Яго́р Алякса́ндравіч Марціно́віч (нар. 3 верасня 1988, Мінск) — беларускі журналіст, галоўны рэдактар выдання «Наша Ніва», палітычны зняволены.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і пісьменнікаў Алеся Марціновіча і Таццяны Мушынскай. Мае брата Дзяніса, гісторыка і журналіста. Скончыў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2006), факультэт журналістыкі БДУ (2011).
З 2009 года працуе ў газеце «Наша Ніва». З 1 сакавіка 2017 года яе галоўны рэдактарУ «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар.
Пры Марціновічу выданне зрабіла стаўку на інтэрнэт. З 1 ліпеня 2016 года «Наша Ніва» стала выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца развіццю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў дзвюх версіях (на беларускай і рускай мовах). У чэрвені 2018 года спыніўся рэгулярны выхад папяровай газеты, «Наша Ніва» існуе толькі ў электроннай форме як партал (у маі 2018 года яго наведалі 475 тысяч карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак)nashaniva.by.
Палітычны пераслед Са жніўня 2020 года доступ да сайта «Нашай Нівы» «nn.by» на тэрыторыі Беларусі быў заблакаваны з-за асвятлення парталам пратэстаў у Беларусі. 25 лістапада пасля трох месяцаў улады разблакавалі сайт «Нашай Нівы», першы з сотні забароненых рэсурсаў.
23 верасня 2020 года сілавікі зрабілі ператрус на кватэры Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі. Яго дапыталі ў Следчым камітэце, пасля чаго ён тры дні сядзеў у адзіночнай камеры. Акрамя таго, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненні да «Нашай Нівы».
8 ліпеня 2021 года ў памяшканні, дзе працавала рэдакцыя, а таксама ў кватэрах і дамах супрацоўнікаў «Нашай Нівы» адбыліся ператрусы. Былі затрыманыя Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько. Паводле інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара збівалі па затрыманні. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы».
У пачатку жніўня праваабаронца Андрэй Палуда расказаў са слоў Марціновіча, што яму «надзелі на галаву баксёрскі шлем і лупілі па галаве. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі ён хацеў выйсці з аднаго пакоя ў той пакой, дзе праходзіў ператрус, — яго білі. Ён робіць крок — яму ўдар. Яму было дрэнна — і хуткую дапамогу [спачатку] не хацелі пускаць да следчага [які яго дапытваў пасля ператрусу]»«Надзелі на галаву баксёрскі шлем і лупілі»: праваабаронца Андрэй Палуда распавёў, як збівалі Ягора Марціновіча.
З моманту затрымання даменнае імя стала недаступным, Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта па заяве Генеральнай пракуратуры, рэдакцыі так і не паведамілі, якія парушэнні знайшлі дзяржаўныя органы. Пасля разгрому ў Беларусі рэдакцыя «Нашай Нівы» з’ехала за мяжу і пачала працу пад новым даменным імем «nashaniva.com».
12 ліпеня 2021 года сумеснай заявай дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі зняволенымі.
Пазней Вольга Раковіч і Андрэй Дынько былі вызваленыя. Але Андрэй Скурко і Марціновіч засталіся за кратамі. 29 ліпеня 2021 года стала вядома, што ім выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была паводле тарыфаў для фізічных асоб, а трэба было плаціць паводле тарыфаў для юрыдычных асоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3500 BYN. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталасяУ «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар..
15 сакавіка 2022 года Скурко і Марціновіч атрымалі па два з паловай гады калоніі за нявыплату камунальных паслуг.
Узнагароды і прэміі Прэмія «Свабода прэсы» «Репарцёраў без межаў» (2015) Конкурс БАЖ «Вольнае слова» (2015, 2016, 2017).
Сям’я Жонка — журналістка Адар’я Гуштын.
Спасылкі Старонка Ягора Марціновіча на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»
Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся 3 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1988 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі