«Партрэт Тэклі Ружы Флемінг з Радзівілаў» — партрэт князёўны Тэклі Ружы з Радзівілаў (1703—1747), дачкі Караля Станіслава Радзівіла і Ганны з Сангушкаў, напісаны ў 1720-я гады. Карціна паходзіць са збораў Нясвіжскага замка. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ( ЗЖ 131). Памер карціны — 144 × 131 см.
Праблемы атрыбуцыі Некаторымі даследчыкамі аўтарства партрэта прыпісваецца французскаму мастаку Луі дэ Сільвестру Малодшаму. Пры гэтым у фундаментальнай манаграфіі нямецкага мастацтвазнаўцы «Staatliche Kunstsammlungen Gemäldegalerie. Alte Meister die Gemälde des Louis de Sylvestre» гэтае палатно не згадваецца.
Што тычыцца асобы на партрэце, то частка даследчыкаў лічыць, што на ім адлюстравана другая жонка Якуба Генрыка Флемінга — Тэкла Ружа з Радзівілаў. Гэтая выснова грунтуецца на гравюры з Нясвіжскай партрэтнай галерэі («Icones…», 1758, табліца 70). У той жа час іншыя мастацтвазнаўцы прытрымліваюцца думкі, што на палатне можа быць намалявана першая жонка Флемінга — Францішка Ізабэла з Сапегаў. У нясвіжскіх інвентарах 1928 года карціна была памылкова запісана як выява «Сафіі з Сапегаў» пад № 232.
Гісторыя Да 1939 года палатно знаходзілася ў калекцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы і вісела ў пакоі на другім паверсе камяніцы. У інвентары замка 1857 года партрэт значыцца пад № 90, у інвентары 1883 года — таксама пад № 90. У вопісе маёмасці 1939 года карціна ўжо фігуруе пад № 141.
Пасля 1939 года, у сувязі з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР, партрэт разам з іншымі каштоўнасцямі Нясвіжскага замка быў перавезены ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР у Мінску. У 1944 годзе карціна была вывезена нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Германію. У 1947 годзе твор быў вернуты ў Мінск з Берліна.
З 1948 года палатно захоўвалася ў фондах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а з 1957 па 1968 год — у Дзяржаўным музеі БССР. Пасля 1968 года перададзена ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. У 1968—1972 гадах карціна была адрэстаўравана ў Маскве ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей рэстаўратарам Л. І. Яшкінай.
Апісанне На гэтым партрэце Тэкла Ружа прадстаўлена ў палацавым еўрапейскім касцюме пачатку XVIII стагоддзя. На ёй белая атласная сукенка са станікам на гарсэце з глыбокім дэкальтэ, аздобленым па краю вышыўкай . Ніжні край выраза дэкальтэ закладзены белымі празрыстымі карункамі, якія адцяняюць далікатную скуру. Шырокі да локця рукаў, аздоблены залатой вышыўкай, прыпадняты і сколаты залатой брошкай з вялікай жамчужынай і брыльянтамі. З-пад рукава сукенкі выступае пышны рукаў белай кашулі з карункавымі брыжыкамі. На правае плячо накінута цёмна-сіняя аксамітавая мантыя з узорыстай шаўковай падкладкай. Завітыя прыпудраныя валасы зачасаны ўверх і ззаду спускаюцца лаканамі. Два кароткія завітыя локны спускаюцца на лоб. Спадніца яшчэ не мае жорсткага каркаса.
Выстаўкі Карціна неаднаразова экспанавалася на розных мастацкіх выстаўках: «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (Мінск, 1982) «Партрэты з Нясвіжа і Гродна» (Каўнас, Яраслаўль, 1983) «Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР» (Мінск, 1985) «Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах» (Кракаў, 1991) «Мастацтва барока ў Беларусі» (Мінск, 1991) «Дзе Усход сустракаецца з Захадам» (Варшава, 1993)
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Карціны XVIII стагоддзя Катэгорыя:Карціны Луі дэ Сільвестра Катэгорыя:Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс Катэгорыя:Партрэты Катэгорыя:Радзівілы