Юрый Уладзіміравіч (? — ) — князь пінскі.

Упершыню згаданы пад 1262 годам, у датаванні Іпацеўскага спісу, разам з яшчэ двума пінскімі князямі, напэўна старэйшымі за яго — Фёдарам і Дзямідам. Тады князі Фёдар, Дзямід і Юрый прыехалі пад Небль да ўладзімірскага князя Васільку Раманавіча пасля яго перамогі над літоўцамі.

Наступны раз Юрый згаданы з нагоды сваёй смерці, якая ў Іпацеўскім спісе даецца пад 1292 годам, а паводле Міхайлы Грушэўскага датуецца 1288/1289 годам. Летапісец характарызуе князя Юрыя як «рахманага, пакорлівага, праўдзівага». Згаданы бацька, жонка і сыны Юрыя, а таксама брат князь Дзямід.

З гэтага паведамлення вынікае, што князь Юрый, напэўна, сын пінскага князя Уладзіміра. Такую выснову звычайна пераносяць і на князя Дзяміда, хаця роднасць брацтва крыніцай не адзначана, але яе лічаць імавернай. Тое ж тычыцца і пінскага князя Фёдара, згаданага ў 1262 годзе перад Дзямідам і Юрыем, ён не названы іх братам, але многія даследчыкі і яго лічаць сынам Уладзіміра.

У адпаведным артыкуле энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» рэдакцыя піша, што князь Юрый — «апошні вядомы пінскі князь з дынастыі Ізяславічаў». Сцверджанне яўна супярэчыць звесткам крыніцы пра брата і сыноў Юрыя па яго смерці. Рэдакцыя агулам гэта разумее, у артыкуле пра ўласна князя Дзяміда той самай энцыклапедыі Валерый Пазднякоў піша, што Дзямід «аплакваў смерць свайго брата Юрыя …, пасля чаго, магчыма, заняў пінскі прастол».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Князі пінскія Катэгорыя:Ізяславічы Тураўскія