Забойства ў Новай Шатландыі — злачынства, здзейсненае 18 і 19 красавіка 2020 года Габрыэлем Уортманам, які забіў па меншай меры 22 чалавекі і падпаліў не менш за пяць будынкаў у канадскай правінцыі Новая Шатландыя, перш чым быў забіты паліцыяй пасля пераследу яго аўтамабіля.

Злачынства стала самым крывавым нападам з ужываннем агнястрэльнай зброі ў гісторыі Канады. Яно пабіла папярэдняе па ліку ахвяр масавае забойства ў Політэхнічнай школе Манрэаля 1989 года, у выніку якога загінулі 15 чалавек, у тым ліку сам стралок. Паліцыя сцвярджае, што матыў злачынства пакуль не ўстаноўлены.

Ход падзей

18 красавіка Каля 23:00 (UTC-3) па мясцовым часе супрацоўнікі Каралеўскай канадскай коннай паліцыі (КККП) адрэагавалі на шматлікія званкі ў службу 911 у сувязі з інцыдэнтам са стральбой у Портапік, размешчаным за 130 кіламетраў на поўнач ад горада Галіфакс. Да гэтага часу тры дамы на Портапік-Біч-Роўд былі пад абстрэлам, і па меншай меры пяць чалавек загінулі. Усе загінулыя былі застрэленыя, калі спрабавалі выратавацца ад агню. Афіцэр, які адным з першых прыбыў на месца здарэння, паведаміў па радыё, што паліцыя яшчэ не знайшла падазраванага.

У 23:32 КККП размясціла твіт з просьбай да жыхароў гэтага раёна заставацца дома з зачыненымі дзвярыма, але ніякага паведамлення праз правінцыйную сістэму экстранага апавяшчэння пры гэтым зроблена не было.

19 красавіка Каля 8:00 раніцы па тэлефоне 911 паведамілі пра «выбух і стральбу» ў доме на Хантэр-Роўд ва Уэнтуорце, прыкладна ў 37 кіламетрах на поўнач ад Портапіка. Два жыхары і сусед, які адправіўся аказваць дапамогу, былі забітыя. Затым яшчэ адна ахвяра была знойдзена застрэленай падчас прагулкі ва Уэнтуорт-Вэлі.

КККП апазнала 51-гадовага Уортмана, як падазраванага, у 08:54 раніцы і папярэдзіла, што ён быў апрануты як афіцэр КККП і кіраваў копіяй паліцэйскай машыны. Паміж 10:04 і 11:04 падазраваны быў заўважаны ў ваколіцах населеных пунктаў Гленхолм, Дэберт і Брукфілд. Крыніца ў праваахоўных органах паведаміла CNN, што ў гэты час Уортман пачаў бязладна спыняць вадзіцеляў і забіваць іх.

Незадоўга да 11:24 Уортман сутыкнуўся з канстэблем КККП Хайдзі Стывенсан (Heidi Stevenson) на шашы № 2 у Шубенакадзі. Сведкі паведамілі, што бачылі, як Уортмен бег да Стывенсан, і чулі перастрэлку, у выніку якой Стывенсан была забітая. Таксама паранены іншы афіцэр. На месцы здарэння былі заўважаны дзве падпаленыя машыны, у тым ліку, магчыма, аўтамабіль Уортмана. Пасля гэтага злачынец працягнуў шлях на поўдзень у серабрыстым пазадарожніку Chevrolet Tracker, выкрадзеным у адной з яго ахвяр, і ў наступны раз яго ўбачылі ў Мілфардзе.

Нарэшце, у 11:40 раніцы, больш чым праз 12 гадзін пасля таго, як паліцыя адказала на першую скаргу на стральбу з агнястрэльнай зброі, Уортман быў застрэлены паліцыяй на заправачнай станцыі Irving Big Stop у Энфілдзе.

Расследаванне Ніякіх афіцыйных матываў для гэтых забойстваў устаноўлена не было. Паліцыя не кваліфікавала дадзенае злачынства як тэрарыстычны акт.

Спасылаючыся на неназваную крыніцу ў праваахоўных органах, CNN паведаміла, што інцыдэнт, магчыма, пачаўся як выпадак дамашняга гвалту ў адным з дамоў, дзе Уортман нібыта спрабаваў знайсці былую партнёрку.

Група рэагавання на сур’ёзныя інцыдэнты ў Новай Шатландыі абвясціла, што правядзе расследаванне ў дачыненні да афіцэраў КККП па факце стральбы.

Былі ўзняты пытанні аб тым, чаму Новая Шатландыя не выкарыстоўвае сваю сістэму экстранай абвесткі, каб папярэдзіць грамадскасць аб забойствах. КККП выкарыстала Twitter для прадастаўлення інфармацыі, але закранутыя раёны мелі дрэннае Інтэрнэт-абслугоўванне і былі ў асноўным населены пажылымі людзьмі, якія маглі не выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі. Выкарыстанне сістэмы экстранай абвесткі Новай Шатландыі дазволіла б адпраўляць тэкставыя паведамленні, тым самым своечасова папярэдзіць жыхароў аб атаках. Супэрінтэндант КККП Лэзер сказаў, што будзе праведзена расследаванне працэсу прыняцця рашэнняў аб папярэджанні грамадскасці.

Загінулыя Уортман забіў па меншай меры 22 чалавекі, у тым ліку афіцэра Хайдзі Стывенсан, за плячыма якой было 23 гады службы. Ён таксама параніў другога афіцэра КККП. Акрамя гэтага, па меншай меры яшчэ адзін чалавек атрымаў раненні. Па словах камісара Брэнды Лукі, некаторыя з першых ахвяраў Уортмана былі цесна звязаны з ім, але па меры таго, як ён працягваў страляць, яго мэты станавіліся ўсё больш выпадковымі.

Забойца КККП апазнала злачынца як Габрыэля Уортмана, зубапратэзнага тэхніка. Ён вучыўся ў сярэдняй школе Рыверв’ю ў Нью-Брансвіку і марыў стаць паліцыянтам. Знаёмыя апісвалі яго як ветлівага чалавека, які часта праводзіў час у сезонным доме недалёка ад бухты Кобекід.

Уортман меў хобі — купляць памятныя рэчы праваахоўных органаў і рамантаваць старыя паліцэйскія аўтамабілі. Адзін з суседзяў апісваў яго дом як «свяцілішча» КККП. Габрыэль захоўваў два старыя паліцэйскія аўтамабілі.

Як расказалі суседзі, Уортман змагаўся з алкагалізмам, і яго прыбытковы бізнес пацярпеў ад пандэміі каранавіруса, якая прымусіла спыніць аказанне ўсіх неістотных стаматалагічных паслуг.

Рэакцыя Сцягі па ўсёй Канадзе былі прыспушчаны да паловы мачты. Палата абшчын ушанавала хвілінай маўчання памяць загінулых.

1 мая Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо абвясціў пра забарону прыватным асобам купляць, прадаваць, перавозіць, увозіць ці выкарыстоўваць больш за 1500 мадэляў штурмавой зброі, якія ў тым ліку выкарыстоўваліся ў масавых забойствах у суседніх ЗША.

Заўвагі

Катэгорыя:Красавік 2020 года Катэгорыя:Падзеі 18 красавіка Катэгорыя:Падзеі 19 красавіка Катэгорыя:2020 год у Канадзе Катэгорыя:Забойствы, здзейсненыя ў 2020 годзе