Сіры́йская Каталі́цкая Царква́ (сір. ܥܕܬܐ ܣܘܪܝܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝܬܐ) — адна з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якая прытрымліваецца заходне-сірыйскага абраду, узыходзячага да старажытнай Антыяхійскай Літургіі. Мае статус патрыярхату. Як і іншыя Цэрквы sui iuris (свайго права), мае ўласную традыцыю, абрад, партыкулярнае права і прадстаяцеля. Яна з’яўляецца адной з нешматлікіх Каталіцкіх Цэркваў, іерархі якой у свой час падпісалі Унію цалкам (а не толькі асобныя епіскапы, як гэта бывае часцей). Таму не толькі з пункту гледжання Каталіцкай Царквы, але і з пазіцыі незалежных царкоўных гісторыкаў Сірыйская Каталіцкая Царква лічыцца пераемніцай антыяхійскай іерархіі апостальскіх часоў.
Пасля таго, як асманскія ўлады пачалі разню хрысціян на тэррыторыі Асманскай імперыі, шмат бежанцаў перасяліліся на тэрыторыю Лівана, менавіта таму сёння там знаходзіцца асноўная частка Царквы. Гэтыя гістарычныя абставіны таксама паўплывалі на тое, што ў наш час Сірыйская Каталіцкая Царква мае адносна невялікую колькасць вернікаў, нягледзячы на тое, што з’яўляецца адной з шасці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якія маюць статус патрыярхату.
Назва Сірыйская Каталіцкая Царква (сір: ܥܕܬܐ ܣܘܪܝܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝܬܐ, лацінскімі: ʿĪṯo Suryayṯo Qaṯolīqayṯo) — «каталіцкая» значыць, што яна знаходзіцца ў поўным адзінстве са Святым Пасадам і з’яўляецца часткай сусветнай Каталіцкай Царквы. «Сірыйская» мае 3 гістарычных значэння: тое, што яна з’явілася на тэрыторыі Сірыі, тое, што вернікі гэтай Царквы з’яўляюцца продкамі старажытнага арамейскага/сірыйскага народа, а таксама тое, што яна карыстаецца антыяхійскім (заходне-сірыйскім) абрадам.
Гісторыя
Да Халкідонскага Сабору (451 год) З пункту гледжання каталіцкай эклезіялогіі, усе Уніяцкія Цэрквы калісці з’яўляліся каталіцкімі, але потым зышлі ў схізму, таму і ў выпадку Сірыйскай Каталіцкай Царквы, сіра-каталіцкая традыцыя ўзыходзіць да часоў апосталаў. Да расколу пасля Халкідонскага Сабора лічыцца, з пункту гледжання Каталіцкай Царквы, што Сірыйская Каталіцкая Царква зыйшла ў схізму, і знаходзілася там да часоў падпісання Уніі. Традыцыйна заснавальнікам Сірыйскай Каталіцкай Царквы лічыцца Апостал Пётр. Пры епіскапе Антыёхіі Ігнаціі Баганосцы антыахійская кафедра стала вельмі ўплывовай пасля разбурэння Іерусалімскага храма ў 70 годзе.
Пры архіепіскапе Вавіле Антыяхійскім у 250-х гадах у Антыёхіі распаўсюджвалася ерась навацыянства, а сам Вавіла лічацца гісторыкамі архіепіскапам, падтрымліваючым навацыян. Таксама і архіепіскап Павел Самасадскі быў абвінавачаны ў ерасі, але ўжо ў ерасі манархіянства.
У «Царкоўнай Гісторыі» Еўсевій Кесарыйскі, паведамляючы пра асуджэнне Паўла Самасацкага на адным з Антыяхійскіх сабораў, прыводзіць пасланне яго ўдзельнікаў, у заключэнні якога гаворыцца аб абранні новым епіскапам Домна, сына Блажэннага Дзімітрыяна, які слаўна да Паўла кіраваў той жа епархіяй.
Павел Самасадскі не прызнаў рашэнні Сабора, і епархія Домна стала для Антыёхіі першым прэцэдэнтам падзелу кафедры і абшчыны паміж двума кіраўнікамі. Абапіраючыся на падтрымку пальмірскай царыцы Зенобіі, якая захапіла кантроль над Сірыяй, Павел працягваў займаць епіскапскую рэзідэнцыю да сярэдзіны 270/272 года, пакуль рымскі імператар Аўрэліян не атрымаў перамогу над Зеновбяй. Паводле паведамлення Еўсевія, хрысціяне самі звярнуліся да імператара, каб ён вырашыў царкоўны канфлікт. Тады імператар звярнуўся да Папы Рымскага. У выніку Павел быў выгнаны.
На прыканцы ІІІ ст. у Антыёхіі пачынае развівацца так званная Антыяхійская багаслоўская школа, якая была супрацвагай Александрыйскай багаслоўскай школы. Антыяхійская школа канцэнтравалася на Арыстоцеле, а таксама літаральным падыходзе да вывучэнню Святога Пісання, а Александрыйская школа на Платоне, а таксама містычным і алеарычным падыходзе. Свайго росквіту школа дасягнула ў IV ст.
На пачатку IV ст. антыяхійскую кафедру займаў Еўстафій Антыяхійскі. Калі на ўсходзе стала распаўсюджвацца ерась арыянства, Еўстафій актыўна змагаўся з ёй. У 325 годзе імператарам Канстанцінам Вялікім быў скліканы ў 325 годзе Нікейскі Сабор (І Сусветны Сабор у каталіцкай традыцыі). Першым старшынёй на гэтым Саборы быў Свяціцель Еўстафій. Сабор асудзіў вучэнне Арыя і склаў Сімвал Веры. «Шалёнага Арыя», як назваў яго Еўстафій, не пажадаў адмовіцца ад свайго меркавання, тады Арыя і яго аднадумцаў Сабор пазбавіў сану і адлучыў ад Царквы.
Далей антыяхійскую кафедру займалі некалькі арыян, тады склалася практычна ўнікальная сітуацыя, калі практычна ўвесь антыяхійскі клір прытрымліваўся арыянства, а вернікі наадварот, нікейскага веравучэння, таму іерархі намагаліся не выказвацца наконт гэтай тэмы, каб не справакаваць вернікаў з аднаго бока і імператара-арыяніна Канстанцыя ІІ з другога боку. Архіепіскап Лявонцій як і клір, намагаўся адкрыта не выказваць свае перакананні, але сваю прыхільнасць арыянству ўсё ж паказваў дзеяннямі. Не аказваючы заступніцтва паслядоўнікам Нікейскага Сімвала Веры, не высвячаючы святароў-нікейцаў, ён насупраць усяляк садзейнічаў арыянам, узводзячы іх у розныя ступені святарства, у прыватнасці ў 350 годзе Лявонцій высвяціў у дыяканы з правам прапаведаваць свайго вучня Аэцыя Антыяхійскага. Менавіта ў гады Архіепіскапа Лявонція антыяхійскія аскеты Флавіян і Дыядор ўвялі антыфонны спевы ў Антыёхіі, якое знайшло падтрымку ў яго асобе; па яго волі антыфонны спевы сталі ўжываць у антыяхійскіх цэрквах, а неўзабаве гэты звычай распаўсюдзіўся па ўсёй імперыі. Па просьбе Лявонція, які клапаціўся не столькі пра хрысталагічныя праблемы, колькі пра праблемы захавання міру ў Антыёхіі. Грамада нікейцаў зноў стала збірацца ў цэрквах, а не па замежамі горада на могілках, як рабіла гэта яшчэ нядаўна.
У 360 годзе на антыяхійскую кафедру быў узведзенны стаўленнік Акакія Кесарыйскага (лідара той частцы епіскапату, які падтрымліваў амейскую формулу (умеранае арыянства, згодна з якой Сын падобны Бацьку, хоць і не па сутнасці) Мялецій Антыяхійскі. Згодна з Сакратам Схаластыкам ён прыняў удзел у Сінодзе ў Селеўкіі ў 359 годзе, а затым падпісаўся пад формулай Акакія. У канцы 360 года быў узведзены на Антыяхійскую кафедру, змяніўшы Еўдаксія, які заняў Канстанцінопальскую кафедрыу. Праявіў сябе як супраціўнік арыян, і таму ў 361 годзе на Антыяхійскім сінодзе, па загадзе імператара Канстанцыя II, быў скінуты. Гэта прывяло да расколу хрысціянаў у Антыёхіі. Пры імператары Юліяне ён быў вернуты на сваю кафедру, але потым зноў сасланы. Вернуты на кафедру зноў імператарам Ёвіянам і зноў сасланы Валентам. Пры імператару Феадосіі, які асабліва шанаваў яго, быў абраны ў 381 годзе старшынёй на І Канстанцінопальскі Сабор (у каталіцкай традыцыі ІІ Сусветны Сабор). У перыяд працы Сабора раптоўна памёр. Панегірыкі ў яго гонар былі складзеныя Рыгорам Ніскім і Янам Златавусным.
Увогуле гэты перыяд у гісторыі Сірыйскай Каталіцкай Царквы дастаткова заблытаны, бо звяржэнне Мялеція прывяло да так званай Антыяхійскай Мелетыянскай Схізме (361-415 гг.), у выніку чаго ўтварылися некалькі ўнутрыцаркоўных суполак, і на Антыяхійскую кафедру прэтэндавали некалькі лагероў, якіх можна падзяліць на 4 групы:
I) група аміеў: Яўзой (361-378), пры падтрымцы імператара Валента ІІ; Дарафей I (378-381).
II) Яўстахіянская суполка: паслядоўнікі Яўстафія, строга прытрымліваліся Нікейскага Сімвала Веры, былі абраныя наступныя архіепіскапамі, прызнаныя Папай Рымскім: Паўлін II (362-388); Яўген (388-393). Пасля смерці Евагрыя, еўстахіяне не абралі іншага епіскапа. У 399 годзе яны страцілі прызнанне ў Папаў Рымскіх, але засталіся ў расколе да 415 года.
III) Апалінарысцкая суполка: Віталь II (376-380), былы паслядоўнік Мялеція, пасвечаны Апалінарыем Лаадыкійскім.
IV) Мелетианская суполка: найбуйнейшы лагер вакол скінутага архіепіскапа Мялеція. Мялецій схіляўся да прыняцця Нікейскага Сімвала Веры і прыняў удзел у Канстанцінопальскім Саборы, але не быў прызнаны Папамі Рымскімі: Мялецій (362-365-367) другасна, выгнаны; Мялецій (371/372-378-381) у трэці раз; Флавіян I (381-404), прызнаны Папай Рымскім у 399 годзе; Парфір (404-412); Аляксандр (412-417), ён завяршыў схізму з Яўстахіянамі ў 415 годзе.
Наступную багаслоўскую спрэчку (Нестарыянская Спрэчка) як пад час Эфескага Сабору (у каталіцкай традыцыі ІІІ Сусветны Сабор), так і пасля яго Сірыйская Каталіцкая Царква прайшла практычна без ніякіх праблем. Аднак у гэтым ж V ст. пачала распаўсюджвацца ерась монафізіцтва, вакол чаго пачалося шмат спрэчак, а ерась пачала падзяляцца на розныя адгалінаванні. У 451 годе адбыўся Халкідонскі Сабор (у каталіцкай традыцыі IV Сусветны Сабор), на якім было асуджана монафізіцтва.
Сабор у Халкідоне адбыўся без удзелу прадстаўнікоў закаўказскіх Цэркваў; даведаўшыся аб рашэннях сабора, Каўказска-Албанская, Грузінская і Армянская Цэрквы адмовіліся іх прызнаць, убачыўшы ў вучэнні аб двух Прыродах Хрыста схаванае адраджэнне нэстарыянства. Сінод 491 года ў армянскай сталіцы Вагаршапаце, на якім былі прадстаўнікі Армянскай, Каўказска-Албанскай і Грузінскай Цэркваў, адхіліў халкідонскія пастановы. Армянская Царква, знаходзячыся ў спусташэнні па прычыне вайны з Персіяй, не мела магчымасці сачыць за хрысталагічных спрэчкамі ў Візантыі і выказаць сваю пазіцыю. І калі ў перыяд марзпанства Вагана Маміканяна (485-505 гг.) Арменія выйшла з вайны, то аказалася, што адзінства ў хрысталагічных пытаннях няма нідзе.
Халкідонскі Сабор, на які так спадзяваўся імператар Маркіян, не прынёс міру. У гэты час Царква была падзеляна як мінімум на чатыры галіны з чатырма рознымі веравызначэннямі: у Рыме панавала халкіданіцтва, у Візантыі — міяфізіцтва ў духу энацікона імператара Зянона, у Персіі — нестарыянства, у захопленым вандаламі Карфагене, а таксама ў Іспаніі і часткі Галіі — арыянства. Халкіданіты абвінавачвалі незгодных у монафізіцтве, а антыхалкіданіты абвінавачвалі халкіданітаў у нестарыянстве, з чым ані першыя, ані другія не былі згодныя.
Сірыйская Каталіцкая Царква ліча, што з моманту Халкідонскага Сабору яны зышлі ў доўгі раскол з Каталіцкай Царквой. Былі спробы вырашыць спрэчку праз той ж самы энацікон, нават у 506 годзе адбыўся сінод у Двіне, на якім антыхалкіданіты прынялі энацікон і перасталі лічыць Халкідонскі Сабор нестарыянскім, але пазней імператар Зянон асудзіў энацікон і з гэтага моманту раскол адбыўся канчаткова. Большая частка сірыйскіх вернікаў і іерархаў абвясцілі халкіданітаў раскольнікамі, а грэкі тым часам паставілі на гэтыя кафедры (у тым ліку антыяхійскую) сваіх іерархаў, пасля чаго абрад на тэрыторыях гэтых кафедр (напрыклад Александрыйскай і Антыяхійскай) змяніўся на візантыйскі. На гэтыя падзеі ёсць некалькі пунктаў гледжання:
І) З пункту гледжання каталікоў (у тым ліку Сірыйскай Каталіцкай Царквы) частка ўсходніх каталікоў, напрыклад сіра-каталікоў, зышлі ў раскол з Каталіцкай Царквой, а грэка-каталікі вырашылі паставіць туды сваіх іерархаў, каб дапамагчы вернікам, якія засталіся прыхільнікамі артадоксіі. Але з пункту гледжання Каталіцкай Царквы грэчаскія іерархі не працягнулі апостальскую іерархію гэтых Цэркваў, а стварылі новую, у той жа час астатнія ўсходнія каталікі, якія зышлі ў раскол, страцілі лігітымнасць той іерархіі да таго моманту, калі яны не павярнуцца ў Сусветную Царкву праз падпісанне Уніі.
ІІ) З пункту гледжання візантыйскіх праваслаўных монафізіты зышлі ў раскол з артадаксальнымі хрысціянамі, пасля чаго грэчаская іерархія абвясціла схізматычную іерархію ератыкамі і адлучаннымі ад Царквы, пасля чаго яны былі вымушаны паставіць туды сваіх іерархаў і працягнуць тую ж самую іерархію, але ўжо па прынцыпу адзінага абраду (візантыйскага).
ІІІ) З пункту гледжання старажытнаўсходніх праваслаўных халкіданіты па палітычных прычынах не захацелі аднаўляць Адзінства Царквы, таму незгодным з іх палітыкай Цэрквам прыйшлося клапаціцца пра сабе самім, а халкіданіты тым часам паставілі сваю паралельную іерархію і абвясцілі іх працягам апостальскай іерархіі, у той жа самы час, як гэтая іерархія нікуды не знікла, а прыхільнікі Халкідонскага Сабору вырашылі, што гэтая іерархія зніка.
Унія 1662 года