Ян Якаб Слаўэрхоф, зрэдку падпісваўся Джон Равенсвуд (; , Леўвардэн, Нідэрланды — , Хілверсум) — паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў Нідэрландаў ХХ ст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў пратэстанцкай сям'і, быў пятым з шасці дзяцей і з самага дзяцінства пакутаваў на астму. Скончыўшы школу (у якой вучыўся разам са сваім сябрам, таксама будучым пісьменнікам, Сіманам Вестдэйкам), Слаўэрхоф абірае кар'еру доктара і паступае ў медыцынскі ўніверсітэт у Амстэрдаме. Аднак гэта не перашкаджае яму займацца літаратурай — першыя вершы Слаўэрхофа друкуюцца ў студэнцкім часопісе «Propria Cures». Аднак пры гэтым паэт не бярэ актыўнага ўдзелу ў студэнцкім жыцці, паглынуты светам сваіх любімых французскіх сімвалістаў — Шарля Бадлера, Поля Верлена, Трыстана Карб'ера, Арцюра Рэмбо, Жуля Лафорга, творы якіх ён перакладаў на нідэрландскую мову. Апроч французскай перакладаў з партугальскай (Эса дэ Кейрош, Паўлу Сэтубал), іспанскай (Рамон Гомес дэ ла Сэрна, Марцін Луіс Гусман, Рыкарда Гіральдэс і інш.) і кітайскай.
З 1921 года вершы Слаўэрхофа пачынаюць друкавацца ў сур'ёзным літаратурным часопісе «Плынь» (Het Getij), а ўжо ў 1923 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік — «Архіпелаг» (Archipel). У тым жа годзе паэт (палічыўшы сябе яшчэ не гатовым да сталага пачуцця) разрывае стасункі з Труус дэ Рэйтэр, з якой заручыўся ў студэнцкія гады, калі дзяўчына вывучала нідэрландскую філалогію, а сам паэт — медыцыну. Не здолеўшы знайсці сабе працу ў Нідэрландах (а падчас навучання ва ўніверсітэце ў Слаўэрхофа з'явілася няшмат сяброў і значна больш — ворагаў), паэт паступае на службу ў Іст-Індскую карабельную кампанію і робіцца судавым доктарам. Аднак ужо ў першым плаванні слабое здароўе Слаўэрхофа нагадвае пра сябе і вымушае яго шукаць працу на сушы. Праз некалькі месяцаў ён зноў падпісвае канктракт з карабельнай кампаніяй і плыве на Далёкі Усход. Да 1927 года, калі заканчваецца кантракт, Слаўэрхоф шмат разоў пабываў у Кітаі, Ганконгу і Японіі.
З 1928 года паэт пачынае плаваць доктарам на судах, што ідуць у Лацінскую Амерыку. Гэтым часам крыху паляпшаецца яго здароўе і шырыцца пісьменніцкая слава (да 1930 года надрукаваныя ўжо шэсць паэтычных зборнікаў і два зборнікі апавяданняў). У вершах Слаўэрхофа адкрываецца дзівосны свет усходніх краін і паўднёвых мораў, ён расказвае пра кітайцаў-кулі, што грузяць суды ад Шанхаю да Кантону, пра партавыя гарады — Порт-Саід, Джыбуці, Сінгапур, пра маракоў і піратаў, пра мужнасць, вернасць і падарожжы на самы край зямлі.
З 1929 года Слаўэрхоф часта бывае ў Нідэрландах, працуе ва Утрэхце ў клініцы дэрматалогіі і венерычных захворванняў. У верасні 1930 года жэніцца з Дар'яй Колін, танцоўшчыцай, балерынай — і некаторы час адчувае сябе вельмі шчаслівым. Аднак ужо ў 1931 годзе зноў захворвае (гэтым разам на пнеўманію) і вымушаны ехаць папраўляць здароўе ў Італію, куды хуткім часам пераязджае і яго цяжарная жонка. Дзіця нараджаецца мёртвым, і Слаўэрхоф упадае ў дэпрэсію, а ў 1932 годзе зноў сыходзіць у мора. Здароўе пагаршаецца, і Слаўэрхоф вырашае выправіцца ў Паўночную Афрыку, але неўзабаве вяртаецца назад. Разам са здароеўм пагаршаюцца стасункі з жонкай, якія праз некаторы час заканчваюцца разводам.
Тым часам пісьменніцкая слава Слаўэрхофа ўсё расце. У 1932 годзе выходзіць яго «Забароненае каралеўства» (Het verboden rijk), гістарычны раман з рысамі магічнага рэалізму, які апавядае пра дзевятнаццатае стагоддзе і жыццё партугальскага паэта шаснаццатага стагоддзя Луіса дэ Камоэнса, аўтара санетаў і гераічнай паэмы «Лузіяды», які, як і сам Слаўэрхоф, бываў на Усходзе. Нідэрландскі паэт неаднаразова звяртаецца да вобразу свайго папярэдніка — напрыклад, у санэце «Камоэнс», — і супастаўляе яго лёс са сваім, бачачы ў гэтым злавеснае папярэджанне (Камоэнс памёр ад чумы). Гэты, а таксама наступны раман Слаўэрхофа «Жыццё на зямлі» (Het leven op aarde, 1934) былі прыхільна прынятыя крытыкай і чытачамі, а паэтычная кніга «Soleares» была ў 1933 годзе ўганараваная прэміяй Ван дэр Хогта.
Пасля 1935 года Слаўэрхоф шмат плавае па свеце. У адной з паездак у Паўднёвую Афрыку ён моцна захворвае на малярыю і ў 1936 годзе вяртаецца ў Нідэрланды — але запозна. Паэт памірае 5 кастрычніка 1936 года, неўзабаве пасля 38-га дня нараджэння, у лякарні ў Хілверсуме, не дажыўшы месяцу да выхаду свайго апошняга зборніка вершаў «Годная магіла марака» (Een eerlijk zeemansgraf).
Пісаў таксама вершы па-французску.
Празаічныя творы Яна Слаўэрхофа перакладаліся на нямецкую, французскую, італьянскую і партугальскую мовы, паэзія — на рускую (Я. Віткоўскі).
Творы
Паэзія
Паўцень (Clair-obscur), 1926 Усходняя Азія (Oost-Azië), 1928 (пад псеўданімам Джон Равенсвуд) Эльдарада (Eldorado), 1928 Архіпелаг (Archipel), 1929 Балотныя кветкі (Fleurs de marécage), 1929 (па-французску) Сатурн (Saturnus), 1930 (пашыранае і дапоўненае выданне «Паўценю») Малапрыдатны (Yoeng Poe Tsjoeng), 1930 (пераклады з кітайскай і арыгінальныя вершы) Серэнада (Serenade), 1930 Soleares (Soleares), 1933 Годная магіла марака (Een eerlijk zeemansgraf), 1936
Проза
Вясновая выспа і іншыя аповеды (Het Lente-eiland en andere verhalen), 1930 (зборнік апавяданняў) Пена і попел (Schuim en asch), 1930 (зборнік апавяданняў) Забароненае каралеўства (Het verboden rijk), 1932 (раман) Жыццё на зямлі (Het leven op aarde), 1934 (раман) Паўстанне Гвадалахары (De opstand van Guadalajara), раман, апублікаваны пасмяротна, 1937
Драма
Ян Пітэрц Кун (Jan Pietersz. Coen), 1931 (трагедыя)
Літаратура
Слаўэрхоф, Ян Якаб (Slauerhoff, Jan Jacob) // Часопіс «ПрайдзіСвет»: Асоба: Аўтары — Эл.рэсурс prajdzisvet.org
Спасылкі Падборка вершаў Слаўэрхофа па-беларуску Арыгінальныя тэксты на сайце бібліятэкі нідэрландскай літаратуры
Катэгорыя:Пісьменнікі Нідэрландаў Катэгорыя:Паэты Нідэрландаў Катэгорыя:Перакладчыкі Нідэрландаў Катэгорыя:Перакладчыкі на нідэрландскую мову