Дом па Савецкай вуліцы, 20 — будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, на рагу вуліц Савецкай і Віленскай (№ 2).

Гісторыя Пабудаваны ў 1897 годзеПаводле інфармацыі на ахоўнай шыльдзе (па іншых звестках у 1900).

У XIX ст. на месцы дома стаялі два старыя драўляныя дамы Людзежа Садоўскага. Згодна ацэнцы 1886 дамы былі самыя танныя на ўсёй вуліцы Саборнай. Мураваныя дамы былі пабудаваны новым уладальнікам Шэвелем Лейбай Федэрам у 1901, у тым жа годзе адчынена гасцініца «Камерцыйная» з рэстаранам. З 1907 працавала кавярня Алтэра Хазана. Пасля дабудовы ў 1912 трэцяга паверху колькасць нумароў гатэля павялічылася з 13 да 24. У 1920-я гатэль пачаў называцца «Гандлёвым», у пакоях № 2-3 якога з 19 кастрычніка 1920 года працавала бюро Беларускай ваеннай камісіі па запісу ў беларускі клас Варшаўскай школы падхарунжых; а ў 1926 у гатэлі спыняўся пасол В. Рагуля. У тым жа годзе ў будынку працавала фотамайстэрня Рубінштэйна. 3 пачатку 1930-х гг. у доме працаваў «Паморскі Базар» («Bazar Pomorski», уласнік Алаіз Хэйк), у якім прадаваліся тканіны і сукно. У пачатку 1930-х гг. будынак быў атынкаваны і набыў сённяшні выгляд.

У пасляваенны час працаваў рэстаран «Белоруссия», замест якога ў жніўні 1951 пачала працаваць узорная сталоўка. 11 верасня 1953 гатэль № 2 атрымаў назву «Белоруссия», аднак жа да снежня 1969 насіў назву «Беларусь», пасля — гатэль «Гродно». У 1964 у будынку адчынілася кафэ, а з лістапада 1974 рэстаран «Беласток». Рэстаран быў шырока вядомы ў горадзе тым, што ў ім на прафесійнай аснове выступалі творчыя калектывы, а таму ўстанова карысталася вялікай папулярнасцю. Пасля закрыцця будынка на рэканструкцыю ў сярэдзіне 1980-ых, назва «Беласток» перайшла да рэстарана «Гродна» на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Гараднічанскай.

Архітэктура Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада асіметрычная. У левай частцы, вылучанай рызалітам, знаходзіцца галоўны ўваход і лесвічны блок. 1-ы паверх аддзелены ад 2-га карнізам. Здвоеныя аконныя праёмы 1-га паверха лучковыя, 2-га і 3-га — прамавугольныя. Завяршальны карніз непрафіляваны, з невялікім вынасам. У архітэктуры будынка выкарыстаны элементы стылю мадэрн.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Гродна Катэгорыя:Савецкая вуліца (Гродна) Катэгорыя:Віленская вуліца (Гродна) Катэгорыя:Збудаванні Гродна ў стылі мадэрн Катэгорыя:1897 год у Гродне