Мікалай Арсенавіч Пашке́віч (, Гарадзішча, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка — ) — беларускі літаратуразнавец, краязнавец, педагог.

Біяграфія Нарадзіўся 20 мая 1936 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Гарадзішча Вілейскага павета Віленскага ваяводства (цяпер — Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Пасля заканчэння Халмоўскай пачатковай школы вучыўся ў Сваткаўскай сярэдняй школе. Пасля школы служыў у Савецкай Арміі, потым вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1963 годзе. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Сваткаўскай сярэдняй школе, потым стаў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Узначальваў гурток паэзіі «Маладая рунь», выпускаў насценную газету і альманах. Пісаў вершы, літаратуразнаўчыя артыкулы. У 1967 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР, але па стане здароўя не змог яе скончыць і вярнуўся да працы ў школе. У 1968 годзе выдаў кнігу «З вопыту работы літаратурнага гуртка…». У кнізе распавядаецца пра работу школьнага гуртка беларускай літаратуры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел беларускія пісьменнікі Янка Брыль, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка, Максім Танк і іншыя. Памёр 14 сакавіка 1972 года. Пахаваны на могілках вёскі Гарадзішча. Помнік, зроблены скульптарам Іванам Міско, нагадвае сонечны прамень, у верхняй частцы якога змешчаны бронзавы барэльеф з профілем маладога настаўніка.

Памяць Памяці настаўніка Васіль Быкаў прысвяціў аповесць «Абеліск», Алег Лойка — верш «Каліны», Апалінарый Пупко — карціну «Памяць». Міколе Пашкевічу прысвечаны раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы. Пакінуў памяць і ў сэрцах аднавяскоўцаў. Паколькі ў вёсцы была адна студня, настаўнік узняў пытанне аб будаўніцтве водаправода, але атрымаў адмову. Тады ён зрабіў за свае грошы свідравіну.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вілейскім павеце (1920—1940) Катэгорыя:Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі