Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 лістапада ) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія Сын Крыштафа Радзівіла Перуна.

Атрымаў кальвінскае выхаванне, вучыўся ў Страсбургскім і Базельскім універсітэтах, падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Францыі. У 1598 годзе аглядаў навінкі вайсковай тэхнікі пры двары Генрыка Наварскага і ў вайсковым лагеры Мацея І у Венгрыі.

Падчашы вялікі літоўскі ў 1599—1619 гадах, кашталян віленскі з 1618 года, староста барысаўскі. Пасля канфлікту з Хадкевічамі, які ледзь не прывеў да грамадзянскай вайны ў ВКЛ, 1 кастрычніка 1600 года ў Берасці ажаніўся з княжной Соф’яй Алелькаўнай, спадчынніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія пасля яе смерці (1612) перайшлі ва ўладанне роду Радзівілаў. Ён стаў багацейшым магнатам ВКЛ. Януш заняў месца Алелькавічаў у сенаце ВКЛ, дапамагаў слуцкімі гарматамі дзяржаўнаму войску пад Смаленскам у 1611 годзе. Пасля знішчэння Слуцка запарожскімі казакамі, пачаў перабудову горада ў сучасную фартэцыю.

У 1600—1602 гадах падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць шведскіх войскаў у Інфлянтах, камандуючы коннымі харугвамі. Выбіраўся паслом на сеймы 1603, 1605, 1606, дзе ўзначальваў кальвініскую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некатолікаў. Выступаў супраць палітыкі караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай.

У 1606—1607 гадах разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць абсалютысцкай палітыкі караля. 5.6.1606 года абвешчаны маршалкам з’езда ракашан у Любліне, а 10.8.1606 — у Сандаміры. Выдаў універсал з абвінавачваннямі караля ў парушэнні шляхецкіх правоў і свабод. 6.8.1607 каля Гузава або Аранска (паблізу Варшавы) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашан. Нягледзячы на паражэнне, ракашане вымусілі караля пайсці на кампраміс. Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы дэтранізаваць караля. Пад выглядам прыватнай вайны супраць Я. К. Хадкевіча працягваў збіраць сілы васалаў, ракашан і канфедэратаў. Праводзіў манеўры ў ВКЛ да лета 1608 года. У адрозенні ад свайго палітычнага партёра па рокашы М. Зэбжыдоўскага, пачаткова адмаўляўся ад публічнага прызнання віны за рокаш і прабачэння перад каралём, эміграваў у Германію, потым жыў у Гданьску. У 1618 годзе набыў дзяржаву Ліхтэнберг ва Франконіі і стаў не толькі тытулярным князем Святой Рымскай імперыі, але рэальным землеўласнікам і саюзнікам нямецкіх пратэстанцкіх князёў.

Януш Радзівіл выступаў супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 гадоў. На сеймах 1611, 1613, 1615, 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з католікамі. Пасля смерці жонкі Сафіі Слуцкай, атрымаў месца Алелькавічаў у Сенаце ВКЛ. Нягледзячы на стары міжродавы канфлікт Радзівілаў з Хадкевічамі і каралём выправіў слуцкую артылерыю пад Смаленск у 1611 г. і разам з Я. К. Хадкевічам і Л. Сапегам выступаў супраць росту ўплыву палякаў пры двары і ў Рэчы Паспалітай.

7.7.1613 года ў Берліне ажаніўся з Лізаветай Соф’яй Гогенцолерн, дачкой брандэнбургскага курфюрста Іагана (Яна, Ганса) Георга; яго спадчыннікі сталі сваякамі Гогенцолернаў. Меў з ёю 2 дачок, сыноў Багуслава і Юрыя.

У 1618 годзе вярнуўся з апалы і стаў сенатарам — віленскім кашталянам, але ў 1620 годзе памер пасля хрэсьбін сына ў Вільні. Імаверна, ад чумы.

Крыніцы

Літаратура

Якубаў, В. Права на супраціў тыраніі ў Вялікім Княстве Літоўскім на прыкладзе дзейнасці Льва Сапегі і Януша Радзівіла (канец XVI — пачатак XVII ст.) // Homo Historicus 2023. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / Пад рэд. д-ра гіст. н. А. Смаленчука. — Варшава: Полацкія лабірынты, 2023. — С. 163—175.

Спасылкі

Януш Крыштафавіч Радзівіл 1579 Катэгорыя:Кашталяны віленскія Катэгорыя:Падчашыі вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты барысаўскія