Мапун () — востраў у моры Сулу. Плошча — 77 км². Разам з суседнімі астравамі складае аднайменны муніцыпалітэт (181,3 км²) у складзе правінцыі Таві-Таві на поўдні Філіпінаў. Насельніцтва (2015 г.) — 26597 чал.

Геаграфія Востраў Мапун месціцца на поўдні мора Сулу за 102 км ад узбярэжжа буйнога вострава Калімантан. Мае вулканічнае паходжанне. На востраве 26 узвышшаў. Найвышэйшы пункт — гара Ліран (336,8 м). Маюцца 2 кратэрных возеры з прэснай вадою: Данаа (24 га) і Сінгуанг (28 га). У цэнтральнай частцы сцёкі даджавых вод фарміруюць возера Сапах (69 га) з забалочанымі берагамі.

Клімат трапічны вільготны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 994 мм. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля +27°C.

Гісторыя У XVI ст. Мапун уваходзіў у склад султаната Бруней, пакуль у 1578 г. іспанцы не нанеслі паражэнне флоту султана і фармальна не далучылі востраў да сваіх каланіяльных валоданняў. У 1900 г. ЗША выкупілі Мапун у Іспаніі, у 1901 г. далучылі яго да Філіпінаў.

Асаблівасці культуры Большасць насельніцтва вострава складаюць джама мапун — асобная этнічная супольнасць, блізкая па мове і культуры да баджа. Іх галоўнымі заняткамі з'яўляюцца сельская гаспадарка і рыбалоўства. Вырошчваюць сухадольны рыс, какосы, гародніну. У нашы дні значная колькасць джама мапун жыве і працуе ў суседняй Малайзіі або на іншых Філіпінскіх астравах. Асноўная рэлігія — іслам.

Спасылкі MUNICIPALITY OF MAPUN, Province of Tawi-Tawi JAMA MAPUN JAMA MAPUN ETHNOECOLOGY

Катэгорыя:Сулу Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Філіпінаў