Эпас Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча складаецца з шэрагу вершаваных аповесцей сярэдзіны 1850-х гг. Асноўныя сярод іх «Гапон», «Вечарніцы» (1855), «Купала» (1856), «Травіца брат-сястрыца», «Шчароўскія дажынкі», «Быліцы. Расказы Навума» (1857). Частка эпічных твораў напісана на польскай мове. Сярод іх больш значныя «Славяне ў ХІХ стагоддзі», «Люцынка, або Шведы на Літве». Пераклаў Дунін-Марцінкевіч на беларускую мову і два раздзелы паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1859).
Часам эпічныя творы Дуніна-Марцінкевіча адносяць да жанру паэмы. Але такая іх трактоўка некалькі ўмоўная, хоць развітасць сюжэтаў і характарыстык герояў у некаторых творах, прыўзнятасць тону апісанняў, звязаная з ідэалізацыяй, узвышэннем асобных герояў, даюць пэўныя падставы адносіць іх і да жанру паэмы. Асабліва гэта датычыць вершаванай аповесці «Гапон» і часткова «Вечарніц», а таксама «Быліц» як цікавых нізак асобных эпічных песень.
Эпічныя творы Дуніна-Марцінкевіча — яркая старонка беларускай літаратуры ХІХ ст. Яны ўзніклі ў сярэдзіне 1850-х гг., у час, калі вёска і горад у Беларусі не былі яшчэ ўзрушаны пра волю сялян, калі ўсё, што ўсталявалася тут дагэтуль, ляжала даволі спакойным, нібы вечным аблогам. Менавіта ад таго, што з адчуваннем гэтага спакою крануўся Дунін-Марцінкевіч паказу сялянскай Беларусі, яго вершаваныя аповесці дыхаюць даволі ціхамірна разгорнутай эпічнасцю. Гэтая эпічнасць ва ўрачыстасці падачы малюнкаў жыцця, непаспешлівасці апавядання, узбуйненні вобразаў цёмных і ветлых сіл, рэзкай палярызацыі носьбітаў дабра і зла, у трапяткой веры герояў у незвычайныя сілы і іх уздзеянне на людскі лёс, як і ў шырокай, дабрадушнай усмешцы аўтара і немудрагелістай яго насмешцы з наіўнасці прасцякоў.
Народная аснова — жыццё народных мас, сюжэты і тэмы, узятыя з яго, выяўленне народнай маралі, светаразумення простага чалавека, паказ бытавых абставін з іх этнаграфічнымі асаблівасцямі, шырокае выкарыстанне фальклорнага матэрыялу — галоўнае ў эпасе Дуніна-Марцінкевіча. У гэтых сваіх рысах эпас яго — сапраўдны арыгінальны мастацкі феномен.
Так ці інакш, вершаваныя аповесці Дуніна-Марцінкевіча 1850-х гг. занялі значнае месца ў яго творчасці. Яны адлюстравалі жыццё беларускага народа і каштоўныя перш за ўсё праўдзівым выяўленнем нацыянальнага каларыту. Ад іх крытычнага пафасу ўжо ў новых гістарычных умовах, пасля рэформы 1851 г. і паўстання 1863—1864 гадоў, Дунін-Марцінкевіч прыйшоў да стварэння арыгінальных п’ес «Пінская шляхта» і «Залёты».
«Гапон»
Сюжэт паэмы нескладаны і ясны. Узаемнаму каханню маладых людзей прыгоннай вёскі — Гапона і Кацярыны — перашкаджае маральна разбэшчаны, хцівы і нікчэмны панскі паслугач — аканом. Бруднымі інтрыгамі перад «дабрачыннай» паняй ён дабіваецца здачы Гапона ў салдаты. Тым часам аб бессаромных заляцанках аканома да Кацярыны даведалася пані. Яна злітавалася над беднай дзяўчынкай, забрала яе «ў пакоі» і нават пачала вучыць «панскай гаворцы». Злы аканом быў выгнаны са службы. Нечакана з’яўляецца Гапон, але ён ужо не салдат: у войску ён «дайшоў» да афіцэра. «Добрасардэчная» пані бласлаўляе яго шлюб з Кацярынай, і маладыя людзі, «аблашчаныя і ашчасліўленыя», не нарадуюцца сваім шчасцем. Тут жа высветлілася, што ў Магілёве афіцэр Гапон выкрыў сімуляцыю аканома і здаў яго ў салдаты. Так зло было пакарана, а дабрадзейнасць спраўляла сваю ўрачыстасць. Ясна, што ўся гэтая ціхая і бесклапотная ідылія, упарадкаваная пад эгідай «добразычлівай» пані, магла мець месца толькі ў фантазіі ліберальнага Дуніна-Марцінкевіча. Хоць пісьменнік і запэўніваў сучаснікаў, што ў аснову сюжэта «Гапона» пакладзены «сапраўдны выпадак», ён не мог, тым не менш, узвысіцца да прызнання таго, што выпадак яшчэ не ёсць тыповасць. Выпадак сапраўды мог мець месца, і адзін сялянскі сын Гапон мог стаць афіцэрам. Аднак выпадак не ёсць яшчэ тыповасць. І як бы ўпарта і настойліва прыгонны селянін ні імкнуўся «выбіцца ў людзі», не парушаючы ўстояў прыгоннага ладу, далей панскага ярма ён пасунуцца не мог.
Ідэйна-творчае развіццё пісьменніка ўсё больш прыкметна схілялася да рэалізму. У «Гапоне» бачны рысы не толькі рэалізму (паказ сучаснасці, праўдзівыя карціны, узятыя з рэчаіснасці, матывацыя ўчынкаў герояў, увага да мастацкіх дэталяў), але і рамантызму (урыўкавасць кампазіцыі, навелістычны сюжэт, зварот да фальклору, пафас свабодалюбства), класіцызму (дыдактызм, адназначная характарыстыка персанажаў), сентыменталізму (узвышэнне простага чалавека, шчаслівы фінал, культ пачуццёвасці).
«Вечарніцы»
Кароткі змест Вечарніца 1. Дурны Зміцер, хоць хітры.
Песня 1. У хаце дзеда Ананія бываюць самыя цікавыя вечарніцы (вячоркі). Да яго любяць прыходзіць маладыя і сталыя людзі, паслухаць «казкі» старога. Дзед успамінае Мінск ранейшых часоў. Ні адной не сустрэнеш мізэрнай хаты. Людзі «шчодрыя, добрыя, натуры не панскай». Усяго хапала і ўсё было таннае.
Песня 2. Дваццаць гадоў назад у Лошыцкім сяле каля Мінска жыў мужычок па імені Зміцер, «хоць дурань вялікі, ды мужык хіцёр», гультай, ласы на гарэлку, сквапны чалавек. На радаўніцу павёў на кірмаш прадаваць цялушку. Паклаў грашовую паперку ў кішэню, туды ж запхнуў і купленага селядца. У карчме, выпіўшы чарку, пачаў закусваць селядцом. і калі ад яго засталіся толькі «галоўка, хвасток», заўважыў, што разам з рыбінай з’еў выручку за цялушку.
Песня 3. Жыло калісьці ў Мінску некалькі паноў, якія любілі строіць жарты над іншымі, былі адметнымі ілгунамі. Зміцер панёс прадаваць пеўня. Хваліць свой тавар, зазывае пакупнікоў. Падышоў да яго адзін пан і спытаў, колькі ён хоча за зайца. Зміцер здзівіўся, што яго пеўня называюць зайцам. Падышоў другі пан і таксама пачаў гаварыць пра зайца. Зміцер перапалохаўся і зусім разгубіўся. Пасля трэцяга пана, які назваў яго пеўня зайцам, ён падыйшоў да ксяндза з пытаннем, хто ў яго ў руках. Ксёндз (адзін з мінскіх адмысловых ілгуноў) пацвердзіў, што трымае ён сапраўды зайца. Тады селянін перастаў верыць сваім вачам, вырашыўшы, што на яго напусціла туману жонка. і пачаў прадаваць зайца. Да Зміцера падышлі два паны і абурыліся, што ён падманвае народ. Сталі клікаць дзесятнікаў. Ад страху з крыкам «Згінь-прападзі, нячыстая сіла!» Зміцер кінуў пеўня.
Вечарніца 2. Стаўроўскія дзяды
Песня 1. Зноў у дзеда сабралася грамада. Ананій распавядае пра даўнія часы, калі «было людзей многа, што не ў хрысціянскай веры пражывалі, нячыстай сіле паклон аддавалі». У Лагойску, у моцным крывіцкім замку княжыў Грамабой, добры, адважны, шчыры пан. Недалёка ад Лагойска жыў з сям’ёй мужык Даніла. Меў ён другую жонку, родную і прыёмную дачку. Цяжка жылося Кацярыне з мачыхай. Данілава сям’я памінае стаўроўскіх дзядоў. Кінуўшы пад стол усякай стравы, клічуць Стаўра і Гаўра, сабак, якія калісьці верна служылі крывіцкаму князю Вою, за што князь загадаў пасля іх смерці ўшаноўваць памяць. У сенях быццам нешта зашумела. Мархва, мачыхіна дачка, ухапіла рыдлёўку, каб выгнаць сабак, Кацярына паставіла перад імі міску з ежай. Сабакі аблізалі дзяўчыне ногі і пайшлі з хаты, ` пакінуўшы залаты абраз Лады і жалезны хрысціянскі крыж. Мархва забрала сабе залаты абраз, а крыж надзела на Кацярынку.
Песня 2. Грамабой правіў справядліва, «не даваў у крыўду мужычкоў». Любіў паляванне, змагаўся з паганскай сілай разам з літоўскім князем Вітам. Князь Віт раіць Грамабою ажаніцца, прычакаць дзетак, каб пакінуць пасля сябе на княстве. Цэлы год князь з панамі раіўся, у якія землі пасылаць сватоў. Самы стары радца прапанаваў даручыць ксяндзу Апанасу спытаць у нябесных багоў. Аднойчы, стаміўшыся на паляванні, князь заснуў у лесе. Прысніўся яму сон, што сівенькі дзядок вядзе прыгожую маладую дзяўчыну з жалезным крыжыкам на грудзях. Ён гаворыць князю, што воля багоў — узяць за жонку дзяўчыну, якая носіць падарунак Стаўра. Вярнуўшыся ў замак, Грамабой аддаў загад адшукаць дзяўчыну з крыжыкам. Пачуўшы пра гэта, да князя з’явілася Мархва. Але раззлаваны князь скінуў яе з замкавай тары. Мархва зламала шыю і «ў сыру зямельку сышла без пары». Пошукі «стаўроўскай дзевы» працягваюцца, «князь паноў ганяе, крычыць, што крый божа!» Дапамагае адшукаць нарачоную князя малады гусляр, які прысутнічаў у Данілавай хаце пры з’яўленні Стаўра і Гаўра. Стары Даніла вядзе дачку ў замак. Глянуўшы на Кацярыну, князь адразу яе пазнаў і аб’явіў, што гэта яго жонка і княгіня для крывічан. Сем дзён гулялі вяселле, «здаволь пілі, елі, досыта скакалі не жалелі лапцяў». Заканчвае стары Ананій «казку», што і ён на тым вяселлі быў, «піва, мёд, гарэлкі досыта папіў», хоць у роце нічога не было, затое «па барадзе уздаволь цякло».
Вечарніца 1. «Дурны Зміцер, хоць хітры» Сэнс «Вечерніц» не столькі ў анекдотах, якія апавядае Ананій, колькі у імкненні аўтара даць карціны народнага жыцця саміх вечарніц (вечароў) як часткі жыцця з іх сялянскімі завядзёнкамі, урачыстасцю, прывабнасцю. І гучаць на вечарніцах апавяданні Ананія не толькі пра кірмашовыя прыгоды Змітра, які сапраўды высмейваецца, бо ёсць за што, але і дзіўныя гісторыі пра даўніну, пра свой край, яго старажытная звычаі, абрады. Дунін-Марцінкевіч як мастак імкнецца раскрываць паэтычныя бакі і сучаснага яму народнага побыту і паэзію гісторыі краю, народа. Ён будзіць гістарычную памяць народа. Абуджаць жа яе ў чалавека азначае будзіць у ім грамадзяніна. З аднаго боку, Дунін-Марцінкевіч абуджаў свядомасць селяніна тым, што высмейваў няўдаліцу-п’яніцу, яго зацюканасць, з другога, — тым, што паказваў, якая гісторыя за плячыма ў гэтага мужыка. Так рэалізавала сябе ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча яго асветніцкая ідэя, а з ёю гуманізм, сардэчнасць адносін пісьменніка да селяніна-беларуса.
Вечарніца 2. «Стаўроўскія дзяды» Раздзел «Вечарніц» «Стаўроўскія дзяды» — адзін з першых у беларускай арыгінальнай літаратуры зваротаў да гістарычнай тэмы. «Стаўроўскія дзяды» не могуць не зацікавіць апісаннем старажытнага на Беларусі абраду ўшанавання душ продкаў. Ідучы ў след за А. Міцкевічам, Дунін-Марцінкевіч разам з тым арыгінальны ў паказе гэтага свята. Арыгінальнасць яго ў вельмі дакладнай падачы этнаграфічна-бытавых рэалій, якія, як і сам сюжэт песні, Дунін-Марцінкевіч узяў з прадмоў Я. Баршчэўскага да «Шляхціца Завальні».
Гістарызм «Стаўроўскіх дзядоў» рамантычна-фальклорны. Ён звязаны з адкрытай ідэалізацыяй мінулага. Прычым Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе мінулае, зыходзячы зноў жа з улюбёнай сваёй мары аб ідэальным агульнажыцці паноў і мужыкоў. Любіць князь Грамабой сваіх «добрых крывічан», «не папушчаў у крыўду бедных мужычкоў», «як гляне на аканома ці на камісара, усяляку праўду з-пад ногця пастане». І мужыкі «яго кахалі», «маўляў родненькага бацьку спатыкалі». Словам, князь Грамабой добры бацька-пан, мужычы князь і нават абуткам не адрозніваецца ад мужыкоў:
Прыходзіць дахаты, і з лапцей разуўся,
Анучы развесіў, радных паноў зве.
Народна-сялянская мара аб добрым князю была своеасаблівым пратэстам супраць кепскіх уладароў, супраць таго, што было. І мастак, які выражаў гэтую наіўную сялянскую мару, выражаў складаную гаму сялянскіх адчуванняў, мерак сацыяльнага дабра і зла, народных уяўленняў і спадзяванняў. Эпас Дуніна-Марцінкевіча ўсім гэтым і станавіўся своеасаблівай народнай кнігай сацыяльна-гістарычнага вопыту, летапісам адчуванняў і мар народа ў час, калі ён знаходзіўся яшчэ ў патрыярхальным стане, але гэта не значыць, што жыў без мары, без прагі вырвацца ў лепшае будучае, без своеасаблівай рэакцыі на сацыяльнае зло.
Адной з сюжэтных ліній «Стаўроўскіх дзядоў» з’яўляецца лінія своеасаблівай беларускай Папялушкі — Кацярынкі. Працавітай, прыгожай падчарыцы Кацярынцы і яе добраму бацьку Даніле супрацьстаяць тут брыдкая гультавая Мархва і крывадушная, злая маці Мархвы Параска. Князь Грамабой пасля непаразуменняў з Мархвай, нарэшце, жэніцца шчаслівы з сумленнай Кацярынкай. Узнагароджана шчасцем дачкі дабрата Данілы, пасаромлена ў сваіх беспадстаўных прэтэнзіях зайздросніца-мачыха, а Мархва пакарана: спушчана князем з высокай гары і разбітая насмерць. Трыумф чысціні народнай этыкі, які сцвярджаў эпас Дуніна-Марцінкевіча, хоць і быў звязаны з ідэалізацыяй, тым не менш не зніжаўся ад гэтага ў сваім пафасе, шчырасці, гуманізме.
Ідэалізацыя селяніна