Элья́ш Мі́хал Ры́мвід (? — ) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак лідскі (1690—1696).

Біяграфія і дзяржаўная дзейнасць Паходзіў са шляхецкага роду. Жыццёвы шлях Эльяша Міхала Рымвіда быў звязаны з паступовым прасоўваннем па пасадах у Лідскім павеце. Ён паслядоўна займаў пасады гродскага лідскага суддзі ў 1668—1671 гадах, лідскага падстарасты ў 1671—1682 гадах і лідскага падстолія ў 1678—1683 гадах. У 1682 годзе ён таксама выступаў сурагатарам гродскім віленскім. З 1683 па 1690 год займаў пасаду лідскага падкаморыя, пасля чаго 17 жніўня 1690 года быў прызначаны лідскім маршалкам і знаходзіўся на гэтай пасадзе да самай смерці 6 мая 1696 года.

Рымвід вёў актыўную палітычную дзейнасць на агульнадзяржаўным узроўні. У 1669 годзе ён быў сярод паслоў ад Лідскага павета, якія засведчылі абранне польскага караля і вялікага князя літоўскага Міхала Карыбута. Згодна з геральдыкам Каспарам Нясецкім (які памылкова назваў яго наваградскім старастам замест навадворскага), Рымвід шматкроць абіраўся паслом на соймы Рэчы Паспалітай, а таксама быў дэпутатам Скарбовага Трыбунала ВКЛ і камісарам. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1678 года, ён разам з жонкай фінансаваў дзейнасць місіі езуітаў пры касцёле ў Дэмбраве.

Акрамя палітычных спраў, лідскую павятовую эліту звязвалі моцныя сяброўскія і сваяцкія адносіны. У тастаменце лідскага старасты Казіміра Яна Францкевіча-Радзімінскага ад 22 жніўня 1694 года Эльяш Міхал Рымвід разам з ушпальскім старастам Аляксандрам Нарушэвічам быў прызначаны апекуном яго ўдавы Аляксандры з Нарушэвічаў.

Уладанні Паводле падымнага рэестра Віленскага ваяводства 1690 года, Эльяш Міхал Рымвід як маршалак лідскі валодаў маёнткамі на 100 дымоў. Ён таксама трымаў Навадворскае староства, якое налічвала 114 дымоў у 1667 годзе і 92 дымы ў 1690 годзе. Быў старастам лаздзейскім (цяпер горад Лаздзіяй).

Разам з жонкай ён валодаў маёнткам Дэмбрава ў Лідскім павеце. У самой Лідзе Рымвід меў шляхецкі пляц, які размяшчаўся «ідучы з Рынка па вуліцы Каменка, па правай руцэ, праву шляхецкаму падлеглы». Гэты пляц раней належаў Крыштафу Багдзевічу, а потым яго сыну Мальхеру. Нашчадкі апошняга, Людвік і Казімір Багдзевічы, прадалі яго тады яшчэ падстарасту лідскаму Рымвіду за 80 коп грошаў. Гэтае набыццё было афіцыйна зацверджана 4 лютага 1678 года генерал-вазным Лідскага павета Янам Васілевічам.

Сям'я Быў жанаты з Крысцінай з Гружэўскіх, дачкой жмудскага падкаморыя Яна Гружэўскага. У яе было дванаццаць сясцёр і два браты. У шлюбе нарадзіўся сын Ян Рымвід, маршалковіч лідскі і старасціч навадворскі і лаздзейскі.

22 снежня 1702 года Ян спадкаваў пасля бацькі «двор у горадзе Лідзе на вуліцы, якая з Рынка на Каменку ідзе, з агароднікаміПаводле «Уставы на валокі» 1557 года, участак зямлі ў 3 моргі лічыўся агародам, і гэтую катэгорыю сялян пачалі называць агароднікамі. там жа жывучымі» і хутка прадаў яго наступнаму лідскаму маршалку Францішку Масевічу. Пасля гэтага звесткі пра род Рымвідаў у гістарычных дакументах знікаюць.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Маршалкі земскія лідскія Катэгорыя:Падкаморыя лідскія Катэгорыя:Суддзі гродскія лідскія Катэгорыя:Падстарасты лідскія Катэгорыя:Падстоліі лідскія Катэгорыя:Старосты навадворскія Катэгорыя:Памерлі ў 1696 годзе