працуе ў тэлефонным сэрвісе прагнозу надвор’я. У маладога чалавека лопаецца гумка на кнігах, і адна з іх падае разгорнутая сярод дарогі. Агюст звяртае ўвагу на разгорнутую старонку. Тым часам Валянціна засяроджваецца на тым, каб уключыць музыку ў машыне, і выпадкова збівае аўчарку. Яна падбірае параненую жывёліну і адпраўляецца па адрасе, указаным на ашыйніку. Уладальнікам сабакі аказваецца пажылы чалавек Жазэф Керн (Жан-Луі Трэнціньян). Ён выказвае абыякавасць да лёсу сабакі, і Валянціна сама адвозіць жывёліну да ветэрынара. Там яна даведваецца, што рана ў аўчаркі няцяжкая, а яшчэ — што яна чакае шчанятаў.
Фатограф паказвае Валянціне здымкі, зробленыя падчас фотасесіі. Адзін з іх плануецца выкарыстаць для вялізнага банера: на ім дзяўчына выяўлена ў профіль на фоне чырвонай драпіроўкі з трывожным выразам твару. Фатограф спрабуе спакусіць Валянціну да сексуальных стасункаў з ім, але дзяўчына адмаўляецца. Пазней, выгульваючы сабаку, яна вырашае спусціць яе з павадка, і сабака ўцякае. Валянціна зноў адпраўляецца ў дом пажылога гаспадара сабакі. Той прыслаў дзяўчыне грошы на ветэрынара, і цяпер яна хоча вярнуць рэшту. Сабака аказваецца ў свайго гаспадара, і ён прапануе Валянціне забраць аўчарку сабе. «Вам яна не патрэбна?» — пытаецца Валянціна. «Мне ніхто не патрэбны» — адказвае пажылы чалавек. «Тады вы можаце проста перастаць дыхаць» — прапануе дзяўчына. «Добрая думка» — згаджаецца Керн. Зайшоўшы ў дом, Валянціна выяўляе, што пажылы чалавек займаецца падслухоўваннем тэлефонных размоў сваіх суседзяў. Зараз падслухоўваючая ўстаноўка трансліруе размову суседскага мужчыны са сваім палюбоўнікам. Валянціна дакарае Керна ў амаральнасці дзеянняў, той жа ў сваю чаргу прапануе дзяўчыне спыніць яго: пайсці да гэтага мужчыны і раскрыць праўду пра праслухоўванне. Валянціна так і робіць, але, аказаўшыся на месцы, бачыць, што ў суседа ёсць жонка, якая ні аб чым не падазрае, а таксама дачка, якая ў гэты самы момант слухае размову свайго бацькі праз іншы тэлефонны апарат. Валянціна адмаўляецца ад задумы і вяртаецца да пажылога чалавека. Цягам размовы Валянціна даведваецца, што Керн — былы суддзя, які расчараваўся ў людзях і знаходзіць своеасаблівае задавальненне ў падслухоўванні чужых размоў, бо тут людзі такія, якія ёсць. Перад тым, як пакінуць суддзю, Валянціна чуе яшчэ некалькі размоў, сярод якіх рамантычная гутарка Агюста са сваёй дзяўчынай, Карын (). Валянціна мяркуе, што маладыя людзі кахаюць адно аднаго, аднак суддзя ўпэўнены, што Агюст сустрэў не тую дзяўчыну, якая яму патрэбна. Яго суджэнні трапныя і праніклівыя, але начыста пазбаўленыя спагады. На развітанне Валянціна кажа суддзі, што ён няправы, няправы ва ўсім, і што яго можна толькі пашкадаваць. Калі Валянціна пакідае суддзю, той бярэ стос канвертаў і піша суседзям, якіх падслухоўваў, а таксама ў паліцыю — лісты з прызнаннем.
На вуліцах Жэневы з’яўляецца вялізны банер з Валянцінай. Агюст, праязджаючы міма, заглядваецца на яе выяву. Малады чалавек здае экзамен на суддзю, і яму выпадае якраз тое пытанне, на якім разгарнулася ўпаўшая кніга некалькі дзён таму. Тым часам абуранае грамадства падае супраць былога суддзі калектыўны іск. Калі Валянціна даведваецца з газет, што суддзю абвінавачваюць у падслухоўванні, і спяшаецца да яго, каб сказаць, што данесла не яна. Суддзя супакойвае дзяўчыну і тлумачыць, што ён сам на сябе данёс. Прычынай такога ўчынку стала агіда, з якой Валянціна паставілася да яго дзеянняў, і яшчэ ён хацеў паглядзець, як яна адрэагуе на яго прызнанне. Падчас размовы суддзя адзначае, што быў правы наконт Агюста і яго дзяўчыны — між імі ўжо ўсё скончана. Валянціна пытае, ці не прыклаў суддзя да гэтага руку, але той тлумачыць, што прычынай паслужыў яго данос на сябе. Пачаўся судовы разбор, і там Карын пазнаёмілася з іншым мужчынам. Адкрываючы Валянціне свой погляд на жыццё, суддзя расказвае ёй, што некалі даўно апраўдаў вінаватага. Калі мінуў час, аказалася, што гэты чалавек пражыў добрае жыццё. Суддзя выказвае думку, што пражыві ён жыццё сваіх падсудных і апыніся ў тых жа абставінах як яны — учыняў бы тыя ж злачынствы. Цяпер ён лічыць, што ўлада рашаць, хто правы, а хто не — гэта проста недахоп сціпласці. Валянціна пытаецца, ці любіў ён калі-небудзь. Керн ухіляецца ад адказу і замест гэтага расказвае сон, які яму прысніўся напярэдадні. Яму прыснілася Валянціна, ёй было 40 або 50 гадоў, і яна была шчаслівай.
Агюст не можа звязацца з Карын па тэлефоне і адпраўляецца да яе дамоў. Ён узбіраецца на будынак, зазірае ў акно кватэры і бачыць, як яна займаецца сексам з іншым мужчынам. Ранкам Валянціна бачыць з акна, як Агюст, вярнуўшыся дамоў, у роспачы забывае выключыць фары ў машыне. Яна тэлефануе Мішэлю і паведамляе, што на наступным тыдні прыедзе ў Англію на пароме, Мішэль усё такі ж падазроны і халодны. Керн тэлефануе ў службу прагнозу надвор’я і пытаецца пра надвор’е над Ла-Маншам у дзень, калі Валянціна паплыве на пароме. Карын адказвае, што па прагнозе надвор’е будзе ясным. Яна рада гэтаму, бо сама збіраецца адправіцца туды са сваім новым кавалерам на яхце.
За дзень да ад’езду ў Англію Валянціна запрашае суддзю на свой паказ мод. Едучы на паказ, суддзя бачыць банер з Валянцінай. Пасля дэфіле яны застаюцца ў тэатры, і Жазэф расказвае Валянціне, што раней часта бываў тут. Аднойчы падчас антракту лопнула гумка, якой былі звязаны яго кнігі, адна з кніг разгарнулася, і ён прачытаў пару радкоў. Неўзабаве ў яго быў экзамен, і выпала менавіта гэтае пытанне. Валянціна пачынае здагадвацца, што прычына яго расчаравання ў людзях крыецца ў мінулым, што некалі яму здрадзілі. Суддзя пацвярджае яе здагадку. У маладосці ў яго была дзяўчына, якую ён вельмі кахаў, але аднойчы, прыйшоўшы да яе дамоў, ён заспеў за сексам з іншым мужчынам. Калі яго дзяўчына з новым кавалерам з’ехалі, Керн адправіўся за імі, перасек Францыю і Ла-Манш і працягваў пераследаваць іх, пакуль яна не загінула ў катастрофе. З тых пор ён больш не прывязваўся ні да адной жанчыны. Праз нейкі час, калі ён ужо быў суддзёй, яму дасталася справа мужчыны, які быў палюбоўнікам яго каханай. Мужчына быў вінаваты — і Керн асудзіў яго, а затым выйшаў на пенсію. Развітваючыся, Жазэф і Валянціна плануюць зноў сустрэцца праз тры тыдні, дзяўчына хоча, каб пажылы чалавек падараваў ёй шчанюка.
Валянціна сядае на паром у Англію, на той жа паром сядае і Агюст. Тым часам насуперак прагнозу надвор’е рэзка псуецца, а рабочыя пад дажджом здымаюць банер з Валянцінай. Наступным ранкам, калі суддзя выбірае аднаго са шчанюкоў для дзяўчыны, да яго даходзіць навіна, што на Ла-Манш абрынуўся жахлівы шторм, і паром з 1435 пасажырамі на борце затануў, там жа затанулі некалькі рыбацкіх судоў і невялікая прагулачная яхта. З тэлевізійнага рэпартажу выясняецца, што пасля катастрофы ўдалося выратавацца толькі семярым. Сярод іх Жулі Віньён і Аліўе Бенуа (героі фільма «Тры колеры: Сіні»), Караль Караль і Дамінік Відаль (героі фільма «Тры колеры: Белы»), а таксама Агюст Бруне і Валянціна Дзюсо. Стоп-кадр з дзяўчынай на тэлевізары суддзі цалкам паўтарае рэкламны банер: Валянціна выяўлена ў профіль на чырвоным фоне, у яе ўстрывожаны выраз твару.
Акцёрскі склад
Таксама ў эпізадычных ролях зняліся Брыджыт Рауль, Лео Рамсее, Нэйдэр Фарман, Сесіль Тэнер, , , Джэсіка Корынек.
Вытворчасць Задума і напісанне сцэнарыя
Як і ў выпадку з тэлецыклам «Дэкалог», на стварэнне трылогіі «Тры колеры» Кеслёўскага натхніў Кшыштаф Пясевіч. Кожны фільм трылогіі павінен быў тым ці іншым чынам акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі адзначае: Тэма заключнай часткі трылогіі, фільма «Тры колеры: Чырвоны», — .
Усе фільмы трылогіі мелі па чатыры варыянты сцэнарыя і яшчэ адзін, так званы «выпраўлены» чацвёрты варыянт. Выпраўленні ў апошняй версіі сцэнарыя тычыліся перакладу дыялогаў на французскую мову. Кеслёўскі запрасіў у якасці перакладчыка , які шукаў максімальна дакладныя пераклады ўсіх рэплік і дбайна падбіраў адпаведныя французскія ідыёмы.
Падбор акцёраў і праца над ролямі
Галоўную ролю ў карціне выканала франка-швейцарская актрыса Ірэн Жакоб, якая ўжо здымалася ў Кеслёўскага ў «Падвойным жыцці Веранікі». Прыблізна ў той жа час Квенцін Таранціна запрасіў актрысу ў свой фільм «Крымінальнае чытво», у якім ролю сяброўкі баксёра пісаў адмыслова пад яе. Аднак актрыса адхіліла прапанову, бо на той момант ужо пагадзілася на ролю ў «Чырвоным». Гаворачы аб ролі Валянціны, Жакоб адзначала, што яе персанаж не выклікае асаблівага інтарэсу сам па сабе, пакуль не сутыкаецца з персанажам суддзі: «Галоўным героем фільма з’яўляюцца адносіны паміж гэтай жанчынай і суддзёй, бо яны праяўляюць сябе адзін праз аднаго. Без іх узаемаадносін мы не даведаемся хто яны, і нам будзе ўсё адно».