Дом сувязі — будынак у Гомелі, адзін з асноўных кампазіцыйных акцэнтаў ансамбля плошчы Леніна.

Пабудаваны ў 1981 годзе з цэглы і жалезабетону па праекце архітэктара Р. Ціхава і інжынераў Н. Даронінай, В. Дабравольскай. Цяпер будынак займаюць аддзяленне паштовай сувязі № 60 і «Белтэлекам».

Архітэктура Будынак складаецца з некалькіх рознавялікіх аб’ёмаў, згрупаваных вакол унутранага дворыка: 14- і 3-павярховы аб’ёмы арыентаваны на плошчу Леніна, 5- і 2-павярховыя — на праспект Леніна.

Кампазіцыя галоўнага фасада, арыентаванага на плошчу Леніна, заснавана на кантрасце 14-павярховага аб’ёма і выцягнутага 3-павярховага стылабата, які мае суцэльнае шкленне фасадаў, падзеленых металічнымі аконнымі рамамі.

Падоўжаную кампазіцыю аб’ёму ўзмацняюць вынесеныя за межы фасадаў вынесеныя за межы фасадаў гарызантальныя парапеты. 5-павярховы аб’ём вырашаны ў строгіх лаканічных формах, у афармленні фасадаў выкарыстана рэльефная апрацоўка паверхняў панэляў. Кампазіцыя фасадаў 14-павярховага аб’ёму заснавана на спалучэнні вертыкальных алюмініевых рэбраў з гарызантальнымі міжпавярховымі міжаконнямі, апрацаванымі стэмалітам, фасад 3-павярховага — дэкарыраваны 5 парамі свяцільняў. У афармленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкаратыўная тынкоўка, гранітныя і мармуровыя пліты, алюміній, стэмаліт і інш. аддзелачныя матэрыялы.

Унутраная планіроўка будынкаў — калідорная і анфіладная. У 14-павярховым і 3-павярховым карпусах знаходзіліся тэлеграфна-тэлефонная станцыя, абласное вытворча-тэхнічнае ўпраўленне сувязі і інш. службы, у 2-павярховым — паштамт, канферэнц-зала на 450 месцаў, сталовая і інш., у 5-павярховым — цэнтральны тэлеграф, міжгародняя тэлефонная станцыя.

Перад галоўным фасадам дэкаратыўны басейн, кветнікі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Гомеля Катэгорыя:Плошча Леніна (Гомель) Катэгорыя:Праспект Леніна (Гомель) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Рыгора Ціхава Катэгорыя:1981 год у Гомелі