«На́ша Ні́ва» — найбуйнейшае незалежнае беларускамоўнае інтэрнэт-выданне. Заснавана ў 1991 годзе ў Вільні, у 1996—2021 гадах рэдакцыя размяшчалася ў Мінску. З 1991 года і да чэрвеня 2018 года выходзіла як газета. Пазіцыянуе сябе пераемніцай газеты «Наша ніва». У 2021 годзе ў выніку пагрому незалежных медыя ў Беларусі рэдакцыя была зноў перанесена ў Вільню. Рэжымам Лукашэнкі з мэтай палітычнага пераследу выданне прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем». Дырэктаркай выдання з’яўляецца Наста Роўда.

Гісторыя

Зараджэнне газеты

Трэцяя газета з такою назвай (гл. таксама «Наша ніва (1906)», «Наша ніва (1920)»). Заснавана ў маі 1991 года ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам быў Сяргей Дубавец. Пазіцыянавала сябе пераемніцай газеты «Наша ніва», якая выходзіла ў Вільні ў пачатку XX ст. Катэгарычна супраць аднаўлення «Нашай Нівы» быў Ніл Гілевіч, які лічыў, што выданне павінна застацца помнікам.

«Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласцівых многім беларускамоўным выданням савецкай пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, з’явілася вялікая колькасць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносін народаў рэгіёна.

У Беларусі тым часам ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі, узяла верх аўтарытарная мадэль. У гэтых умовах у 1996 годзе прынята рашэнне пра перанос рэдакцыі ў Мінск. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газетаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і свеце.

У 1998 годзе газета дабіваецца сімвалічнай перамогі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца «тарашкевіцай». З 1998 года мае ўласны сайт.

2000-я З 2000 года рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006), газета вяртаецца да штотыднёвае перыядычнасці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выдання літаратурна-інтэлектуальнага ў выданне грамадска-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовы.

Ад 2002 года аб’ём газеты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 года — да 24-х. На сваім піку тыраж газеты дасягае 8000 асобнікаў.

У лістападзе 2005 «Наша Ніва» была выдалена з каталогу падпіскі РУП «Белпошта». З таго часу распаўсюджваецца намаганнямі ўласнай службы дастаўкі і пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасць старонак да 48-міПра газету «Наша Ніва»// Наша Ніва — Дата доступу: 14 верасня 2008.

Але газета ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на развіццё інтэрнэт-сайта nn.by (пазней nashaniva.by). Ад 2006 года інтэрнэт-версія «Наша Ніва» эвалюцыяніруе ў фармат інтэрнэт-платформы, прыстасоўваючы тэхналогію выдання да эпохі электронных СМІ.

У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сённяшняга дня. Па статыстыцы Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадах у сярэднім штомесяц сайт НН наведвалі каля 600 000 унікальных наведвальнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84 % наведвальнікаў — з Беларусі, 49 % — з Мінска.

З 2006 года да рэдактарства газеты далучаецца Андрэй Скурко. Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайта nn.by, а Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зміцер Панкавец.

У снежні 2008 года ўлады Беларусі ізноў дазволілі распаўсюджанне газеты ў дзяржаўнай сетцы «Белсаюздрук». Першы з такіх нумароў выйшаў у колеры і меў абвешчаны тыраж 5126 асобнікаў.

Ад заснавання і да № 595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай»Каментар рэдакцыі // Наша Ніва. № 45 (595) 4 снежня 2008. Старонка 2. ISSN 1819—1614. Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў ННАндрэй Дынько. Некалькі заўваг да дыскусіі аб пераходзе на адзіны правапіс // Наша Ніва. № 35 (537) 27 верасня 2007. Старонкі 32-33., так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газетыВіталь Тарас. Пара прыйсці да аднаго правапісу // Наша Ніва. 29 жніўня 2007 ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыіЗміцер Саўка. Заканадаўчая гара супраць мякказначнай мышы // Наша Ніва. № 8 (558) 28 лютага 2008. Старонка 27.. У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую слушнасцьСяргей Дубавец. Ганс вялікі і Ганс малы // Наша Ніва. № 33 (535) 6 верасня 2007. Старонкі 4-5., але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць «тарашкевіцы»Іван Сай. Sorry-sorry // Наша Ніва. 25 верасня 2007.

2010-я 25 красавіка 2011 года Міністэрствам інфармацыі пададзеныя пазовы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная Воля» у адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 ст.51 закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў. Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў сітуацыі з «Нашай Нівай» вызначальным назваў факт публікацыі на старонках газеты хлуслівага матэрыялу пра ліквідацыю наступстваў тэракту ў мінскім метро: «У матэрыяле была абсалютная хлусня, нібы дзяўчына знаходзілася пад заваламі ў метро тры гадзіны, у той час як у 18.30 яна ўжо ляжала на аперацыйным стале». На яго думку, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі акрамя закона аб СМІ павінны кіравацца яшчэ чалавечай мараллю і журналісцкай этыкай.Газета «Народная воля» преднамеренно провоцирует власть — Лукашенко. БелТА.

Ад 1 ліпеня 2016 «Наша Ніва» выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца развіццю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў двух версіях (на беларускай і рускай мовах). Штомесяц сайт наведвала паўмільёна наведвальнікаў, якія праглядалі 7 мільёнаў старонак.

З 1 сакавіка 2017 года, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» заступае Ягор Марціновіч.

Інтэрнэт-медыя З чэрвеня 2018 года спыніўся рэгулярны выхад папяровай газеты, «Наша Ніва» існуе толькі ў электроннай форме як партал (у маі 2018 года яго наведалі 475 тысяч карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак).

2020-я

Са жніўня 2020 года доступ да сайта «Нашай Нівы» «nn.by» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заблакіраваны з-за асвятлення парталам пратэстаў у Беларусі. 23 верасня 2020 года сілавікі зрабілі ператрус у кватэры галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі. Яго дапыталі ў Следчым камітэце, пасля чаго ён тры дні сядзеў у адзіночнай камеры. Акрамя таго, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненні да «Нашай Нівы». 25 лістапада пасля трох месяцаў улады разблакавалі сайт «Нашай Нівы», першы з сотні забароненых рэсурсаў.

8 ліпеня 2021 года быў абшуканы офіс і дамы галоўных супрацоўнікаў «Нашай Нівы». Былі арыштаваны Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько нібыта за арганізацыю пратэстаў, прычым, па інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара збівалі па затрыманні. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы». З таго ж дня даменнае імя перастала працаваць, сайт «Нашай Нівы» адкрыць нельга. Міністэрства інфармацыі Беларусі пакарала рэдакцыю за «забароненую інфармацыю», якая была на сайце. 12 ліпеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі зняволенымі.

У лістападзе 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Telegram-канал «Нашай Нівы» і яе сацыяльныя сеткі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У студзені 2022 года КДБ прызнаў інтэрнэт-рэсурсы партала экстрэмісцкім фарміраваннем. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць.

15 сакавіка 2022 года Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч атрымалі па два з паловай года калоніі за нявыплату камунальных паслуг.

Пасля выезду з Беларусі офіс рэдакцыі размясціўся ў Вільні. З меркаванняў бяспекі супрацоўнікаў большасць аўтарскіх публікацый падпісаны псеўданімамі: Мікола Бугай (палітыка), Вера Белацаркоўская (інтэрв’ю і палітзняволеныя), Антось Жупран (палітыка, грамадска значныя тэмы і цікавосткі), Ганна Стафановіч (унутраная палітыка і свецкая хроніка), Ф. Раўбіч (гісторыя, культура, мастацкая крытыка) і інш.

Узнагароды і прэміі Міжнародная ўзнагарода «Свабода выказвання» (Андрэй Дынько) (2006) Прэмія імя (Андрэй Дынько) (2006) Прэмія імя «» (2007) Люблю Беларусь (2010) ‘Belarus in Focus’ (Андрэй Дынько) (2013) Прэмія «Свабода прэсы» «Репарцёраў без межаў» (Ягор Марціновіч) (2015) Творчы конкурс БАЖ «Вольнае слова»: 2015 — Ягор Марціновіч і Дзмітрый Панкавец. 2023 — журналісцкае расследаванне «Укараняецца ў беларускія арганізацыі як юрыст, перасылае інфармацыю Лебедзевай. Дзіўная дзейнасць Мантаса Данелюса». 2024 — Вера Белацаркоўская — трэцяе месца ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры» за артыкул «Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў». 2024 — Настасся Роўда — першае месца ў намінацыі «Відэа» («Інфармацыйныя жанры») за Ток з мастаком Уладзімірам Цэслерам. 2025 — Вера Белацаркоўская — трэцяе месца ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры» за артыкул «„Антошкіна — гэта пекла“. Страшны маналог палітзняволенай». 2025 — Ф. Раўбіч — другое месца ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за артыкул «Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў “сталінскі ампір”». Прэмія імя «» (Наталля Лубнеўская) (2021)

Гл. таксама Наша гісторыя

Крыніцы

Спасылкі

Архіў газеты на эл.рэсурсе knihi.com Матэрыяльны архіў Нашай Нівы (1990-2000-я) у Віленскім Беларускім Музеі імя Івана Луцкевіча Гісторыя «Нашай Нівы» ад 1906 года да нашых дзён

Катэгорыя:Газеты Беларусі Катэгорыя:Газеты на беларускай мове Катэгорыя:З’явіліся ў 1991 годзе Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Вольная прэса Усходняй Еўропы»

Катэгорыя:Беларускія СМІ ў замежжы Катэгорыя:Беларускія СМІ